Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 красавіка 2017, 13:29

Лукашэнка: грамадзяне павінны ўзаемадзейнічаць са спецслужбамі пры рызыцы тэрарыстычнай пагрозы

7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грамадзяне павінны ўзаемадзейнічаць са спецслужбамі пры рызыцы тэрарыстычнай пагрозы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір", паведамляе БЕЛТА.

Трагічнае здарэнне ў Санкт-Пецярбургу, прызнаўся кіраўнік дзяржавы, навяло яго на думку, што праваахоўным структурам адным не справіцца з тэрарыстычнай пагрозай. "Так, спецслужбы прызначаны змагацца і спрабаваць нейтралізаваць тэрарыстычныя акты, але гэта амаль немагчыма. Калі смяротнік-тэрарыст, не шкадуючы жыцця, ідзе на такое мерапрыемства, калі можна так сказаць, ну як ты яго высачыш?! Гэта практычна немагчыма. Ну, не пранікне ён у метро, ён мэты сваёй будзе дабівацца ў іншых шматлюдных месцах, - растлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. - Мільёны ж людзей (а ў тым жа Піцеры больш за пяць мільёнаў плюс гасцей мільёны два - сем мільёнаў), што, кожнага паглядзіш, кожнага праверыш? Вядома, не".

Значны вынік у процідзеянні гэтаму злу прынясе і ўзаемадзеянне грамадзян з праваахоўнымі органамі, лічыць Прэзідэнт. "Людзі павінны быць вельмі ўважлівымі. І там, дзе яны бачаць, што нешта не так, яны ўсё ж такі павінны ўзаемадзейнічаць са спецслужбамі, яны і павінны інфармаваць спецыяльныя службы, - падкрэсліў ён. - Трэба ўсё ж такі аб гэтым гаварыць, таму што ўсе гэтыя тэрарысты так ці інакш у большасці жывуць сярод людзей, так ці інакш рыхтуюцца да такіх мерапрыемстваў, тэрарыстычных актаў. І няпраўда, што людзі гэтага не бачылі, не заўважалі".

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў узрыў у мінскім метро, які адбыўся ў красавіку 2011 года: тэракт арганізавалі не паслядоўнікі ідэалогіі ІДІЛ, а радавыя беларускія грамадзяне. "Калі пачалі расследаванне, мы ўбачылі, што гэтыя так званыя беларусы ні ў чым асоба не падрыхтаваныя да тэрарызму. Яны, дзейнічаючы сярод людзей, змаглі змайстраваць узрыўное ўстройства. У кватэры звычайнай, у доме звычайным, у падвале гэтым займаліся, а гэта бачылі дзясяткі людзей. Але ніхто не надаў гэтаму значэння. А трэба! Час такі, што кожны чалавек павінен быць пільным, кожны чалавек, калі яго хвалюе нейкая праблема, павінен аб гэтым гаварыць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, прадухіліць або як мінімум мінімізаваць тэрарыстычныя атакі дапаможа разумная знешняя і ўнутраная палітыка дзяржавы. "Трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі, праводзячы тую ці іншую палітыку. І калі мы гаворым, што мы змагаемся супраць зла, то трэба змагацца супраць гэтага зла, - сказаў Прэзідэнт. - Часам вельмі агульна мы дзейнічаем, вельмі агульна. Калі ёсць нейкія прадстаўнікі ІДІЛ і іншыя, гэта не значыць, што мы павінны зневажаць усіх і ўся, людзей нейкай нацыянальнасці і веравызнання".

"Давайце глядзець глыбей, каб мы не стваралі глебу, каб мы не падштурхоўвалі адпаведныя арганізацыі, нават дзяржавы, не гаворачы ўжо аб некаторых асобах, да тэрарызму. Давайце, нарэшце, будзем змагацца, калі мы разумеем, што нейкія прадстаўнікі ІДІЛ - гэта будучыя тэрарысты, давайце рэальна з імі змагацца!" - заявіў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі