Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 красавіка 2018, 11:34

Лукашэнка папярэдзіў прадпрыемствы аб сур'ёзнай адказнасці за захаванасць сельгастэхнікі

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемствы нясуць сур'ёзную адказнасць за захаванасць сельгастэхнікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, заслухоўваючы даклад адказных асоб па пытаннях выканання проціпажарнай дысцыпліны і забеспячэння захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адзначыў, што нарада праводзіцца ў плане кантролю за выкананнем раней дадзеных ім даручэнняў розным органам улады.

"Інфармацыя, якая да мяне даходзіць, сведчыць аб тым, што належная работа па забеспячэнні захаванасці і ўкамплектаванасці машынна-трактарнага парку да гэтага часу не наладжана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ўдзяляе пільную ўвагу гэтым пытанням. "Калі б гэту сельгастэхніку - трактары, аўтамабільную і прычапную тэхніку - калектыўныя прадпрыемствы і іншыя занятыя ў сельскай гаспадарцы куплялі за свой кроўны рубель, калі ласка - можаце мяне крытыкаваць, нават гаварыць аб тым, што гэта не мая справа і няма чаго ўмешвацца. Але калі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ўсіх форм уласнасці ідуць з працягнутай рукой у бюджэт і просяць субсідыі, датацыі і крэдыты, прытым ільготныя, і за кошт гэтага набываюць тэхніку і праводзяць іншыя мерапрыемствы, тады будзьце ласкавы дастаць і пакласці на стол сваю актыўнасць па захаванасці гэтай тэхнікі", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Яшчэ раз падкрэсліваю: будзеце ажыццяўляць гэтыя мерапрыемствы за свой кошт - мы забудзем, што вы ёсць. Але пакуль вы адной нагой тут, другой - на зямлі, на глебе, адказнасць будзе самая сур'ёзная", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнтам было дадзена даручэнне да 15 красавіка разабрацца з фактамі безгаспадарчасці самым строгім чынам, аж да ўзбуджэння крымінальных спраў. "Як выкананы мае даручэнні? Я хачу, каб не забывалі, што парадак на мехдвары - гэта паказчык жалезнай дысцыпліны, выканання тэхналогій, бяспекі работнікаў. А ў цэлым гэта важнейшы элемент эканомікі вёскі, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Калі тэхніку губяць на працягу двух гадоў, а павінна эксплуатавацца дваццаць гадоў, то можаце ўявіць, колькі трэба грошай для яе абнаўлення і замены. І гэта ёсць сабекошт затрат пры вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі".

Асобна на нарадзе закрануты пытанні проціпажарнай бяспекі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне сітуацыя складваецца не лепшым чынам. Толькі з пачатку года адбылося больш за 160 пажараў у арганізацыях рэспублікі. "Я ўжо не гавару пра жылы фонд, дзе колькасць пажараў набліжаецца да адзнакі 1,6 тыс. Не дай бог атрымаць нешта блізкае да Кемерава. Маё патрабаванне вы ведаеце, паўтару яшчэ раз: праверыць усе аб'екты і ўстараніць усе існуючыя парушэнні, прытым самым строгім чынам, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Два міністры няхай даложаць, як яны ўзварухнулі краіну, каб мы не спачывалі на лаўрах або не самазаспакоіліся".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як сёння ідуць справы з рэальнай проціпажарнай абстаноўкай у краіне, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, з захаванасцю і падрыхтоўкай сельгастэхнікі і адказнасцю службовых асоб за выяўленыя факты безгаспадарчасці і якія меры прымае ўрад па абазначаных напрамках.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі