Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 чэрвеня 2018, 12:06

Лукашэнка: праект аграхолдынга "Купалаўскае" павінен стаць новым этапам у развіцці сельгасвытворчасці

22 чэрвеня, Шклоўскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Праект аграхолдынга "Купалаўскае" павінен стаць новым этапам у развіцці сферы сельгасвытворчасці Беларусі. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння ў Шклоўскім раёне, наведваючы арганізацыі, якія ўваходзяць у структуру холдынга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мэта адна - эфектыўная вытворчасць. У адваротным выпадку вы не выжывеце. Справа нават не ў тым, каб выжыць: мы сёння ўперліся ўжо ў нейкую нявызначанасць у сельскай гаспадарцы. Стаіць пытанне: як жыць далей, як рухацца далей, каб забяспечыць эфектыўную вытворчасць і выстаяць у канкурэнцыі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў свой час аналагічным этапам для сельгасвытворчасцей Беларусі было стварэнне прадпрыемстваў накшталт ААТ "Александрыйскае". З'явілася такая гаспадарка, што далей? Гэта сур'ёзнае пытанне, і тут, у "Купалаўскім", праваліць гэты праект мы не можам. Таму ўважліва падбірайце кіраўнікоў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт наведаў комплекс па адкорме БРЖ ЗАТ "Вялікія Славені". Кіраўнік дзяржавы дэталёва цікавіўся арганізацыяй работы як на гэтым сельгаспрадпрыемстве, так і ў холдынгу ў цэлым, паказчыкамі эфектыўнасці, тэхналагічнымі працэсамі, планамі па далейшым развіцці, пытаннямі закупак.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што паўсюдна неабходна браць на ўзбраенне лепшыя перадавыя тэхналогіі, арыентуючыся ў першую чаргу на эфектыўнасць. "Нам патрэбна эфектыўнасць - гэта галоўнае. Трэба арыентавацца на самыя перадавыя тэхналогіі, - сказаў ён. - Без тэхналогіі нават нічога рабіць не трэба. Канкурэнцыя вельмі жорсткая".

Прэзідэнт звярнуў увагу і на пытанні выканання працоўнай дысцыпліны, пачынаючы ад кіраўніка прадпрыемства і заканчваючы даяркай і механізатарам. У час абмеркавання работы аграсектара ў Магілёўскай вобласці міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц паведаміў, што рэсурсы ў арганізацый ёсць, але галоўная прычына невыканання намечаных планаў у тых ці іншых гаспадарках - гэта парушэнне тэхналогій вытворчасці сельгаспрадукцыі і нізкая выканальніцкая дысцыпліна.

"Вострая старая праблема. Тут трэба вызначацца. Майце на ўвазе, я папярэджваў у канцы мінулага года, гэта нецярпіма. Тэхналагічная дысцыпліна... Гэта невыкананне таго, што трэба рабіць людзям", - сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў персанальную адказнасць кіраўнікоў, у тым ліку высокага ўзроўню, за належную арганізацыю работы: "Шалёных грошай не будзе. Вам давядзецца ў "Купалаўскім" адпрацоўваць усе свае будоўлі".

Паводле слоў Прэзідэнта, у бліжэйшы час трэба дакладна вызначыцца з размеркаваннем у холдынгу фінансавых патокаў. "Гэта аснова любога кіравання", - падкрэсліў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што непасрэдныя арганізацыі - вытворцы прадукцыі не павінны быць пакрыўджаны, а сродкі неабходна размяркоўваць справядліва. "Дакладна вызначыцеся, якая тут будзе структура. І да канца года трэба зрабіць. Павінны быць дзелавыя, практычныя, настроеныя на перспектыву прафесійныя адносіны", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў на шэраг недапрацовак пры развіцці комплексу ў ЗАТ "Вялікія Славені". У першую чаргу гэта датычыцца знешняга выгляду і абстаноўкі ўнутры памяшканняў для ўтрымання БРЖ. "Зрабілі вельмі дрэнна", - рэзка адрэагаваў кіраўнік дзяржавы на асобныя хібы.

Ён параіў удзяліць увагу навядзенню глянцу, каб у патэнцыяльных інвестараў першапачаткова не складвалася адмоўнае меркаванне аб перспектывах магчымых капіталаўкладанняў. "Трэба наводзіць гэты глянец. Вы павінны працаваць, як працуе фермер, прыватнік. Гэта праект (холдынг "Купалаўскае". - Заўвага БЕЛТА) дзяржаўнай важнасці, мы яго павінны рэалізаваць. Мы ўцягваемся ў сур'ёзны праект. Работы ідуць вельмі марудна, бессістэмна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Больш дэталёва аб планах па развіцці холдынга размова ішла на нарадзе ў мясцовым сельвыканкаме з удзелам актыву раёна, кіраўніцтва вобласці і аграрнага сектара.

"Гэта новая перапрацоўка. Яна будзе сканцэнтравана, хутчэй за ўсё, у Копысі. Мы забяром гэты цэх, які я калісьці будаваў, па вытворчасці сыроў, таму што малака будзе дастаткова. Мы дабудуем малакаперапрацоўку - не толькі сыры, але і што-небудзь яшчэ, што на рынку будзе дорага каштаваць, і на гэта будзе попыт. Пабудуем невялікі мясакамбінат пад усё мяса, якое тут будзе, - гэта ялавічына, абавязкова свініна, - адновім комплекс, рэпрадуктар пабудуем (гэта вельмі хутка трэба рабіць). І, можа, нешта яшчэ. Але пакуль мяса, малакаперапрацоўка і свой гандаль. У Мінску магазін, у Магілёве, у Оршы, Шклове... Калі мы замкнём поўнасцю цыкл ад вытворчасці да продажаў, тады вы будзеце багатымі", - расказаў кіраўнік дзяржавы аб перспектывах.

"Я гавару гэта спакойна, таму што ўсіх працаваць мы прымусім, і пытанне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны знімецца само па сабе. Але не толькі прымушаць працаваць, - калі чалавек будзе бачыць, што ён зарабляе, што дзетак можа спакойна ў дзіцячы сад адвесці (яны там будуць накормлены за капейкі), ён шчасце не пойдзе шукаць за марамі", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што ў свой час мадэрнізацыю і развіццё вёскі шмат у чым апрабавалі на вопыце ААТ "Александрыйскае", таму што ён добра ведаў асаблівасці гэтай гаспадаркі і зямлі. "Цяпер там цудоўны комплекс. Адтуль усё пачыналася, і там мы гэта выпрабоўвалі. Сёння я думаю, што вось гэтыя залатыя землі (сельгаспрадпрыемстваў, якія ўваходзяць у холдынг "Купалаўскае". - Заўвага БЕЛТА), калі мы створым не проста гаспадарку, а холдынг, прыкладна як у "Александрыйскім" (шэсць гаспадарак дробных аб'ядналі), - гэта будзе новы этап", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але асаблівасць "Александрыйскага" і "Купалаўскага" ў тым, што сюды трэба прыцягнуць прыватны капітал. За кошт бюджэту мы гэта рабіць не будзем. Інвестара пакуль няма. Але мы павінны ўсё роўна рухацца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Хочаце, давайце ўвязвацца ў гэту бойку, давайце рухацца наперад. Няма праблем сёння накарміць народ, мы яго накармілі. Сёння пытанне, як прадаць".

Што датычыцца экспарту сельгаспрадукцыі, Прэзідэнт, у прыватнасці, упамянуў магчымасці, што адкрыліся, па экспарце ў Кітай ялавічыны, мяса птушкі і малака, паступова беларускія прадпрыемствы выходзяць і на рынкі краін Афрыкі, іншых рэгіёнаў свету.

Прэзідэнту ў час рабочай паездкі далажылі аб ходзе нарыхтоўкі кармоў у краіне і рэгіёне, уплыве ўмоў надвор'я і мерах па захаванні ўраджаю, пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У лістападзе 2016 года ў час адной з рабочых паездак у рэгіён Прэзідэнт даў даручэнне па стварэнні аграхолдынга - эфектыўнага інтэграванага аб'яднання з поўным цыклам вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі пры дапамозе сучасных тэхналогій на базе сельгасарганізацый Шклоўскага раёна. Холдынг "Купалаўскае" зарэгістраваны 4 ліпеня 2017 года. У яго склад уваходзяць ТАА "Купалаўскае" - кіруючая кампанія холдынга", ЗАТ "Вялікія Славені", ААТ "Амкадор-Шклоў" і ААТ "Новагарадзішчанскае".-0-

Фота Мікалая Пятрова

Сярэднюю зарплату ў аграсектары Беларусі за два гады неабходна давесці да Br1 тыс.Сярэднюю зарплату ў аграсектары Беларусі за два гады неабходна давесці да Br1 тыс.
"Думаю, што ў будучым годзе перад губернатарамі будзе стаяць задача - яны перш за ўсё за вёску адказваюць - не Br600, а Br800 (сярэдняй зарплаты ў аграсектары). І вы да гэтага рыхтуйцеся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка не выключае продажу сельгаспрадпрыемстваў прыватнікам, але на жалезных умовахЛукашэнка не выключае продажу сельгаспрадпрыемстваў прыватнікам, але на жалезных умовах
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за мінулыя пяцігодкі ўдалося выратаваць, аднавіць і развіць аграсектар у Беларусі, забяспечыць харчовую бяспеку краіны, стварыць аграгарадкі, забяспечыць неабходныя сацыяльныя ўмовы для жыцця людзей у вёсцы.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі