Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 ліпеня 2016, 16:55

Лукашэнка пракаменціраваў апошнія допінгавыя скандалы ў спорце

22 ліпеня, Магілёў /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў апошнія допінгавыя скандалы ў спорце. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння, размаўляючы з калектывам "Магілёўліфтмаша", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я катэгарычна падтрымліваю тых, хто змагаецца з гэтай заразай (допінгам. - Заўвага БЕЛТА). Нам гэта і па-дзяржаўнаму выгадна. Калі такі працэс не кантраляваць, мы заўсёды будзем у хвасце, таму што багатыя і магутныя дзяржавы знойдуць, што падсунуць спартсменам. Нават тое, што сёння не забаронена", - заявіў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з'яўляецца прыхільнікам таго, каб пакаранне было персаніфікаваным. "Калі знайшлі вінаватага, пакарайце яго. Але як жа можна адхіліць усю каманду ад галоўнага спартыўнага свята - Алімпіяды. Гэта ж спартсмен, яго жыццё!" - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама пракаменціраваў сітуацыю вакол беларускіх весляроў. "Я прынцыпова разбіраўся па нашых канаістах. 10 медалёў на апошнім чэмпіянаце свету ўзялі, і адразу да іх прэтэнзіі - 10 або 12 таблетак таго ж мілдранату ва ўрача, які нават не мае дачынення да каманды і які па рэцэпце прымаў гэтыя таблеткі. Што такое 10 таблетак - гэта нішто, калі нават іх ужываць. Узялі і выключылі ўсю каманду. Пачалі разбірацца, а фактаў жа няма", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што даручыў беларускім спартыўным чыноўнікам паехаць у Швейцарыю ў Міжнародны спартыўны арбітражны суд і непасрэдна там адстойваць правы беларускіх спартсменаў. "Абараняйце, калі яны не вінаваты. А калі вінаваты - адкажуць па поўнай, яшчэ і дабавім, за тое, што краіну ганьбяць", - сказаў Прэзідэнт.

"Гэтыя падыходы - агулам пакараць, нехта недзе сказаў, фактаў на руках няма і пачынаюць даймаць, б'юць па тых, хто ў перспектыве можа атрымаць медалі на Алімпіядзе, - сведчаць аб тым, што спорт даўно стаў вялікай палітыкай, нават становіцца нейкім тэатрам ваенных дзеянняў. Гэта няправільна", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што барацьба з допінгам неабходна, але ў гэтым працэсе патрэбны выключна сумленны падыход. "Думаю, што пасля Алімпіяды і такіх скандалаў, калі Міжнародны алімпійскі камітэт не разбярэцца з гэтым, будзе пастаўлена пытанне і адносна МАК. Навошта патрэбны такі камітэт, які мае паўнамоцтвы, але не можа навесці парадак", - выказаў Прэзідэнт сваё меркаванне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі