Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 верасня 2017, 21:25

Пачаўся афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Індыю

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Рэспубліку Індыя. Самалёт кіраўніка дзяржавы прызямліўся на авіябазе ВПС Індыі Палам побач з міжнародным аэрапортам імя Індзіры Гандзі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раней уся тэрыторыя гэтага аэрапорта выкарыстоўвалася ваеннымі і была часткай авіябазы. Цяпер яна выкарыстоўваецца для цырыманіяльных сустрэч высокіх гасцей замежных дзяржаў. На яе тэрыторыі таксама знаходзіцца музей ВПС Індыі.

Чакаецца, што раніцай 12 верасня на тэрыторыі прэзідэнцкага палаца "Раштрапаці-Бхаван" адбудзецца цырымонія сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі Прэзідэнтам Індыі Рамам Натхам Кавіндам і прэм'ер-міністрам Нарэндрам Модзі.

Затым беларускі лідар наведае мемарыял "Радж Гхат", дзе ўскладзе вянок да манумента Махатмы Гандзі - індыйскага палітычнага і грамадскага дзеяча.

Пасля завяршэння цырыманіяльнай часткі стартуе асноўная палітычная і дзелавая частка візіту - сустрэчы і перагаворы з шэрагам афіцыйных асоб. У іх ліку міністр замежных спраў Індыі Сушма Сварадж і віцэ-прэзідэнт Венкая Найду.

У рэзідэнцыі ўрада Індыі для прыёму замежных гасцей высокага ўзроўню "Хайдарабад хаус" пройдуць перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з Нарэндрам Модзі. Лідары краін спачатку разгледзяць двухбаковы парадак дня ў вузкім складзе, а затым у пашыраным з удзелам членаў афіцыйных дэлегацый. Будзе абмяркоўвацца развіццё беларуска-індыйскага супрацоўніцтва, галоўным чынам у гандлёва-эканамічнай, палітычнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, турызме.

Плануецца абмеркаваць і ўзаемадзеянне Беларусі і Індыі ў фармаце еўразійскай інтэграцыі, новыя магчымасці для інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Бакі таксама абмяняюцца поглядамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Па выніках перагавораў, як чакаецца, адбудзецца абмен падпісанымі двухбаковымі дакументамі.

У другой палове дня адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Індыі Рамам Натхам Кавіндам, у ходзе якой будуць яшчэ раз актуалізаваны пытанні развіцця беларуска-індыйскіх адносін.

Як паведамлялася, напярэдадні прыезду кіраўніка дзяржавы ў сталіцы Індыі адбыўся бізнес-форум. У Нью-Дэлі прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе членаў урада, галіновых міністраў, кіраўнікоў канцэрнаў і розных ведамстваў, кіраўнікоў і спецыялістаў шэрага беларускіх прадпрыемстваў і кампаній.

Індыйскім бізнесменам прэзентавалі дзелавы клімат і інвестыцыйныя магчымасці Беларусі, расказалі аб перспектывах прасоўвання тавараў на рынкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза і ЕС.

Прадстаўнікі беларускіх ведамстваў і бізнесмены правялі плённыя перагаворы, у ходзе якіх дасягнуты шэраг дамоўленасцей па развіцці супрацоўніцтва. Заключаны адпаведныя пагадненні і мемарандумы. Яны датычацца як гандлёвых адносін, так і стварэння сумесных прадпрыемстваў, узаемадзеяння ў фармацэўтычнай галіне, прамысловасці, інвестыцыях, медыцыне, турызме. Актыўныя бізнес-кантакты ў Нью-Дэлі прадаўжаліся практычна да позняга вечара, таму не выключана, што падагульняючы напрацаваны партфель дагавораў і пагадненняў будзе значна шырэйшы.

На парадку дня таксама супрацоўніцтва краін у нафтагазавай галіне, сферах адукацыі і навукі, сельскай гаспадаркі і па шэрагу іншых напрамкаў.

Штогадовы беларуска-індыйскі тавараабарот з 2014 па 2016 год знаходзіўся на адзнацы каля $400 млн з дадатным для Беларусі сальда. Па выніках студзеня-ліпеня 2017 года ён склаў $228,5 млн. Каля двух гадоў таму ставілася задача дасягнуць узроўню двухбаковага тавараабароту ў памеры $1 млрд. Цяпер бакі актыўна працуюць над яе рэалізацыяй. "Некалькі гадоў таму была распрацавана і зацверджана дарожная карта, пачынаючы ад супрацоўніцтва ў галіне горназдабыўной прамысловасці да развіцця міжрэгіянальных сувязей. Праведзена работа, вызначаны партнёры з двух бакоў. І сёння мы можам гаварыць пра канкрэтныя вынікі і перспектыўныя праекты, якія будуць рэалізаваны ў бліжэйшы час і створаць аснову нашага далейшага паступальнага гандлёва-эканамічнага развіцця", - адзначае пасол Беларусі ў Індыі Віталь Прыма.

Знамянальна, што кіраўнік беларускай дзяржавы з практычна роўнымі прамежкамі часу ўжо двойчы наведваў Індыю з візітамі - у верасні 1997-га і красавіку 2007 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі