Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 сакавіка 2018, 14:02

Лукашэнка патрабуе ад дзяржструктур не заставацца ўбаку ад раскруткі маладых талентаў

20 сакавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Дзяржаўныя структуры не павінны заставацца ўбаку ад раскруткі маладых талентаў. Такое патрабаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў сёння на сустрэчы з творчай моладдзю, якая праходзіць у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Разумею, што ў мастацтве і шоу-бізнесе настаў час менеджараў і прадзюсараў, якія запальваюць зоркі. Але дзяржаўныя структуры таксама не павінны заставацца ўбаку. Міністэрствам культуры, інфармацыі і адукацыі, а таксама тэлебачанню, радыё, друкаваным выданням трэба яшчэ актыўней далучацца да пошуку і раскруткі маладых талентаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад песенны конкурс "Еўрабачанне", пра які ў Беларусі шмат гавораць. "Гэта, вядома, папулярнае, прыгожае тэлешоу, і прадставіць Беларусь дастойна на ім важна. У нас жа ператварылі яго ў падзею стагоддзя, а тым часам нашы артысты оперы і балета, музыканты-віртуозы, народныя калектывы выступаюць на лепшых сусветных сцэнах. Замежная публіка іх ведае і цэніць. Але якія імёны шырока вядомы ў нашай краіне? І што мы зрабілі для гэтага?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

А ў Беларусі ж любяць класічнае мастацтва, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Праводзімыя ў краіне міжнародныя тэатральныя форумы, фестывалі зорак сусветнай оперы, балета, джазавыя канцэрты праходзяць з аншлагамі.

Асабліва важна, лічыць Прэзідэнт, пераламаць сітуацыю, звязаную з раскруткай маладых беларускіх талентаў, у Год малой радзімы. "Адораныя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё на сваёй зямлі. І калі самі пра сябе не паклапоцімся, ніхто іншы гэтага не зробіць. Жадаючых пакрытыкаваць нас дастаткова і за межамі краіны. Пакінем ім гэту забаву. Сябе пачнём больш паважаць, сваіх - цаніць", - заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Прыкладам павінны стаць культура і мастацтва. Тым больш беларусам ёсць чым ганарыцца, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "І дня не хопіць, калі станем успамінаць усіх геніяльных людзей, якіх падарыла свету Беларусь. Славу многіх з іх дзеляць з намі еўрапейскія і заакіянскія краіны. Але галоўнае, што вытокі майстэрства гэтых вялікіх асоб тут. Гэта яна - наша родная зямля - натхняе і дае сілы", - заявіў Прэзідэнт.

"Так, нашы ззяюць за мяжой, і мы, быццам бы, не ўсіх іх ведаем. Але трэба разумець, што, калі б яны не загарэліся тут, яны там не заззялі б і не ззялі. Таму не трэба забываць вось гэту сувязь, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Не дрэнна, што яны там ззяюць, дрэнна, што мы пра іх даведваемся адтуль, а не тут спачатку".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія артысты павінны быць вядомы і за мяжой. "Гэта твар нашай краіны, нашай Радзімы, нашай Беларусі. Ён павінен быць прыгожым. А прыгожым яго можаце зрабіць толькі вы", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі