Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 кастрычніка 2019, 16:43

Лукашэнка назваў прыярытэты эканамічнага супрацоўніцтва з Украінай

4 кастрычніка, Жытомір /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Жытоміры назваў прыярытэты эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Безумоўна, Украіна - адзін з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Толькі за мінулы год мы павялічылі тавараабарот амаль на чвэрць, але гэта далёка не мяжа нашых магчымасцей. Агульная гісторыя і суседства прадвызначылі прыярытэты ў тым ліку ў эканамічнай сферы. Гэта, перш за ўсё, паліўна-энергетычны, аграпрамысловы комплексы, прамысловая кааперацыя, транспартна-лагістычная сфера", - пералічыў асноўныя напрамкі супрацоўніцтва Прэзідэнт.

Беларусь гатова весці перагаворы аб павелічэнні паставак нафтапрадуктаў для ўкраінскіх прадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што і ў далейшым трэба падтрымліваць сумесныя праекты ў гэтай галіне. "Мы не ўтойваем тое, што мы сёння прапрацоўваем альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з сусветных рынкаў. Большая частка перагавораў была прысвечана гэтай тэме. Мы дамовіліся, што мы не проста будзем прапрацоўваць варыянты, а будзем ужо непасрэдна дзейнічаць. Гэта цалкам натуральна, не накіравана супраць нейкіх іншых краін. Гэта наша неабходнасць, калі хочаце - цяперашняя бяспека дзвюх дзяржаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сур'ёзныя перадумовы для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, паводле слоў Прэзідэнта, стварае адкрыццё ўкраінскага рынку электраэнергіі. Беларускі бок ужо заключыў некалькі камерцыйных кантрактаў на яе пастаўкі ва Украіну. "З запускам Беларускай АЭС у 2020 годзе нам будзе вельмі цікавы вопыт работы ўкраінскай атамнай энергетыкі", - заявіў ён.

Вялікія перспектывы Аляксандр Лукашэнка бачыць у машынабудаванні, сумесным развіцці транспартных артэрый. "Геаграфічнае становішча нашых краін адкрывае добрыя магчымасці для лагістычнай сферы. Транзітную прывабнасць Украіны і Беларусі могуць узмацніць рачное суднаходства па Дняпры, Прыпяці, яго інтэграцыя ў міжнародны водны шлях Е40", - звярнуў увагу кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што гандаль - гэта дарога з двухбаковым рухам. Беларусь у сваю чаргу імпартуе ўкраінскі метал, сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю, кармавыя дабаўкі, лякарствы і шмат іншага.

"Шматмільярдны тавараабарот паміж дзвюма краінамі фарміруецца менавіта на месцах. Гэтым тлумачыцца наша пільная ўвага да развіцця міжрэгіянальных кантактаў", - растлумачыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што ў Нікалаеве і Нежыне арганізавана зборка трактароў МТЗ і камбайнаў "Гомсельмаш", у Луцку і Дняпры - тралейбусаў "Белкамунмаш" і МАЗ, у Вышгарадзе - ліфтаў "Магілёўліфтмаш", у Чаркасах - аўтатэхнікі МАЗ. У Кіеўскай вобласці функцыянуе буйны гандлёва-лагістычны комплекс групы кампаній "Санта". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, можна прывесці яшчэ шмат прыкладаў рэальнага эканамічнага супрацоўніцтва, у якое ўключаны рэгіёны.

Кіраўнікі дзяржаў у час перагавораў пацвердзілі сваю зацікаўленасць у стварэнні сумесных вытворчасцей. "Сфера інтарэсаў велізарная, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - Мы прапануем нашым украінскім сябрам, братам: давайце мы прыйдзем да вас з той тэхнікай, вытворчасцю, якой мы займаемся даўно, у тым ліку ў адной дзяржаве, і стваралі разам з вамі. Усе рэспублікі Савецкага Саюза ўносілі ўклад у стварэнне самалётабудавання ва Украіне, а трактарабудавання, машынабудавання - у Беларусі. Давайце сёння ствараць гэтыя сумесныя прадпрыемствы".

У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў ракетабудаванне, якому ў Беларусі сёння ўдзяляюць асаблівую ўвагу. "У вас гэта школа ёсць. Вы нам дапамажыце. Мы не за пяць гадоў асвоім гэту праграму, а за паўтара-два, - падкрэсліў ён. - А мы прыйдзем з прадуктам, таварам і тэхналогіямі да вас і будзем развіваць тое, што ніколі ў вас не развівалася, але вельмі Украіне патрэбна". На думку кіраўніка дзяржавы, калі Беларусь і Украіна змогуць стварыць прадукт сусветнага ўзроўню, то ў краіны хутчэй будуць прыходзіць інвестыцыі, і яны самі змогуць дапамагаць іншым.

"Дыялогавая пляцоўка форуму пацвердзіла сваю эфектыўнасць. Мы бачым важкі ўклад абласцей Беларусі і Украіны ў вырашэнне задач па павелічэнні аб'ёмаў гандлю", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Магчыма, адзначыў Прэзідэнт, гэты форум варта праводзіць не раз у два гады, а штогод. Такую прапанову падтрымліваюць і ва Украіне. Бакі дамовіліся абмеркаваць гэта пытанне і прыняць адпаведнае рашэнне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі