Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 чэрвеня 2016, 18:39

Лукашэнка расказаў аб экспартнай стратэгіі Беларусі

22 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Першачарговай задачай для Беларусі ў сферы развіцця экспарту айчыннай прадукцыі з'яўляецца выхад на новыя знешнія рынкі і ўзмацненне пазіцый на традыцыйных. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на V Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Знешнеэканамічная стратэгія Беларусі будзе накіравана на ўстанаўленне ўзаемавыгадных сувязей як на Усходзе, так і на Захадзе і Поўдні. Перш за ўсё нам неабходна максімальна выкарыстоўваць перавагі інтэграцыйных праектаў, створаных на постсавецкай прасторы па нашай ініцыятыве і пры самым актыўным удзеле, - Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці Незалежных Дзяржаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Пры ўсіх аб'ектыўных цяжкасцях, звязаных з сітуацыяй на гэтых рынках, мы павінны разумець, што замежным інвестарам мы цікавыя, і не ў апошнюю чаргу, дзякуючы таму што ў нас ёсць свабодны доступ да гэтых рынкаў. А гэта дзвесце пяцьдзясят мільёнаў чалавек. Таму нам ні ў якім разе нельга выходзіць з Еўразійскага рэгіёна і страчваць перавагі ў рабоце з нашымі бліжэйшымі суседзямі і саюзнікамі. Магчымасці для ўмацавання тут беларускіх пазіцый ёсць, імі трэба карыстацца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Развіццё экспарту Прэзідэнт назваў адным з прыярытэтаў, паколькі гэты фактар у значнай ступені ўплывае на дабрабыт усёй краіны. "Цяпер на першы план выходзіць такі аспект, як дыверсіфікацыя экспарту, асваенне новых рынкаў збыту тавараў і паслуг, - падкрэсліў беларускі лідар. - Першачарговая задача - выхад на новыя знешнія рынкі і ўзмацненне пазіцый на традыцыйных".

Прэзідэнт адзначыў, што першы год работы Еўразійскага эканамічнага саюза быў няпростым. Нягледзячы на гэта, у перыяд беларускага старшынства ў органах саюза зроблена нямала. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ёсць адчувальныя зрухі ў фарміраванні ўзгодненай прамысловай палітыкі, лібералізацыі рынку транспартных паслуг, развіцці экспарту, стварэнні агульнага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. Закладзены асновы фарміравання агульнага рынку нафты і газу. "Вядома, нам трэба яшчэ шмат зрабіць для зняцця ўсіх бар'ераў унутры саюза. У гэтым пяцігоддзі мы павінны дабіцца практычнай рэалізацыі дамоўленасцей, а таксама істотна рушыць наперад у ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў, што засталіся, ва ўзаемным гандлі", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Рэальна ацэньваючы патэнцыял традыцыйных рынкаў, мы прыходзім да высновы аб важнасці больш значнай прысутнасці беларускіх тавараў і паслуг у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы, - дадаў Прэзідэнт. - Асабліва складаная, але неабходная справа - пераарыентацыя экспарту з бліжэйшых рынкаў на краіны Азіі, Амерыкі, Афрыкі. Паколькі з краінамі "далёкай дугі" плануем прырост экспарту да 52 працэнтаў да цяперашняга ўзроўню".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі