Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 студзеня 2017, 12:23

Лукашэнка: лепшыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах

26 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Лепшыя навуковыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і педагагічным работнікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы з вучонымі асаблівую ўвагу ўдзяліў нявырашаным пытанням, якія існуюць у галіне. "Некаторыя з іх сапраўды насцярожваюць", - заўважыў Прэзідэнт. На яго думку, далёка не заўсёды запатрабаваны эканомікай спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць саіскальнікаў вучоных ступеней. Гэта відавочная недапрацоўка ўсіх, хто ажыццяўляе планаванне ў гэтай галіне.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, зроблена, вядома, шмат. Але разам з тым так і не ўдалося дабіцца, каб усе даследаванні як па тэхнічных і прыродазнаўчанавуковых, так і па гуманітарных дысцыплінах мелі прыкладную значнасць.

"Вучоных неабходна нацэльваць на самыя запатрабаваныя тэмы і напрамкі. Лепшыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах, - заявіў Прэзідэнт. - І па гэтым пытанні мною прынята вычарпальнае, радыкальнае рашэнне, і яно залежыць толькі ад вас".

"Ніхто сёння ў краіне не можа адмовіцца ад асваення або ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў. І калі гэтага ўкаранення няма, значыць, вінаваты кіраўнік Акадэміі навук і ўсе інстытуты, міністр адукацыі, людзі, якія курыруюць гэты напрамак ва ўрадзе. Вінаватыя толькі яны. Не маюць права работнікі вытворчасці адмовіцца ад перспектыўных распрацовак. Перспектыўныя ці не, вырашае фактычна кіраўнік Акадэміі навук, і ён нясе за гэта адказнасць. Таму гэта пытанне вырашана раз і назаўсёды, і вы, вучоныя, яго больш не ўзнімайце перада мною. Ёсць спецыялісты, якія ацэняць перспектыўнасць распрацовак", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У ліку іншых вострых праблем Аляксандр Лукашэнка назваў нежаданне таленавітай моладзі будаваць кар'еру ў даследчай сферы. "Паглядзіце, у нас шэраг перспектыўных галін патрабуе актыўнага развіцця. Атамная энергетыка, касмічная і біятэхналагічная галіны - тут шырокае поле дзейнасці для здольных маладых людзей. Я называю новыя галіны, а колькі старых, якім можна даць новае дыханне", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама задаў рытарычнае пытанне: "Ці можам мы сёння задаволіць здаровыя навуковыя амбіцыі таленавітай моладзі і прадаставіць для работы патрэбныя ўмовы?"

На думку Прэзідэнта, у навуковай галіне існуе яшчэ нямала задач, якія трэба вырашыць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі