Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 чэрвеня 2018, 11:07

Лукашэнка: мы не супраць прыватызацыі, але яна не павінна быць абвальнай або шокавай

7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія ўлады не супраць прыватызацыі, але яна не павінна быць абвальнай або шокавай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Аланам Пію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вы ведаеце нашы падыходы да прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, аб'ектаў. Я не думаю, што мае погляды на прыватызацыю маюць нейкі асаблівы характар і вельмі ўжо адрозніваюцца ад тых падыходаў, якія прапаведуе Еўрапейскі банк. Мы абсалютна не супраць працэсаў прыватызацыі, гэта цалкам натуральная норма. Але мы зыходзім з таго, як, напэўна, і ўсе разважлівыя людзі, што, калі дзяржава не можа кіраваць нейкімі актывамі, калі дзяржаве не да гэтых актываў, трэба аддаць іх эфектыўнаму ўласніку. Мы з гэтага зыходзім, і гэта галоўнае. Мы супраць абвальнай і шокавай прыватызацыі. Гэта сутнасць нашага падыходу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што аб'екты, якія належаць дзяржаве, ствараліся ўсім народам, асабліва ў былыя часы. "І ўзяць росчыркам пяра, агулам іх прадаць за бясцэнак - гэта значыць парадзіць несправядлівасць, узбударажыць народ, які выкажа сваё нездавальненне, як гэта ў суседніх рэспубліках былога Савецкага Саюза. Таму мы хочам, каб прыватызацыя не была нейкай сферай напружання ў грамадстве. Гэта галоўнае", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што перадача дзяржуласнасці прыватным інвестарам павінна прыносіць карысць краіне. Яе вынікам павінны стаць добрая заработная плата для работнікаў прыватызаваных прадпрыемстваў, стварэнне новых рабочых месцаў і рэгулярныя паступленні ў бюджэт дзяржавы.

У цэлым Прэзідэнт высока ацаніў супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. "Я бачу вельмі вялікія перспектывы. Мы шмат чаму навучыліся ў вас, па вашых рэкамендацыях. Я вам удзячны за тыя, асабліва інфраструктурныя праекты, якія мы рэалізуем разам з вамі", - сказаў ён.

За час супрацоўніцтва з Беларуссю ЕБРР інвесціраваў у эканоміку краіны амаль 2 млрд еўра. У 2017 годзе аб'ём інвестыцый склаў 163 млн еўра. "Гэта добрыя аб'ёмы. Я так разумею, што мы для Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця з'яўляемся прымальнымі партнёрамі, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Мяне асабліва радуе тое, што банк зрабіў пэўную перанастройку нашых адносін, цікавіцца нашым дзяржаўным сектарам і, самае галоўнае, згодны пашыраць супрацоўніцтва на дзяржаўны сектар эканомікі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі