Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 чэрвеня 2017, 13:44

Лукашэнка: мэтай Беларусі і В'етнама на бліжэйшыя год-два стане тавараабарот $0,5 млрд

27 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Мэтай Беларусі і В'етнама на бліжэйшыя год-два стане дасягненне тавараабароту $0,5 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння па выніках перагавораў з Прэзідэнтам В'етнама Чан Дай Куангам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Эфектыўная рэалізацыя пераваг зоны свабоднага гандлю паміж В'етнамам і Беларуссю як краінай - удзельніцай Еўразійскага эканамічнага саюза стварае дадатковыя магчымасці для дынамічнага нарошчвання тавараабароту. Сёння мы дамовіліся, што нашай мэтай у бліжэйшыя год-два стане тавараабарот $0,5 млрд", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў наяўнасць дадатнай дынамікі ў эканамічным узаемадзеянні. У прыватнасці, пашыраюцца пастаўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі, кандытарскіх вырабаў, мышынакамплектаў. "Аснову нашага супрацоўніцтва складаюць прамысловая кааперацыя, рэалізацыя інфраструктурных і аграрных праектаў, разведка і здабыча карысных выкапняў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівая ўвага ў ходзе перагавораў была ўдзелена стварэнню ў В'етнаме сумеснай вытворчасці тэхнікі МАЗ, пастаўкам беларускіх самазвалаў і трактароў. Разгледжаны таксама пытанні ўвозу ў Беларусь в'етнамскіх тавараў.

Паводле слоў Прэзідэнта, інтарэсам абодвух бакоў адпавядае ажыццяўленне сумесных праграм як на тэрыторыі В'етнама, так і ў Беларусі. У бліжэйшай перспектыве гэта дасць магчымасць прасоўваць прадукцыю ў краіны - удзельніцы Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі і ЕАЭС. "Таму чакаем ад беларуска-в'етнамскага бізнес-форуму выніковых перагавораў і ўзаемавыгадных доўгатэрміновых кантрактаў. Нам неабходна і далей стымуляваць падтрыманне ўстойлівых дзелавых сувязей, у тым ліку па лініі гандлёва-прамысловых палат, асацыяцый, аб'яднанняў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што набірае абароты і міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне Беларусі і В'етнама як аднаго з важных складнікаў усяго комплексу адносін.

Пазітыўным фактарам з'яўляецца таксама падтрыманне двухбаковых кантактаў у гуманітарнай сферы, якія збліжаюць народы дзвюх краін. У 2017 годзе адбыліся Дні культуры ў В'етнаме, а ў наступным годзе аналагічнае мерапрыемства правядзе ў Беларусі в'етнамскі бок.

У цэлым на перагаворах прэзідэнтаў быў дэталёва абмеркаваны ўвесь спектр беларуска-в'етнамскіх адносін і перспектывы іх вываду на больш высокі ўзровень. "Беларусь разглядае В'етнам як аднаго з ключавых партнёраў у Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта пацвярджае шматгадовае супрацоўніцтва, узаемаразуменне і дружба нашых народаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што па большасці важных пытанняў міжнароднага парадку дня падыходы Беларусі і В'етнама супадаюць. Рэгулярна ажыццяўляецца парламенцкі дыялог, абмен дэлегацыямі на ўрадавым і рэгіянальным узроўнях.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падпісаны па выніках перагавораў пакет дакументаў, уключаючы сумесную заяву прэзідэнтаў, нацэлены на ўмацаванне ўзаемавыгаднага партнёрства ў самых розных галінах. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што дасягнутыя дамоўленасці паслужаць магутным дадатковым імпульсам для развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі