Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
31 жніўня 2017, 12:13

Лукашэнка прыняў кіраўнікоў АПК з дакладам аб ходзе ўборачнай кампаніі

31 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, якія далажылі кіраўніку дзяржавы аб ходзе ўборачнай кампаніі, яе папярэдніх рэзультатах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У першую чаргу Прэзідэнт пацікавіўся вынікамі ўборкі збожжавых культур, якія адыгрываюць вельмі важную ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі ў цэлым. "Ці хопіць нам для таго, каб пракарміць народ, - гэта, зразумела, не абмяркоўваецца. У нас заўсёды хапала, ужо 20 гадоў запар, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Запасы: мы дамаўляліся, што амаль мільён тон мы возьмем у рэзерв. Няхай будзе збожжа. Гэта золата".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што збожжавыя з'яўляюцца асновай для забеспячэння кармамі ў жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі. "Зразумела, гэта перш за ўсё камбікармы. Таму мяне цікавяць у гэтым выпадку вынікі ўборкі і баланс па збожжавых", - сказаў ён.

Па-другое, Прэзідэнт пацікавіўся прагнозамі і сітуацыяй на ўборцы бульбы і кукурузы на зерне. "Гэта вялікія плошчы. Уборка не завершана пасля збожжа. Плады, агародніна... Ці хопіць нам гэтых культур для стварэння стабілізацыйных фондаў? - задаў пытанне беларускі лідар. - Каб народ мог заўсёды купіць і моркву, і буракі, і капусту, яблык і гэтак далей".

Яшчэ адна тэма даклада - нарыхтоўка травяністых кармоў. "Мы павінны завяршыць нарыхтоўку кармоў дастойна. Год добры для таго, каб нарыхтаваць травяністыя кармы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"І самае галоўнае - сяўба азімых", - дадаў Аляксандр Лукашэнка, пацікавіўшыся станам спраў у гэтым пытанні.

Як далажыў Леанід Заяц, па краіне засталося ўбраць толькі малы працэнт плошчаў збожжавых і зернебабовых культур. "Асноўнае збожжа сёння засталося ў Віцебскай вобласці - 73 тыс. га. З кожным днём тэмпы павялічваюцца. Сёння ўсе камбайны ў рабоце ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці. Чакаем добры ўзровень абмалоту збожжа", - сказаў ён.

Адзначана таксама, што з-за ўмоў надвор'я гэтым летам у паўночных раёнах яшчэ ёсць асобныя палі, дзе працэс паспявання культур зацягнуўся. Іх уборку пачнуць у бліжэйшыя дні.

Паводле слоў міністра, толькі ў грамадскім сектары намалочана амаль 7,4 млн т збожжа. А з улікам фермерскіх гаспадарак і ўборкі на асабістых падворках у насельніцтва ўраджай збожжавых у бягучым годзе складзе каля 8,1 млн т збожжа (без кукурузы). "Гэтага збожжа дастаткова, каб нарыхтаваць харчовыя запасы нашай краіны", - падкрэсліў Леанід Заяц.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі