Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 чэрвеня 2018, 16:31

Лукашэнка патрабуе заканчваць з угаворамі і наводзіць жалезную дысцыпліну на прадпрыемствах

22 чэрвеня, Шклоўскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе заканчваць з угаворамі і наводзіць жалезную дысцыпліну на прадпрыемствах. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе ў Шклоўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў у якасці адной з праблем абазначыў дэфіцыт кадраў і спецыялістаў, а таксама нізкі ўзровень адказнасці. Ён выказаў меркаванне, што змяніць сітуацыю магло б не толькі павышэнне ўзроўню зарплаты, але і яе залежнасць ад канчатковага выніку. "Не толькі надаіць, але і прадаць высакаякаснае. Гэта патрабуе змянення свядомасці многіх спецыялістаў. Трэба паказваць, што можна і трэба зарабляць грошы. Тады вырысуецца і тэхналогія, і ўсё астатняе. Над кожным не паставіш наглядчыка, каб усё рабілі па тэхналогіі", - сказаў Генадзь Лаўранкоў.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі са сказаным звярнуў увагу, што тэхналогія - гэта дыктатура. "За выкананне тэхналогіі і атрыманне выніку плацяць зарплату. Наперад зарплату за выкананне тэхналогіі не даюць. За парушэнне тэхналогіі ў асобных краінах у турму саджаюць. Я ўжо не гавару аб тым, што ўласнік прадпрыемства трымаць гэтага чалавека не будзе ніводнага дня. Таму ўгаворы... Слухайце, мы не ў савецкі час жывём, калі збіраліся на пленуме і адзін аднаго ўгаворвалі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Так ва ўсім свеце. Але гэта павінна быць справядліва. Чалавека нельга зневажаць і прыцягваць да адказнасці ні за што. Гэта ўсе ведаюць. Але ў нас кіраўнікі не ўсе гэта разумеюць. Прыцягваць да адказнасці трэба па заслугах - дрэнную працу, невыкананне тэхналогій, не дай бог проціпраўныя дзеянні. Павінна быць жалезная дысцыпліна. Усё павінна быць выбудавана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці выконваецца яго даручэнне аб тым, каб пры звальненні за неадпаведнасць пасадзе або дысцыплінарныя правіннасці з кіруючых і адказных пасад чалавек не мог уладкавацца на аналагічную работу: "Ці не атрымліваецца так, што ён дзесьці кінуў заяву, пайшоў, а назаўтра працаўладкаваўся без вашага ведама? - спытаў кіраўнік дзяржавы. - Зрабіце так, каб ён, звольніўшыся, заўтра "ўзяў у рукі лапату" і максімум працаваў па спецыяльнасці. Калі настаўнік і здольны - ідзі ў школу працуй, калі ты ў РАНА або ў райвыканкаме не справіўся. Калі аграном - аграномам ідзі працуй".

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё павінна быць аб'ектыўна і сумленна. "Вызначыцеся ў кожнай гаспадарцы на кожным прадпрыемстве з тымі людзьмі, з кім вы будзеце працаваць, давядзіце да іх канкрэтную задачу. І скажыце, што вы ім будзеце плаціць, і чым вы дапаможаце ім наогул. Гэта вашы людзі. Вы за іх несяце адказнасць", - дадаў беларускі лідар.

У час нарады адбылася грунтоўная і дзелавая размова. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся работай прадпрыемстваў як раёна, так і вобласці ў цэлым. Размова ішла аб функцыянаванні раённых абслуговых арганізацый, сацыяльнай сферы, вырашэнні жыллёвых пытанняў, стварэнні высокаэфектыўных рабочых месц, сітуацыі на розных прадпрыемствах у сельскай гаспадарцы і АПК, будаўнічым комплексе, дрэваапрацоўцы, ільняной галіне, цэментнай вытворчасці. Пры гэтым асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы рабіў не на валавых паказчыках, а на эфектыўнасці і перспектывах вытворчасці ў той ці іншай галіне. "Зона адказнасці дзяржавы - гэта нармальныя сацыяльныя ўмовы для людзей. Усё астатняе - гэта вы - вытворчасць, бізнес. Вы павінны зарабляць, прадаваць, плаціць зарплату людзям, развіваць сваю вытворчасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнай работы з людзьмі ў калектывах: "Гэта датычыцца ўсёй краіны. Адміністрацыя Прэзідэнта павінна гэтым займацца. Людзям трэба даводзіць да іх усведамлення тую абстаноўку, якая складваецца. І гэта мы павінны рабіць усе, пачынаючы ад Прэзідэнта і заканчваючы старшынёй райвыканкама".

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі