Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 лютага 2018, 14:50

Лукашэнка назначыў Мікалая Латышонка памочнікам па агульных пытаннях

6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Мікалая Латышонка памочнікам Прэзідэнта па агульных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мікалай Латышонак добра знаёмы з тым, што яму трэба рабіць на новай пасадзе, паколькі на мінулай сваёй рабоце знаходзіўся ў цесным кантакце з памочнікамі Прэзідэнта. "Памочнік па агульных пытаннях - гэта пытанні "ад зямлі да неба", усе пытанні, якімі займаецца Прэзідэнт", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць узаемадзеяння з памочнікамі Прэзідэнта ў рэгіёнах. Сабраная ад іх інфармацыя павінна дакладвацца кіраўніку дзяржавы ў аператыўным парадку. Больш таго, трэба будзе часткова займацца і арганізацыйнымі пытаннямі, хоць гэты напрамак і замацаваны за асобнымі службовымі асобамі.

"Пытанні, якія датычацца Прэзідэнта - кантакты з іншымі ведамствамі, памочнікамі, намеснікамі кіраўніка Адміністрацыі, - павінны абмяркоўвацца, "варыцца ў катле" непасрэдна ў кіраўніка Адміністрацыі. Перш чым нейкія пытанні на ўзровень Прэзідэнта выносіць, іх трэба прапрацаваць, абмеркаваць. Гэта трэба рабіць у кіраўніка Адміністрацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Мікалай Леанідавіч Латышонак нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Забор'е Мёрскага раёна. Пасля тэрміновай службы ва Узброеных Сілах СССР ён паступіў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча, якое скончыў у 1988 годзе. У 2011-м атрымаў дыплом Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

З 1988 па 1993 год праходзіў службу ва ўзброеных сілах на тэрыторыі Казахстана, а затым да 1995 года ў пагранічных войсках Беларусі.

У 1995 годзе ён перайшоў у Службу бяспекі Прэзідэнта Беларусі, дзе прайшоў шлях ад старшага афіцэра да начальніка ўпраўлення асабістай аховы. Са жніўня 2017 года - у запасе.

Узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме", медалямі "За бездакорную службу" I, II, III ступеней.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі