Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 снежня 2016, 11:49

Лукашэнка патрабуе забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры прыняцці Мытнага кодэкса ЕАЭС

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры прыняцці Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў сёння на нарадзе па праекце дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь з'яўляецца экспартаарыентаванай краінай, але ў той жа час многае імпартуецца. "Мытны кодэкс - якраз той дакумент, які перш за ўсё рэгулюе гэтыя адносіны. Мы заўсёды гаворым, што экспарт для нас жыццёва важны. Ён прыносіць у краіну валюту і забяспечвае жыццё нашых людзей", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Таму гэты дакумент павінен быць абсалютна вывераным. І пасля яго ўступлення ў сілу ніводны грамадзянін Беларусі, і я ў тым ліку, не павінны задаць пытанне ўраду, які перш за ўсё выпрацоўваў і ўзгадняў гэты дакумент, што ж мы маем на самай справе і чаму недзе стала горш, чым было, - падкрэсліў беларускі лідар. - Якім бы Мытны кодэкс ні быў кампрамісным (не выключаю, што дзесьці магчымы кампрамісы), але пагаршаць тую сацыяльна-эканамічную сітуацыю, якая існуе ў Беларусі, нам ні ў якім выпадку нельга".

"Усё павінна быць прадумана, выверана ў міністэрствах, ведамствах, аблвыканкамах. Калі трэба, у гар-, райвыканкамах. Трэба прыцягнуць усіх спецыялістаў, аж да апазіцыйна мыслячых, як мы іх часта называем. Давесці да іх гэтыя палажэнні, да грамадзян нашай краіны. Неадкладна, каб яны маглі адрэагаваць і сказаць, што нам выгадна, а што не", - даручыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што дакумент, які разглядаецца, - вельмі сур'ёзны для краіны. "Я звяртаю такую ўвагу на новы Мытны кодэкс, таму што ў нас былі пытанні да той сістэмы, якая цяпер існуе па старым Мытным кодэксе. І я не раз цяперашняму прэм'ер-міністру задаваў пытанні, паколькі ён у нас быў кіраўніком перагаворнай групы ад Беларусі. Таму ўсё павінна быць улічана", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Адпаведны дакумент, паводле слоў Прэзідэнта, плануецца падпісаць на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да прыняцця ім рашэння ад Беларусі хацеў бы пачуць меркаванні адказных службовых асоб і асабліва тых, хто паставіць свой подпіс у якасці візы пад праектам дагавора. "А гэта ўсе члены ўрада і вышэйшыя службовыя асобы", - удакладніў ён.

"І ўсе адкажуць, дзе б хто потым ні працаваў, калі толькі ў выніку прымянення гэтага кодэкса на практыцы мы ўбачым нейкія недахопы, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Кожны нясе персанальную адказнасць. Гэта вельмі сур'ёзная рэч".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што амаль два гады эканоміка Беларусі функцыянуе ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. "Вынікі вядомы. Я ўжо не раз аб гэтым гаварыў. Спад тавараабароту ў саюзе - амаль 40 працэнтаў у мінулым годзе, у гэтым годзе - каля 15 працэнтаў. Вось вынік", - заўважыў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на эканамічныя магчымасці, якія адкрываюцца для Беларусі, краіна жыве ва ўмовах жорсткага глабальнага канкурэнтнага асяроддзя, і неабходна процістаяць выклікам і пагрозам, што ўзнікаюць. "Таму прыняцце Мытнага кодэкса з'яўляецца важным этапам развіцця і ўмацавання інтэграцыйных працэсаў. Але ў інтарэсах нашай краіны", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што ў лістападзе даваў даручэнне Адміністрацыі Прэзідэнта і Камітэту дзяржкантролю сумесна з экспертамі і вучонымі прапрацаваць новы Мытны кодэкс і прадставіць па ім заключэнні. "Цяпер неабходна даць аб'ектыўную яму ацэнку, узважыць усе "за" і "супраць". Падлічыць наступствы, а таксама магчымыя рызыкі ў сувязі з прыняццем гэтага дакумента. Нягледзячы на станоўчыя водзывы дзяржаўных органаў, навуковых арганізацый, у мяне ўзнікае шэраг пытанняў з пункту гледжання выканання ў прадстаўленым дакуменце нацыянальных інтарэсаў", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, пацікавіўся, ці ўлічаны ў новым кодэксе раней дасягнутыя інтэграцыйныя дамоўленасці, ці адпавядае дакумент геапалітычнай сітуацыі ў асноўных партнёраў па саюзе. "І, самае галоўнае, ці ўлічвае ён тыя памылкі, якія былі дапушчаны і якія непрымальныя для нас перш за ўсё з фінансавага пункту гледжання?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў далажыць, наколькі праект кодэкса будзе садзейнічаць развіццю інвестыцыйнага клімату, павышэнню транзітнай прывабнасці Беларусі, абароне айчынных вытворцаў, ці будзе забяспечана эканамічная бяспека краіны. "У рэшце рэшт, ці будзем мы прымаць рашэнні па гэтых эканамічных праблемах у Беларусі або за нас будзе нехта прымаць?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён нагадаў аб сітуацыі ў Еўрасаюзе, у адносінах да якога часта можна чуць крытыку, што тыя ці іншыя важныя для эканомікі рашэнні прымаюцца ў Бруселі, а самі краіны практычна нічога не вырашаюць. "І гэта хваля пайшла па Еўропе ўжо. Дык вось, каб мы не ператварыліся ў такіх пабочных наглядальнікаў у гэтым працэсе", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў пытанне, ці не з'яўляецца дачасным вынясенне асобных рашэнняў у сферы мытнага рэгулявання з нацыянальнага заканадаўства на наднацыянальны ўзровень.

"Як дакладвае ўрад, у ходзе перагаворнага працэсу Беларусі ўпершыню ўдалося дабіцца згоды краін ЕАЭС з нашай прапановай аб паэтапным зніжэнні норм бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі, - сказаў беларускі лідар. - Аднак у прадстаўленым праекце кодэкса, як мне дакладваюць, гэтыя дамоўленасці не замацаваны. Паўстае пытанне, якія гарантыі, што пасля падпісання дакумента бакі не зменяць сваю пазіцыю і будуць выконваць дасягнутыя пагадненні?"

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, што Беларусь атрымлівае ад увазных мытных пошлін у ЕАЭС з улікам змяненняў, якія адбыліся. "Калі мы нешта выйграём - добра, але калі прайграём, як я зразумеў з вашага даклада, тады навошта нам такі саюз?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра фінансаў Беларусі Уладзіміра Амарына.-0-

Лукашэнка строга раскрытыкаваў прэтэнзіі Данкверта да беларускіх прадуктаў харчаванняЛукашэнка строга раскрытыкаваў прэтэнзіі Данкверта да беларускіх прадуктаў харчавання
"У нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць, як гэта было нядаўна. Аказваецца, у яго кавалак мяса з Беларусі, або стакан малака, або кавалак хлеба засядае, прадукцыя не тая. І ўрад пры гэтым маўчыць", - сказаў Прэзідэнт.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі