Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 ліпеня 2016, 17:28

Лукашэнка: галоўныя фактары бяспекі Беларусі - эканоміка і дэмаграфія

22 ліпеня, Магілёў /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Галоўныя фактары бяспекі Беларусі - эканоміка і дэмаграфія. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, размаўляючы з калектывам "Магілёўліфтмаша", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адна з работніц прадпрыемства пацікавілася: ад чаго залежыць бяспека і спакой у беларускім грамадстве і што трэба рабіць для іх захавання.

"Нам патрэбны людзі. На гэтым беларускім кавалку зямлі павінна жыць як мінімум у два разы больш чалавек - 20 мільёнаў. Гэта таксама бяспека, абарона, моц краіны. У нас насельніцтва не хапае, - заявіў Прэзідэнт. - Другое, што нас павінна хваляваць у плане бяспекі, - гэта работа эканомікі і прадпрыемстваў. Павінна працаваць вёска, горад - прамысловасць, транспарт, сувязь, будаўніцтва і гэтак далей. Калі ў нас будуць заняты людзі, гэта таксама моц дзяржавы. Можаце не перажываць, іншых праблем на сённяшні дзень у беларусаў няма".

Што датычыцца забеспячэння бяспекі ў краіне, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна гэта пытанне абмяркоўвалася са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам. "Я папярэдзіў яго і ўсіх іншых, хто носіць сёння пагоны, - усе мы, ад Прэзідэнта да радавога міліцыянера, супрацоўніка КДБ, МНС, пажарнага, адказваем перад людзьмі за бяспеку, і мы павінны, чаго б нам гэта ні каштавала, яе забяспечыць, як бы ні было складана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Галоўнае - гэта наша з'яднанасць. Мы не павінны расслабляцца, думаючы, што недзе ваююць, а мы тут добра жывём", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу яшчэ на адзін аспект бяспекі грамадзян, але ўжо не на дзяржаўным, а на бытавым узроўні. Ён нагадаў пра шматлікія факты гібелі дзяцей на вадаёмах, выпаданне з акон жылых дамоў. "Гэта ж мы з вамі павінны рабіць, гэта таксама бяспека канкрэтнай сям'і. А паглядзіце, як мы сябе паводзім у аўтамабілях, колькі затрымліваем п'яніц, а наркотыкі? І хоць у нас гэта не самыя страшныя праблемы на фоне іншых, але людзей жа гіне нямала", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі