Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 сакавіка 2018, 13:49

Лукашэнка моладзі: поспех - гэта не толькі лаўры і авацыі, але і вялікая сацыяльная адказнасць

20 сакавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Поспех - гэта не толькі лаўры і авацыі, але і вялікая сацыяльная адказнасць. Такое меркаванне выказаў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з творчай моладдзю, што праходзіць у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, ствараючы новую дзяржаву, у Беларусі стараліся захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі, каб дзяцей выхаваць на прыгожых прыкладах сапраўднага мастацтва. "Каб, выбіраючы творчую прафесію, яны разумелі: поспех - гэта не толькі лаўры, авацыі, папулярнасць, але і вялікая сацыяльная адказнасць. А сёння менавіта ад таго, як складзецца ваш творчы лёс, залежыць будучае краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У тэатры Прэзідэнт наведаў выстаўку - прэзентацыю работ і дасягненняў таленавітай моладзі. Паводле яго слоў, яна паказала эстэтычныя грані мастацтва. "Але ёсць і іншыя. На жаль, чалавек лягчэй успрымае негатыўную інфармацыю. Менавіта на гэтым часцей за ўсё робяць сабе імя пасрэдныя асобы. Паколькі гэта самы хуткі і просты спосаб звярнуць на сябе ўвагу. Таму ён такі спакуслівы і небяспечны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў сучасным грамадстве папулярныя або, прынамсі, набіраюць шмат праглядаў "хіты", якія складана аднесці да мастацтва. "Нават мне нязручна некаторыя рэчы тут паўтараць у гэтай аўдыторыі, тое, што мы бачым асабліва ў інтэрнэце. На жаль, вось гэтак мы літаральна за дваццаць з нечым гадоў перавярнулі ўсё грамадства і лічылі, што гэта лепш, гэта свабода. Вось атрымалі вынік. Таму для мяне вельмі каштоўная ваша творчасць, яна не такая", - прызнаўся Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ўсе дзяржавы і нацыі перыядычна праходзяць праз выпрабаванне так званай чарнухай. "Тэрмін непрыгожы, але такая яго сутнасць. Як гэта працуе, вы ў поўнай меры адчулі на сабе і ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, і цяпер па асобных напрамках, на жаль, лепш не стала. І менавіта з гэтай прымітыўнай "культуры" пачаўся распад моцнай дзяржавы", - звярнуўся да гісторыі кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прапаганда амаральнасці, скажэнне гісторыі, нецэнзурная лексіка, празмерны натуралізм сцэн лютасці і насілля ў літаратуры, кіно і драматургіі не былі вынаходствам таго часу. Песімістычнае, страшнае, шакіруючае мастацтва існавала заўсёды і часта разбурала цэлыя цывілізацыі знутры.

У Беларусі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, людзі самі ледзь не сталі сведкамі таго, як пагарда да мінулага, адмаўленне сучаснага і нявер'е ў будучае прыводзяць да самазнішчэння нацыі. "Былі страчаны ідэалы, пачуццё ўласнай годнасці, вера ў сябе, а з імі - сіла, незалежнасць, бяспека краіны, як унутраная, так і знешняя", - сказаў Прэзідэнт.

Каб пераламаць гэту сітуацыю, у Беларусі зрабілі ўсё для таго, каб захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі і выхаваць на ёй новыя пакаленні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі