Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 жніўня 2017, 16:07

Лукашэнка крытыкуе ўрад за неаптымізаваную структуру прафадукацыі

24 жніўня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Урадам не прыняты належныя меры для аптымізацыі структуры падрыхтоўкі кадраў па ўзроўнях прафесійнай адукацыі і пад патрэбнасці эканомікі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Рэспубліканскім педагагічным савеце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Лічу, што ўрадам не прыняты належныя меры для аптымізацыі структуры падрыхтоўкі кадраў па ўзроўнях прафесійнай адукацыі і пад патрэбнасці эканомікі. Не выбудавана адпаведным чынам і прафарыентацыйная работа з моладдзю. Паўтараю, асноўная задача прафесійнай адукацыі - фарміраванне кадравага патэнцыялу работнікаў для эканомікі краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь заўсёды ганарылася сістэмай прафесійнай падрыхтоўкі моладзі. "Я ёю ганаруся і цяпер. На адным з пасяджэнняў кіраўнікоў дзяржаў СНД узнялі пытанні прафтэхадукацыі з канстатацыяй засмучальных фактаў. Некаторыя звярнуліся да Расіі - дапамажыце падрыхтаваць па рабочых спецыяльнасцях у прафтэхвучылішчах. На што Пуцін сказаў, што, на жаль, мы разбурылі прафтэхадукацыю, - заявіў Прэзідэнт. - І толькі ў Беларусі захаваліся ўсе прафтэхвучылішчы, якія былі створаны. Шмат не хапае, але яны ёсць. Мы да гэтага часу аказваем дапамогу ў падрыхтоўцы людзей рабочых спецыяльнасцей іншым дзяржавам, у тым ліку Расіі. Гэта вялікае дасягненне, што мы гэту сістэму захавалі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб высокай якасці прафесійнай адукацыі сведчаць перамогі беларускіх студэнтаў і вучняў на міжнародных алімпіядах і ў конкурсах прафесійнага майстэрства. "У нас, як і ва ўсім свеце, расце попыт на прадстаўнікоў рабочых прафесій. Але і патрабаванні да іх у сучасных умовах пастаянна растуць. Нам патрэбны кваліфікаваныя кадры, якія змогуць працаваць на найноўшых вытворчасцях. Маючы практычны вопыт, яны будуць больш усвядомлена падыходзіць і да выбару вышэйшай адукацыі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што функцыі каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў па прагназаванні кадравых патрэбнасцей на перспектыву, а таксама фарміраванні дзяржзаказу на падрыхтоўку спецыялістаў замацоўваюцца за Мінэканомікі і Мінпрацы і сацабароны. Карэкціроўка спецыяльнасцей павінна праводзіцца толькі на падставе аналізу патрэбнасці ў работніках. "І асноўная роля ў гэтым пытанні кладзецца на галіновыя міністэрствы. Важна разумець, што бесперапыннасць навучання на працягу ўсёй кар'еры становіцца асноўным патрабаваннем у падрыхтоўцы кадраў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі