Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 верасня 2019, 14:21

Лукашэнка назваў Брэсцкую вобласць узорам стабільнага развіцця

6 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць Брэсцкую вобласць узорам стабільнага развіцця. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на свяце ў гонар 1000-годдзя Брэста, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння Брэстчына ўяўляе сабой узор стабільнага развіцця: ад эфектыўнага земляробства да найвышэйшых тэхналогій. Я нярэдка прыводжу ў прыклад нашы заходнія рэгіёны. З вялікім задавальненнем бываю тут, няхай і не так часта, як хацелася б", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што з Брэсцкай вобласцю ў яго звязаны асаблівыя ўспаміны - служба ў пагранічных войсках. "Служба, якая стала выдатнай школай жыцця, навучыла любіць і абараняць вас, мой народ, і абараняць нашу Радзіму, - падкрэсліў ён. - І вось нават сёння падумаў аб тым, што я прыехаў дамоў. Тут прайшла, бадай, самая цяжкая частка майго жыцця, але самая важная - без гэтага перыяду, без маёй службы на апошнім метры нашай Айчыны я наўрад ці сёння стаяў бы ў гэтай ролі на гэтай сцэне".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што Брэст і сёння адкрывае вароты ў Беларусь - прыгожую, моцную, міралюбівую краіну, якая заўсёды сардэчна прымае гасцей. "Менавіта нам з вамі - сучаснаму пакаленню беларусаў - выпаў гонар святкаваць гэты вялікі юбілей. Мы рыхтаваліся да яго ўсёй краінай. І сёння горад сустракае свой міленіум абноўленым, яшчэ больш добраўпарадкаваным і прыгожым. Мы з вамі сёння зрабілі крок у другое тысячагоддзе, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Я звяртаюся да ўсіх, хто тут нарадзіўся, і ўсіх, для каго Брэст стаў другой радзімай. Вы сапраўды асаблівыя, у поўнай меры валодаеце нашымі нацыянальнымі рысамі: таленавітыя, добрасардэчныя, гасцінныя і, асабліва, працавітыя, але яшчэ больш прадпрымальныя і патрыятычныя".

Прэзідэнт адзначыў, што за мінулую тысячу гадоў у летапіс Брэста ўпісана нямала гераічных старонак. "Вам ствараць гісторыю будучыні. У юбілейны год вы паказалі сваю сапраўдную любоў да роднага горада не на словах, а на справе. Яна ва ўтульнасці, прыгажосці, якую вы стварылі за апошнія тры гады, у шчырым імкненні ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне вуліц, паркаў, двароў", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да жыхароў абласнога цэнтра.

Ён пажадаў ім захаваць унікальную атмасферу Брэста, імкненне да прагрэсу, уменне працаваць на карысць свайго горада і ўсёй Беларусі, а таксама перадаць гэтыя каштоўнасці сваім дзецям, навучыць іх гэтак жа любіць малую радзіму і зберагчы лепшыя традыцыі на многія стагоддзі наперад. "І няхай анёл-ахоўнік (помнік Тысячагоддзя Брэста. - Заўвага БЕЛТА), якога вы падарылі гораду ў гонар такога цудоўнага юбілею, абараняе мінулае, сучаснае, будучае. Ахоўвае кожнага з нас", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паднёс у падарунак гораду экзэмпляр Брэсцкай Бібліі, надрукаванай тут амаль паўтысячагоддзя таму. "У Год малой радзімы гэта вечна жывая кніга вяртаецца дадому. Нашы продкі лічылі, што горад, у якім выдавалася Біблія, знаходзіцца пад асобай аховай нябёс. Яго ніколі не змогуць знішчыць ні час, ні людзі", - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі