Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 мая 2018, 11:42

Лукашэнка і Рахмон афіцыйна адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі ў Таджыкістане

16 мая, Гісар /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон афіцыйна адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі, якая размешчана ў горадзе Гісары, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнікі дзяржаў з гэтай нагоды адкрылі памятны знак на тэрыторыі прадпрыемства, азнаёміліся з вытворчасцю, абмеркавалі перспектывы яе развіцця, сустрэліся з работнікамі.

"У верасні я буду тут (на верасень 2018 года ў Таджыкістане запланавана пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. - Заўвага БЕЛТА), і я пагляджу ўжо, як вы гандлюеце. У верасні вы ўжо даложыце нам, на якія рынкі выйшлі. Мы ж хочам стварыць тут апорную пляцоўку, каб разам выходзіць на іншыя рынкі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва ААТ "МТЗ" і прадпрыемства ў Гісары.

Гаворачы аб перспектывах развіцця вытворчасці і продажаў, Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон адзначыў наяўнасць вялікай колькасці праектаў з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, якія дапамагаюць аграрнаму сектару ў краіне набываць тэхніку.

Кіраўнікам дзяржаў далажылі аб планах па лакалізацыі вытворчасці ў Гісары. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў работу ў гэтым напрамку, каб частка вузлоў для збіраемай тэхнікі выраблялася непасрэдна ў Таджыкістане.

Размова таксама ішла аб практычнай падрыхтоўцы таджыкскіх спецыялістаў на канвеернай вытворчасці ў Беларусі. "Гэта (вытворчасць. - Заўвага БЕЛТА) - пачатак. І адсюль павінны пайсці інжынеры для Таджыкістана", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён таксама адзначыў магчымасці выкарыстання тэхнікі МТЗ для патрэб камунальнай гарадской гаспадаркі і даручыў даставіць у Таджыкістан узоры адпаведнага навяснога абсталявання.

Як паведаміў журналістам дырэктар АТЗТ "Агратэхсэрвіс" Джалалідзін Нураліеў, беларуская сельгастэхніка запатрабавана ў Таджыкістане, паколькі яе парк вельмі зношаны. "Сёння ёсць няхватка амаль 10 тыс. толькі па трактарах. Таму мы вырашылі адкрываць зборку тут. Гэта таксама ў святле праграмы па стварэнні рабочых месц, ператварэнні рэспублікі з аграрнай у аграрна-індустрыяльную", - адзначыў ён.

Дырэктар кампаніі расказаў і аб тым, як арганізавана падрыхтоўка кадраў, якія вырабляюць, эксплуатуюць і абслугоўваюць тэхніку ў Таджыкістане. "Ёсць намер навучаць спецыялістаў сярэдняга тэхнічнага звяна, якія будуць працаваць непасрэдна ў гаспадарках. Будуць выкладчыкі з Беларусі. Нашы спецыялісты праходзілі ўжо навучанне, і ў нас у плане прысылаць іх у Беларусь, каб яны дадаткова праходзілі практычную падрыхтоўку, працуючы на канвеерах", - заявіў Джалалідзін Нураліеў.

Паводле яго слоў, ужо вядуцца перагаворы, каб сабраная ў Таджыкістане беларуская тэхніка пастаўлялася і на рынкі трэціх краін, у прыватнасці ў Афганістан.

ААТ "МТЗ" і ААТ "Бабруйскаграмаш" на базе дылера АТЗТ "Агратэхсэрвіс" рэалізуюць у горадзе Гісар праект па стварэнні зборачнай вытворчасці трактароў, навяснога і прычапнога абсталявання. Гэта вытворчасць уключана ўрадам Таджыкістана ў пералік асабліва важных аб'ектаў. Прапрацоўваецца пытанне адмены ПДВ (18 працэнтаў) на сумесна вырабленую ў Таджыкістане сельскагаспадарчую тэхніку. Вытворчы комплекс уключае ў сябе малы зборачны цэх (1,1 тыс. кв.м), склад гатовай прадукцыі, адкрытую выставачную пляцоўку для паказу сельскагаспадарчай тэхнікі і адміністрацыйна-вучэбны корпус. Пачата будаўніцтва зборачнага цэха агульнай плошчай звыш 1,6 тыс. кв.м, у якім плануецца размясціць тры лініі зборкі беларускай тэхнікі.

Цяпер на вытворчасці збіраюцца трактары маркі "Беларус-80.1" і "Беларус-82.1". Запланавана нарошчванне аб'ёмаў зборкі для рэалізацыі на рынках Таджыкістана і Афганістана. У 2018 годзе ў Гісары плануецца таксама наладзіць вытворчасць прычапной і навясной тэхнікі ААТ "Бабруйскаграмаш" і самаходных касілак ААТ "Гомсельмаш". У перспектыве плануецца пашырыць мадэльны рад выпускаемай тэхнікі.

На базе зборачнай вытворчасці пачата рэалізацыя праекта па стварэнні вучэбнага цэнтра па падрыхтоўцы тэхнічных спецыялістаў сярэдняга звяна па абслугоўванні і эксплуатацыі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Вядуцца перагаворы па задзейнічанні ў адукацыйных праграмах вучэбнага цэнтра выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі