Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 кастрычніка 2019, 13:20

Лукашэнка напярэдадні афіцыйнага візіту даў інтэрв'ю буйнейшаму інфармагенцтву Казахстана

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні свайго афіцыйнага візіту ў Казахстан даў інтэрв'ю інфармагенцтву "Хабар", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Аляксандр Рыгоравіч вельмі цікавы субяседнік. У размове ён падкупляе сваёй шчырасцю. Для палітыка гэта наогул не характэрна, а ў яго гэта нешта прыроджанае. Гэтым ён умее моцна карыстацца. Я думаю, што, калі нават нейкі апанент з ім пачынае спрачацца, праз некаторы час становіцца яго прыхільнікам. Настолькі ён шчыра і пераканаўча можа расказваць. Таму размова адбылася вельмі жывая, цікавая, пазнавальная", - падзяліўся ўражаннямі старшыня праўлення агенцтва Ерлан Бекхожын.

Ён расказаў, што задаваў Прэзідэнту пытанні аб праблемах Еўразійскага эканамічнага саюза, далейшым развіцці двухбаковых адносін Казахстана і Беларусі. Былі пытанні і асабістага характару. "Відэа па сацсетках паступае. Вось апошняе было, дзе ён збіраў бульбу. Усе пытаюцца, што ён робіць з гэтым ураджаем. І ён расказаў, што на самай справе не толькі бульба, але ёсць і кавуны, і малако... Гэта ўсё будзе для казахстанскага гледача вельмі цікава", - адзначыў інтэрв'юер.

"Хабар" - буйнейшае інфармацыйнае агенцтва Казахстана, якое складаецца з чатырох каналаў: "Хабар", нацыянальны спадарожнікавы тэлеканал "KazakhTV", кругласутачны інфармацыйны тэлеканал "Хабар 24" і кінаканал "Ел Арна". Мовамі вяшчання з'яўляюцца казахская, руская і англійская. Ахоп тэлеаўдыторыі Казахстана - 99 працэнтаў.

Нацыянальнае тэлевізійнае інфармацыйнае агенцтва "Хабар" утварылася ў 1995 годзе на базе інфармацыйнай службы Казахскага тэлебачання.

Як паведамлялася БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка 24-25 кастрычніка наведае Казахстан з афіцыйным візітам. Кіраўнік дзяржавы правядзе ў Нур-Султане перагаворы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым.

Лідары краін на сустрэчы ў вузкім і шырокім складах абмяркуюць развіццё міждзяржаўных адносін з акцэнтам на пашырэнне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Прэзідэнты разгледзяць перспектывы пашырэння прамысловай кааперацыі, нарошчвання супрацоўніцтва ў розных галінах эканомікі, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, транспарце і лагістыцы, нафтахімічным комплексе, сферы высокіх тэхналогій.

Бакі таксама абмяркуюць супрацоўніцтва ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў і на міжнародных пляцоўках, рэгіянальны і сусветны парадак дня. Па выніках перагавораў будзе падпісаны пакет двухбаковых пагадненняў.

У гэтыя ж дні ў Нур-Султане адбудзецца казахстанска-беларускі бізнес-форум. У сталіцы Казахстана запланавана таксама адкрыццё новага комплексу будынкаў беларускай дыпмісіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі