12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам ва Узбекістан. Самалёт беларускага лідара вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Ташкенце кіраўнік беларускай дзяржавы правядзе перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, якія пройдуць у вузкім фармаце і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Чакаецца, што бакі асноўную ўвагу ўдзеляць пашырэнню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіццю вытворчай кааперацыі і арганізацыі зборачных прадпрыемстваў па выпуску запатрабаванай ва Узбекістане тэхнікі. На перагаворах таксама будзе абмяркоўвацца ўмацаванне ўзаемадзеяння па шэрагу напрамкаў - ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да гуманітарнай сферы і турызму. Размова пойдзе і аб развіцці рэгіянальнага супрацоўніцтва як эфектыўнага інструмента нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязей. Плануецца, што прэзідэнты абмяняюцца меркаваннямі па актуальных пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.
Па выніках перагавораў чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў аб пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах і галінах.
Паралельна з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Ташкенце пройдзе беларуска-ўзбекскі форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Чакаецца, што ў час яго будзе заключаны шэраг камерцыйных кантрактаў паміж прадпрыемствамі і бізнес-коламі абедзвюх краін, дасягнуты дамоўленасці на ўзроўні кіраўніцтва рэгіёнаў дзвюх дзяржаў. У сталіцы Узбекістана таксама будзе арганізавана маштабная выстаўка беларускіх вытворцаў Made in Belarus. Тэматычныя экспазіцыі раскажуць аб развіцці ў Беларусі такіх галін, як машынабудаванне і транспарт, хімія і нафтахімія, будаўніцтва і дрэваапрацоўка, сельская гаспадарка і харчаванне, ахова здароўя і фармацэўтыка, лёгкая прамысловасць, навука і тэхналогіі, адукацыя, спорт і турызм.-0-