Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 верасня 2017, 11:37

Лукашэнка: правядзенне ў Беларусі Еўрагульняў павінна яшчэ больш кансалідаваць нацыю

7 верасня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Правядзенне ў Беларусі Еўрапейскіх гульняў павінна яшчэ больш кансалідаваць нацыю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пашыраным пасяджэнні Выканкама НАК па пытанні правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Створаны аргкамітэт на чале з прэм'ер-міністрам, падкамітэты па ўсіх напрамках і Дырэкцыя Еўрапейскіх гульняў. Да нас прыязджаюць ужо розныя групы экспертаў, кансультанты для абмеркавання ўсіх дэталей, звязаных з падрыхтоўкай Еўрагульняў. Урад мяне рэгулярна інфармуе, што работа вядзецца і мы рухаемся ў правільным напрамку. Але мяне насцярожвае шэраг пытанняў, і перш за ўсё асноўнае - краіна Гульнямі яшчэ не жыве. Вымушае жадаць лепшага асвятленне ходу падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым напрамку, калі нашы грамадзяне пачнуць атрымліваць інфармацыю аб тым, як ідзе работа. Паколькі Еўрапейскія гульні - важная падзея, якая павінна надаць магутны ідэалагічны імпульс нашаму грамадству, яшчэ больш кансалідаваць нацыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь амаль год таму атрымала ганаровае права прыняць у 2019 годзе гэты спартыўны старт. Гэта была прапанова міжнароднай спартыўнай грамадскасці, якая высока ацаніла заслугі краіны ў развіцці спорту, а таксама правядзенне ў рэспубліцы спаборніцтваў і іншых міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які прызнаны лепшым за сваю гісторыю. "Ужо шмат гадоў у Беларусі ствараецца сучасная інфраструктура, і не толькі спартыўная. Да нас з задавальненнем прыязджаюць госці з усіх куткоў свету. Вялікае значэнне пры гэтым мае існуючая ў нашай краіне атмасфера стабільнасці, талерантнасці і, самае галоўнае, бяспекі. Усё гэта таксама было ўлічана", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь уважліва вывучыла прапановы Еўрапейскага алімпійскага камітэта, спрагназаваны будучыя расходы. "Як запэўніваў урад, яны будуць адносна невялікімі - 35-40 млн еўра. Мы вырашылі, што гатовы падставіць плячо еўрапейскай алімпійскай сям'і і правесці гэта мерапрыемства. З боку Еўрапейскага алімпійскага камітэта нам было абяцана ўсялякае садзейнічанне ў вырашэнні ўсіх пытанняў, а таксама рэсурсная і фінансавая дапамога. Гэта перш за ўсё для нас карысць, што Еўрапейскі алімпійскі камітэт прадаставіў нам права правядзення такога мерапрыемства", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што прайшло дастаткова часу, каб падвесці вынікі ўжо зробленага, абмеркаваць праблемы і намеціць задачы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на адставанне ў падрыхтоўцы спартыўнай інфраструктуры і іншых аб'ектаў. "Якія праблемы, напрыклад, перашкаджаюць увесці ў эксплуатацыю мінскі стадыён "Дынама" ў 2017 годзе, як гэта прадугледжана адпаведным рашэннем Прэзідэнта? Усе цудоўна разумеюць, што нам трэба яго яшчэ пратэсціраваць з пункту гледжання лёгкаатлетычных спаборніцтваў, адпрацаваць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў. Мне сёння ўрад уносіць прапанову перанесці на 31 снежня 2018 года тэрмін заканчэння рэканструкцыі спартыўна-стралковага комплексу ва Уруччы. Я нават не задаю пытанне, позна гэта ці не. Адказваю на ўсе пытанні адразу: ніякіх прапаноў на маё імя аб пераносе тэрмінаў быць не можа. Усё, як вырашылі, павінна быць зроблена ў тэрміны", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на пытаннях бяспекі: як паказвае міжнародная абстаноўка, сёння гэта адна з ключавых праблем. "Мы не павінны дапусціць і ценю сумнення ў надзейнасці Беларусі. Самае галоўнае тут - не самазаспакойвацца, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У нас хапае нядобразычліўцаў, якія паспрабуюць нас у гэтым плане пераканаць у адваротным. І не дай бог, мы дапусцім штосьці падобнае, што адбываецца ў нашых суседзяў у Заходняй Еўропе. Рабіць трэба ўсё вельмі акуратна. Галоўнае на Гульнях - спартыўныя спаборніцтвы і святочная атмасфера для нашых суграмадзян і асабліва гасцей. Яны павінны, атрымаўшы спрыяльныя, добрыя ўражанні аб краіне, аб сталіцы, з такімі ўражаннямі і вярнуцца дадому".

Прэзідэнт адзначыў, што падпісаны ўжо дагавор з ЕАК на правядзенне Гульняў. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, ці ўсё ў ім прадугледжана з пункту гледжання інтарэсаў краіны. "Ці вырашаны пытанні, пра якія мы дамаўляліся ў кастрычніку мінулага года? Ці няма падводных камянёў, якія заўтра будуць каштаваць нам мільёнаў?" - запытаў кіраўнік дзяржавы. - Прашу праінфармаваць, якія расходы ў нас чакаюцца, як яны палічаны і спланаваны. Ці ёсць у нас поўная яснасць адносна бюджэту Еўрапейскіх гульняў? Хацелася б пачуць, якая на сённяшні дзень сітуацыя з забеспячэннем тэлетрансляцый Гульняў. Якія мы прынялі на сябе абавязацельствы, якая нам будзе аказана дапамога ў гэтым пытанні з боку міжнародных арганізацый?"

Асаблівая ўвага была ўдзелена падрыхтоўцы нацыянальных каманд па відах спорту. "Спадзяюся, нам не давядзецца дома чырванець за выступленні беларусаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што цяпер у асобных відах спорту беларусы паказваюць непрымальныя рэзультаты. "Акрамя таго, ЕАК нам абяцаў, што Еўрапейскія гульні 2019 года будуць адборачнымі да Алімпіяды 2020 года ў Токіа. Што зроблена ў гэтым плане?" - задаў пытанне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад таго, як Беларусь правядзе Еўрапейскія гульні, якія спартыўныя вынікі пакажа, як прадставіць сябе Еўропе, на дзесяцігоддзі складзецца меркаванне пра краіну і яе народ. Таму ў пытанні арганізацыі гэтага буйнейшага спартыўнага форуму Еўропы дробязей няма і быць не можа. "Ад сустрэчы на граніцы, абслугоўвання ў гасцініцах, арганізацыі харчавання да афармлення горада - усё павінна быць на вышэйшым узроўні. Чакаю прамой, грунтоўнай размовы па ўсім спектры пытанняў падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Папрасіў бы без самасправаздач - мне трэба бачыць канкрэтную сітуацыю, яе ацэнку і вашы прапановы. У першую чаргу тыя, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні Прэзідэнта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі