Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 сакавіка 2018, 11:30

Аб ролі мастацтва, зорках шоу-бізнесу і "Еўрабачання" - Лукашэнка сустрэўся з таленавітай моладдзю

20 сакавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сёння сустрэчу з творчай моладдзю. Мерапрыемства праходзіла ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Лукашэнка адзначае высокую і адказную ролю прадстаўнікоў творчых прафесій у жыцці краіны

"Усё, што звязана з мастацтвам, заўсёды суб'ектыўна, а творчыя людзі чуллівыя і ранімыя. Таму часцей назіраю за вамі збоку і не спяшаюся даваць ацэнку. Але гэта не значыць, што не чакаю ад прадстаўнікоў творчых прафесій высокіх вынікаў. Ваша роля ў жыцці краіны высокая і адказная. Можа, нават больш, чым вы самі гэта ўсведамляеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, сённяшняе мерапрыемства - унікальная падзея, паколькі з маладымі творчымі людзьмі, асабліва ў фармаце адкрытай размовы, яму ўдаецца бачыцца нячаста. "І з боку можа паказацца, што культуры, у сувязі з гэтым і мастацтву дзяржава ўдзяляе менш увагі, чым іншым сферам дзейнасці. Адразу скажу, гэта не так. Зроблена для вас многае, а што датычыцца таго, каб чалавек мог тварыць, - для вас зроблена ўсё", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў моладзі ёсць, дзе праявіць сябе і прадэманстраваць свае здольнасці, створаны прэзідэнцкія фонды для падтрымкі самых адораных і таленавітых. "Астатняе - у вашых руках", - заўважыў ён.

"Сустрэчы з моладдзю для мяне вельмі каштоўныя. Яны даюць магчымасць убачыць будучае нашай дзяржавы. Вам яго ствараць, удасканальваць і ахоўваць. Вашымі памкненнямі, марамі і, упэўнены, добрымі справамі Беларусь будзе жыць заўтра, - заявіў Прэзідэнт. - Дзе б вы ні праявілі сябе - у літаратуры, акадэмічным мастацтве, кіно, на тэлебачанні, эстрадзе, у танцы - вы будзеце дарыць людзям настрой, эмацыянальна ўзбагачаць іх і, галоўнае, фарміраваць духоўны каркас нацыі".

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэта дастойны і адказны шлях - весці свет за сабой, узвышаючы душы і выхоўваючы ў людзях пачуццё прыгожага. "Важна не звярнуць на дарогу лёгкай славы і бяздумнага пераймання", - перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

Поспех - гэта не толькі лаўры і авацыі, але і вялікая сацыяльная адказнасць

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, ствараючы новую дзяржаву, у Беларусі стараліся захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі, каб дзяцей выхаваць на прыгожых прыкладах сапраўднага мастацтва. "Каб, выбіраючы творчую прафесію, яны разумелі: поспех - гэта не толькі лаўры, авацыі, папулярнасць, але і вялікая сацыяльная адказнасць. А сёння менавіта ад таго, як складзецца ваш творчы лёс, залежыць будучае краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У тэатры Прэзідэнт наведаў выстаўку - прэзентацыю работ і дасягненняў таленавітай моладзі. Паводле яго слоў, яна паказала эстэтычныя грані мастацтва. "Але ёсць і іншыя. На жаль, чалавек лягчэй успрымае негатыўную інфармацыю. Менавіта на гэтым часцей за ўсё робяць сабе імя пасрэдныя асобы. Паколькі гэта самы хуткі і просты спосаб звярнуць на сябе ўвагу. Таму ён такі спакуслівы і небяспечны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў сучасным грамадстве папулярныя або, прынамсі, набіраюць шмат праглядаў "хіты", якія складана аднесці да мастацтва. "Нават мне нязручна некаторыя рэчы тут паўтараць у гэтай аўдыторыі, тое, што мы бачым асабліва ў інтэрнэце. На жаль, вось гэтак мы літаральна за дваццаць з нечым гадоў перавярнулі ўсё грамадства і лічылі, што гэта лепш, гэта свабода. Вось атрымалі вынік. Таму для мяне вельмі каштоўная ваша творчасць, яна не такая", - прызнаўся Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ўсе дзяржавы і нацыі перыядычна праходзяць праз выпрабаванне так званай чарнухай. "Тэрмін непрыгожы, але такая яго сутнасць. Як гэта працуе, вы ў поўнай меры адчулі на сабе і ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, і цяпер па асобных напрамках, на жаль, лепш не стала. І менавіта з гэтай прымітыўнай "культуры" пачаўся распад моцнай дзяржавы", - звярнуўся да гісторыі кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прапаганда амаральнасці, скажэнне гісторыі, нецэнзурная лексіка, празмерны натуралізм сцэн лютасці і насілля ў літаратуры, кіно і драматургіі не былі вынаходствам таго часу. Песімістычнае, страшнае, шакіруючае мастацтва існавала заўсёды і часта разбурала цэлыя цывілізацыі знутры.

У Беларусі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, людзі самі ледзь не сталі сведкамі таго, як пагарда да мінулага, адмаўленне сучаснага і нявер'е ў будучае прыводзяць да самазнішчэння нацыі. "Былі страчаны ідэалы, пачуццё ўласнай годнасці, вера ў сябе, а з імі - сіла, незалежнасць, бяспека краіны, як унутраная, так і знешняя", - сказаў Прэзідэнт.

Каб пераламаць гэту сітуацыю, у Беларусі зрабілі ўсё для таго, каб захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі і выхаваць на ёй новыя пакаленні.

Трэба ўзняць статус гарадоў і вёсак, дзе нарадзіліся вядомыя дзеячы мастацтва Беларусі

"Трэба ўзнімаць нацыянальны здабытак, успамінаць тыя вялікія імёны. Галоўнае - успомніць аб сваім здабытку не толькі на словах, але і на справе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна ўзняць статус гарадоў і вёсак, дзе нарадзіліся вядомыя беларусы, прыцягнуць туды замежных паклоннікаў высокага мастацтва, паказаць ім вытокі вялікіх твораў, якія сталі сусветнымі, і падарыць людзям свята.

"Ад міністэрстваў культуры, інфармацыі, адукацыі, а таксама сродкаў масавай інфармацыі я чакаю канкрэтных праграм дзеянняў, якія паставяць кропку ў гэтай тэме, і больш не трэба будзе тлумачыць, як гэта важна для нас жа саміх - любіць свой народ і сваю краіну. Як гаворыцца, шчаслівы той, хто знайшоў скарбы ў сабе", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Дзяржструктуры не павінны заставацца ўбаку ад раскруткі маладых талентаў

"Разумею, што ў мастацтве і шоу-бізнесе настаў час менеджараў і прадзюсараў, якія запальваюць зоркі. Але дзяржаўныя структуры таксама не павінны заставацца ўбаку. Міністэрствам культуры, інфармацыі і адукацыі, а таксама тэлебачанню, радыё, друкаваным выданням трэба яшчэ актыўней далучацца да пошуку і раскруткі маладых талентаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад песенны конкурс "Еўрабачанне", пра які ў Беларусі шмат гавораць. "Гэта, вядома, папулярнае, прыгожае тэлешоу, і прадставіць Беларусь дастойна на ім важна. У нас жа ператварылі яго ў падзею стагоддзя, а тым часам нашы артысты оперы і балета, музыканты-віртуозы, народныя калектывы выступаюць на лепшых сусветных сцэнах. Замежная публіка іх ведае і цэніць. Але якія імёны шырока вядомы ў нашай краіне? І што мы зрабілі для гэтага?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

А ў Беларусі ж любяць класічнае мастацтва, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Праводзімыя ў краіне міжнародныя тэатральныя форумы, фестывалі зорак сусветнай оперы, балета, джазавыя канцэрты праходзяць з аншлагамі.

Асабліва важна, лічыць Прэзідэнт, пераламаць сітуацыю, звязаную з раскруткай маладых беларускіх талентаў, у Год малой радзімы. "Адораныя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё на сваёй зямлі. І калі самі пра сябе не паклапоцімся, ніхто іншы гэтага не зробіць. Жадаючых пакрытыкаваць нас дастаткова і за межамі краіны. Пакінем ім гэту забаву. Сябе пачнём больш паважаць, сваіх - цаніць", - заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Прыкладам павінны стаць культура і мастацтва. Тым больш беларусам ёсць чым ганарыцца, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "І дня не хопіць, калі станем успамінаць усіх геніяльных людзей, якіх падарыла свету Беларусь. Славу многіх з іх дзеляць з намі еўрапейскія і заакіянскія краіны. Але галоўнае, што вытокі майстэрства гэтых вялікіх асоб тут. Гэта яна - наша родная зямля - натхняе і дае сілы", - заявіў Прэзідэнт.

"Так, нашы ззяюць за мяжой, і мы, быццам бы, не ўсіх іх ведаем. Але трэба разумець, што, калі б яны не загарэліся тут, яны там не заззялі б і не ззялі. Таму не трэба забываць вось гэту сувязь, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Не дрэнна, што яны там ззяюць, дрэнна, што мы пра іх даведваемся адтуль, а не тут спачатку".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія артысты павінны быць вядомы і за мяжой. "Гэта твар нашай краіны, нашай Радзімы, нашай Беларусі. Ён павінен быць прыгожым. А прыгожым яго можаце зрабіць толькі вы", - сказаў ён.

Лукашэнка патрабуе ўдасканаліць сістэму выяўлення маладых талентаў у Беларусі

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што дзяржава здольна прадаставіць адораным маладым людзям, напрыклад, дарагія музычныя інструменты. "Важна вызначыць здольных, таленавітых людзей, якім трэба дапамагчы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Такая сістэма адбору ў мастацтве, спорце - самае складанае, дадаў ён. Прэзідэнт прызнаўся, што балее гэтай тэмай і запатрабаваў прымаць усе меры, каб не выпускаць з-пад увагі таленавітых маладых людзей і забяспечваць усім неабходным. "Гэта галоўнае", - перакананы ён. Такі першапачатковы штуршок патрэбны, каб чалавек паверыў у сябе і змог далей ісці па жыцці, рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ёсць усе інструменты для падтрымкі, у тым ліку фонды, куды дзяржава не шкадуе грошай.

Дзякуючы моладзі Беларусь павінна перастаць быць у сучаснай культуры terra incognita

"Я веру, што дзякуючы вашым пошукам і поспехам Беларусь перастане быць у сучаснай культуры terra incognita. Для гэтага трэба імкнуцца дарыць сваё мастацтва ўсяму свету, бо яно існуе па-за геаграфічнымі і палітычнымі межамі, яно інтэрнацыянальнае", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што перад маладымі талентамі адкрываецца шмат магчымасцей, і ў краіне толькі рады, калі прадстаўнікі беларускай творчай эліты знаходзяць прызнанне ў тым ліку і за мяжой. "Але вельмі сумна, калі разумееш, што нашым сучаснікам, каб праславіцца на Радзіме, трэба спачатку заявіць аб сваім поспеху за яе межамі. Чаму ж мы не ацэньваем па заслугах іх майстэрства да таго, як гэта зробіць замежная публіка? Гэта наша вялікая праблема. Карані яе, зноў падкрэслю, у набытым у 90-я гады памылковым пачуцці ўласнай непаўнацэннасці. Ёсць такая рыса ў нашага народа", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, менавіта такая пазіцыя кіруе тымі, хто да гэтага часу спрабуе сцвярджаць, што ўсё лепшае дзесьці там, за межамі нашых граніц. А побач яго не хочуць бачыць.

"У Беларусі ж створаны ўмовы для старту таленавітай моладзі. Захаваны школы прафесійнага майстэрства, у якіх паспяхова выкладаюць знакамітыя педагогі. Праводзяцца конкурсы і фестывалі. Штосьці, магчыма, і ўпусцілі. Хочацца зразумець, у чым мы з дзяржаўнай пазіцыі не дапрацавалі. Ці ўсё ж нешта не так з нашым самаўспрыманнем, паважаннем сябе як нацыі?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы часта становяцца пераможцамі міжнародных фестываляў, у краіне праводзіцца і шмат нацыянальных конкурсаў, у іх ліку тэлепраекты "Я спяваю", "Акадэмія талентаў", "Талент краіны".

"Але як толькі тэлевізар выключылі, дзе гэтыя таленты? Чаму іх не відаць цяпер? Чаму яны не гараць, як зоркі? Яны, калі і зоркі, толькі ў сваім успрыманні: самі сябе называюць зоркамі і ўсё, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Толькі адзінкі далей атрымліваюць развіццё. У чым справа?"

У Беларусі адновяць вытворчасць музычных інструментаў

"Што творчаму чалавеку трэба? Акрамя ўсяго іншага, патрэбны інструмент. Я заўважыў, што інструменты ў вас ёсць, прынамсі, у тых, хто дэманстраваў сваё майстэрства. У каго іх няма, віцэ-прэм'ер паабяцаў, што нават музычныя інструменты ў бліжэйшы час мы ўжо будзем вырабляць у Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што тое ж новае піяніна каштуе немалых грошай, а старыя ўжо выходзяць са строю. "Таму пастаўлена задача адрамантаваць усё старое і аднавіць вытворчасць, але на больш высокім узроўні, музычных інструментаў. Асабліва піяніна, якое ў нас некалі выпускалася", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка анансаваў серыю сваіх сустрэч з прадстаўнікамі моладзі

Прэзідэнт растлумачыў, што вырашыў сустрэцца з прадстаўнікамі таленавітай моладзі, таму што для яго каштоўныя класічная творчасць і мастацтва, якія займаюць важнае месца ў жыцці чалавека.

"Таму я пачынаю серыю сустрэч з моладдзю менавіта з вашага ўзроўню, з вашага таленту, з вашых ВНУ", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

***

У тэатры разгарнулася выстаўка-прэзентацыя работ і дасягненняў таленавітай моладзі. Экспазіцыя расказвае аб традыцыях і інавацыях у сучаснай культуры, знаёміць з візуальнымі і відовішчнымі, харэаграфічнымі і музычнымі мастацтвамі.

У сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прымалі ўдзел амаль 270 чалавек. У іх ліку студэнты рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікі вядучых творчых калектываў і маладыя творчыя работнікі.

Сярод удзельнікаў мерапрыемства - лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, удзельнікі творчых праектаў, рэспубліканскіх маладзёжных акцый.

У якасці дасягненняў маладых артыстаў можна адзначыць паспяховыя выступленні на XII маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў - удзельніц СНД, IV Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў, V Міжнародным фестывалі-конкурсе народна-песеннага мастацтва "Як на рэчцы было на Фантанцы", VI Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі", XXVI Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск", I Паўночным міжнародным музычным конкурсе.

На сустрэчу з кіраўніком дзяржавы таксама былі запрошаны педагогі, якія дабіліся выдатных вынікаў у рабоце з моладдзю. Іх вучні не раз станавіліся лаўрэатамі міжнародных конкурсаў, паспяхова займаюцца творчай і педагагічнай дзейнасцю ў сферы культуры.

Лукашэнка высока ацаніў дасягненні творчай моладзіЛукашэнка высока ацаніў дасягненні творчай моладзі
У Беларусі ў цэлым паспяхова рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка ў сферы культуры. Так, ажыццяўляецца сістэма мер, накіраваных на сацыяльную абарону і падтрымку таленавітай моладзі па розных напрамках.

Лукашэнка расказаў аб сваіх любімых відах мастацтваЛукашэнка расказаў аб сваіх любімых відах мастацтва
Паводле слоў Прэзідэнта, з вялікай колькасці відаў мастацтваў яму бліжэй за ўсё кіно і музыка. "Больш за ўсё люблю кіно", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка не выключае стварэння ў Беларусі міністэрства лічбавай эканомікіЛукашэнка не выключае стварэння ў Беларусі міністэрства лічбавай эканомікі
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прапановы аб стварэнні міністэрства лічбавай эканомікі яму паступаюць. "Хутчэй за ўсё, я такое рашэнне падтрымаю", - адзначыў ён.

Лукашэнка: спакойна стаўлюся да таго, што Беларусь на "Еўрабачанні" будзе прадстаўляць украінецЛукашэнка: спакойна стаўлюся да таго, што Беларусь на "Еўрабачанні" будзе прадстаўляць украінец
"Я ў гэтым ніякага страху не бачу, асабліва калі гэта рускі чалавек ці ўкраінец, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ж не забаронена? Не. За Беларусь можа выступаць украінец, рускі чалавек, і мы за кагосьці можам выступаць. Такое практыкуецца ў іншых краінах".

Лукашэнка: нагрузка ў школах не павінна быць роўная студэнцкайЛукашэнка: нагрузка ў школах не павінна быць роўная студэнцкай
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на праблеме празмернай нагрузкі школьнікаў. "Не трэба перагружаць дзяцей, не трэба іх рабіць у школе студэнтамі", - сказаў ён. На думку кіраўніка дзяржавы, у школах трэба выкладаць тое, што застанецца ў галаве пасля ўступлення ў дарослае самастойнае жыццё.

Лукашэнка расказаў, як праводзіць свой водпуск
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў яго не бывае выхадных, часткова і таму, што не мае намесніка.

Лукашэнка выказаў меркаванне, ці можа перспектыўная творчая ідэя стаць залогам для крэдыту ў банкуЛукашэнка выказаў меркаванне, ці можа перспектыўная творчая ідэя стаць залогам для крэдыту ў банку
"Я хацеў бы гэтага. Можна паспрабаваць, калі ў вас ёсць такая каштоўная ідэя, а перспектыўная ідэя прынясе заўтра грошы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І для банка гэта вельмі важна, каб менш было рызык".

Лукашэнка на сустрэчы з творчай моладдзю расказаў аб любімай музыцы
Кіраўнік дзяржавы падзяліўся, што з задавальненнем слухае песні, якія асацыіруюцца з яго малой радзімай.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі