Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка: рашэнне накіраваць кіраўніка МЗС у Брусель было прынята задоўга да саміту

Прэзідэнт 24.11.2017 | 17:19

24 лістапада, Буда-Кашалёва /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Рашэнне накіраваць у Брусель кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея было прынята задоўга да саміту "Усходняга партнёрства". Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам наконт узроўню прадстаўніцтва Беларусі на саміце, а таксама аб нібыта расійскім следзе ў гэтым пытанні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым пытанні канспіралогіі няма. Ніякіх расійскіх, амерыканскіх, украінскіх слядоў у гэтай тэме таксама няма, - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. - Як звычайна, паступіла асабістае запрашэнне на імя Прэзідэнта, як і раней на гэты саміт. Але вы ведаеце, як было ў мінулыя гады: запрашэнне на саміт на імя Лукашэнкі, але заўсёды на гэтыя саміты ездзіў міністр замежных спраў. Напэўна, не вельмі ўжо і хацелі бачыць мяне некаторыя асобы ў Еўрапейскім саюзе, але гэта справа ўжо мінулая. Усе мае міжнародныя паездкі, камандзіроўкі плануюцца на год наперад, і яны ўвязваюцца з унутранымі мерапрыемствамі".

"Калі мы планавалі гэта мерапрыемства, мы ведалі, што саміт адбудзецца ў канцы лістапада ў гэты дзень. Тады ніякіх запрашэнняў не было, і мы запланавалі туды візіт міністра замежных спраў, яшчэ за паўгода да саміту, можа, і раней. А ўжо бліжэй да саміту чамусьці раптам Еўрапейскі саюз пажадаў бачыць там Прэзідэнта Беларусі. Дзякуй ім за гэта, што яны нарэшце зразумелі, што без Беларусі не можа быць Еўропы. Дарэчы, міністр замежных спраў ФРГ так і сказаў: вы - цэнтр Еўропы, якая Еўропа без Беларусі", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы расказаў, што гэта паездка ў Гомельскую вобласць, у Буда-Кашалёўскі раён, была запланавана загадзя. Прычым яна тры разы адкладвалася. "Што, трэба было яшчэ раз адкласці?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

"Таму ніякай канспіралогіі, нічога тайнага тут няма, усё звычайна. Як было запланавана, так мы і зрабілі", - падкрэсліў яшчэ раз Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя, якая не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Прэзідэнт сказаў, што не было ніякіх прычын адхіліць кандыдатуру міністра для паездкі на саміт. "Гэта яго работа, і тое, што там адбываецца, яму пад сілу", - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў сваё меркаванне аб перспектывах у адносінах Беларусі з ЕС. Ён яшчэ раз спаслаўся на кіраўніка германскага МЗС, які публічна заявіў аб жаданні бачыць Беларусь як сувязнае звяно паміж Усходам і Захадам. "Гэта тое, што мы заўсёды гаварылі: у нас будуць нармальныя адносіны з Еўропай, таму што мы самі - сэрца Еўропы. Наша роля, наша будучыня - мы павінны быць сувязным звяном, калі Еўропа гэтага хоча, а, як бачым, еўрапейцы гэтага хочуць. Мы, калі ласка, да вашых паслуг. У нас ёсць свае інтарэсы, свой народ. Нашы інтарэсы не супярэчаць еўрапейскім, наш народ не з'яўляецца цяжарам для еўрапейцаў. Ён нікому ніколі ніякіх праблем не ствараў, і ніколі з тэрыторыі Беларусі не будуць зыходзіць праблемы для Еўропы", - запэўніў Прэзідэнт.

"Калі вы хочаце бачыць нас рэальным мостам паміж Усходам і Захадам, то нас трэба паважаць і трэба лічыцца з нашымі інтарэсамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, роля Беларусі як сувязнага звяна паміж Усходам і Захадам ужо відавочна хаця б на прыкладзе наладжаных праз яе чыгуначных транспартных зносін, пры дапамозе якіх тавары з Кітая перамяшчаюцца ў Еўропу.

"Вы бачылі, што я спакойна перажыў той перыяд, калі ў нас было шмат праблем з Еўропай. Нармальна, жывы і здаровы. Але я хачу, каб яшчэ і мой народ паважалі і лічыліся з нашымі інтарэсамі, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Еўропа гэта зразумела".

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь будзе развіваць еўрапейскі вектар узаемадзеяння. "Перадавыя тэхналогіі, якія нам патрэбны, у іх ёсць, мы ў іх зацікаўлены, мы бяром гэтыя тэхналогіі, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Нас цікавіць еўрапейскі рынак. Калі прадаваць туды беларускую прадукцыю (прадукцыю машынабудавання, мяса, малако) - пры ўмове яе запатрабаванасці гэта вельмі выгадна".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што гэтыя праекты павінны быць узаемавыгаднымі. Ён закрануў таксама і развіццё інвестыцыйнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў рамках Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка "Вялікі камень".-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Як прайсці тэхагляд Дзяржтэхагляд транспартных сродкаў (ТС) праводзіцца незалежна ад месца іх дзяржаўнай рэгістрацыі. На дыягнастычную станцыю аўтамабіль прадстаўляецца ў чыстым выглядзе.