Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка пратэсціраваў Tesla і даручыў распрацоўшчыкам беларускага электрамабіля імкнуцца да гэтага ўзроўню

Прэзідэнт 31.08.2017 | 15:43

31 жніўня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пратэсціраваў апошнюю мадэль электрамабіля Tesla і даручыў айчынным распрацоўшчыкам імкнуцца да гэтага ўзроўню, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Развіццю беларускага аўтамабілебудавання была прысвечана сённяшняя нарада ў кіраўніка дзяржавы, на якой прысутнічалі памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец, міністр прамысловасці Віталь Воўк, старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, а таксама непасрэдныя распрацоўшчыкі айчынных электракараў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўвесь свет сёння развівае напрамак электрамабіляў, у тым ліку Вялікабрытанія, Германія і ЗША. "Свет развіваецца ў гэтым напрамку. Амерыканцы стварылі супераўтамабіль. Малайцы! Tesla стварыла цудоўны аўтамабіль", - заўважыў Прэзідэнт.

Электрамабіль Tesla яму прадаставілі для тэсціравання, і кіраўнік дзяржавы вельмі высока ацаніў яго тэхнічныя характарыстыкі і дынаміку. "Скорасць набірае, што ўсе нашы нямецкія тэсціруемыя аўтамабілі на рухавіках унутранага згарання засталіся імгненна ззаду і дагнаць не змаглі. Стартуе ён, як касмічны карабель, і яшчэ мацней. За дзве з палавінай секунды - 100 км. Але мяне цікавіла, як ён трымае дарогу, - ідэальна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, гэты аўтамабіль айчынным распрацоўшчыкам можна выкарыстоўваць у якасці ўзору, да якога неабходна імкнуцца. Ён таксама адзначыў, што падрабязна азнаёміўся і з нядаўна створаным беларускім электракарам на базе Geely. "Я з ім уважліва азнаёміўся, паглядзеў усе вашы дэталі. Не ведаю, наколькі высокі ўзровень рухавіка, які вы стварылі, хадавая частка і гэтак далей, але выглядае прыстойна", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён падкрэсліў, што да ўзроўню Tesla яшчэ, вядома, далёка і неабходна далейшая тэхнічная работа ў гэтым напрамку.

"Але вашы абяцанні мяне натхняюць і, з іншага боку, насцярожваюць. Калі мы можам стварыць і батарэю - накапляльнік электраэнергіі - лепшую ў свеце, чаму не ствараем? Што для гэтага трэба? Людзі, грошы, кампетэнцыі? Неадкладна трэба гэта рэалізоўваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама даў некаторыя практычныя рэкамендацыі, зыходзячы са знаёмства з электрамабілем Tesla. "Батарэя - адзін з асноўных элементаў. Не трэба яе ўсоўваць у багажнік. Як вы ўбачылі, яе паклалі на дно ў Tesla, і яна, як я зразумеў, нават утрымлівае на высокай скорасці аўтамабіль, балансуе рух. Таму і нам гэтым шляхам трэба пайсці, - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. - Галоўнае - стварыць добры рухавік. Аснова ў вас ёсць. Таму мэта сённяшняй размовы - я вам паказаў аўтамабіль. Вывучце, паглядзіце. Гэта лепшае, што ёсць".

"Гэта будучае, мы не можам адстаць. Мы не можам пры нашых кампетэнцыях, пры такой навуцы плесціся ў хвасце, - падкрэсліў беларускі лідар. - Ніхто паслязаўтра, у бліжэйшым будучым не будзе купляць масава так, як гэта было раней, аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання. Параўнайце гэты аўтамабіль з тым, які мы стварылі, і імкніцеся да гэтага".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым цікавіцца навінкамі сусветнага аўтапрама, у тым ліку ў сферы электрычнага аўтамабілебудавання. "Гэта не першае маё знаёмства з такімі машынамі. Я ведаю, Mitsubishi стварылі ў свой час. Горшы, можа. Потым BMW - добры, хуткі, меншых памераў. І вось трэці аўтамабіль, які мне даводзіцца тэсціраваць. Я вам раскрываю ўсе свае карты: з даўніх часоў аўтамабілі - гэта маё хобі, я сачу за развіццём гэтай галіны", - прызнаўся Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, лінейка машын Geely з рухавікамі ўнутранага згарання - гэта толькі першая ступень. "Нам патрэбны электрамабіль. Можа, на тым заводзе, можа, асобна. Будзеце вы з амерыканцамі, з немцамі або з англічанамі яго ствараць - ваша справа. Вы павінны мне ў бліжэйшы час унесці прапановы", - даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што развіццё аўтамабілебудавання на электрычнай цязе супадае з будаўніцтвам у Беларусі АЭС, якая дасць магчымасць замясціць значныя аб'ёмы прыроднага газу і стварыць істотны прафіцыт электраэнергіі. "Сённяшні трэнд у свеце - гэта чыстыя тэхналогіі, чыстыя аўтамабілі, чыстыя рухомыя саставы, гэта замена вуглевадародаў на чыстае паліва. Электрычнасць якраз з'яўляецца такім палівам", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

З электракарам Tesla, які тэсціраваў кіраўнік дзяржавы, на тэрыторыі Палаца Незалежнасці змаглі азнаёміцца ўсе ўдзельнікі сустрэчы і ацаніць характарыстыкі мадэлі.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на неабходнасць развіцця іншых відаў электрычнага транспарту, у тым ліку веласіпедаў, матацыклаў і скутараў. "У нас гэта прадпрыемства ёсць. Вы можаце гэта ўжо рабіць, гэта трэба хутчэй запускаць. Для вёскі - адзін варыянт, для горада - іншы. Мы падумаем, як вас падтрымаць потым у вытворчасці, каб гэта было даступна для людзей. Трэба пераходзіць на электрычнасць. Мы ўжо спазняемся. Падключайце ўсіх і пачынайце працаваць, што не атрымліваецца - дакладвайце", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск