Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 чэрвеня 2018, 11:57

Лукашэнка прапануе Валагодскай вобласці распрацаваць сумесныя вытворчасці ў інтарэсах усёй Расіі

5 чэрвеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Валагодская вобласць могуць распрацаваць новыя сумесныя вытворчасці ў інтарэсах усёй Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Алегам Куўшыннікавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы гатовы разам працаваць, толькі так, каб і вы былі зацікаўлены ў гэтым. Думаю, у нас добры вопыт. Мы можам стварыць не толькі сумесныя прадпрыемствы, але і з нуля распрацаваць вытворчасці, якія патрэбны будуць не толькі на Валагодчыне, але ва ўсёй Расіі, у Беларусі. Таму вельмі добра, што вы прыехалі ў гэты час у Беларусь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь і Валагодская вобласць могуць рэалізаваць паспяховыя праекты як па вытворчасці тэхнікі, так і ў сельскай гаспадарцы. "Я інфармаваны аб зацікаўленасці Валагодчыны супрацоўнічаць з Беларуссю. Мне здаецца, што мы можам "склеіць" нешта добрае, асабліва на базе металургічнага завода, дзе мы ўжо сумесна вырабляем пэўную тэхніку. Ведаю аб вашых праектах, імкненні і жаданні выйсці на больш высокія рубяжы ў забеспячэнні прадуктамі харчавання", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Алег Куўшыннікаў расказаў, што яго рэгіён мае пакет прапаноў, якія абмяркоўваюцца з буйнейшымі беларускімі прадпрыемствамі. "Ідуць перагаворы. Мы рушылі наперад вельмі далёка па стварэнні праекта "Саюзны трактар". На сённяшні дзень у Валагодскай вобласці выпушчана больш як 6,5 тыс. сумесна вырабленых трактароў. Цяпер у Расіі кожны трэці колавы трактар вырабляецца менавіта ў Чарапаўцы, гэта сумеснае прадпрыемства", - звярнуў увагу губернатар.

Дэлегацыя Валагодскай вобласці наведвае Беларусь 4-6 чэрвеня. Напярэдадні адбылося пасяджэнне сумеснай камісіі па развіцці супрацоўніцтва, прадстаўнікі расійскага рэгіёна паспелі азнаёміцца з работай Мінскага трактарнага завода і лінейкай выпускаемай тэхнікі.

У планах у дэлегацыі Валагодскай вобласці таксама перагаворы з прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым, наведванне іншых прамысловых прадпрыемстваў, удзел у адкрыцці міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Белагра-2018" і канферэнцыі "Здаровыя гарады", што праводзіцца Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.

У студзені-сакавіку тавараабарот Беларусі з Валагодскай вобласцю перасягнуў $93 млн і павялічыўся на 11,1 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Беларусь пастаўляе ў гэты расійскі рэгіён трактары і седлавыя цягачы, малако і вяршкі, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, вадкакрышталічныя ўстройствы, лазеры, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў. Аснову імпарту складаюць пастаўкі плоскага пракату, змешаных мінеральных угнаенняў, труб, трубак і профіляў зварных або кляпаных з чорных металаў.

У Валагодскай вобласці створана зборачная вытворчасць беларускіх трактароў на базе Чарапавецкага ліцейна-механічнага завода, ёсць суб'ект тавараправоднай сеткі МТЗ, арганізавана шырокая дылерская сетка беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі