Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 верасня 2016, 13:15

Лукашэнка дзякуе Сі Цзіньпіну за значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-кітайскіх адносін

29 верасня, Пекін /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка дзякуе Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну за значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-кітайскіх адносін. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў сёння ў Пекіне на афіцыйных перагаворах у пашыраным складзе з лідарам КНР, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы сапраўды сур'ёзна рушылі наперад у напрамку нашага супрацоўніцтва. Дазвольце мне ад імя беларускага народа і маёй дзяржавы падзякаваць вам асабіста за такі ўклад у нашы адносіны. Калі б не было гэтага асабістага ўкладу, не было б і такіх адносін", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для лідараў дзвюх краін стала ўжо добрай традыцыяй сустракацца некалькі разоў у год. "Пасля вашага візіту ў Беларусь у маі 2015 года мы вельмі інтэнсіўна працавалі над сумесным развіццём тых ініцыятыў, якія былі вамі выказаны, і, перш за ўсё, Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, які вы назвалі жамчужынай Шаўковага шляху. Гэта сапраўды важнейшы вузлавы элемент паглыблення рэгіянальнага і крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, у мінулы перыяд актыўна ажыццяўляліся дзелавыя кантакты паміж дзвюма краінамі. Толькі з верасня 2015 года праведзена больш за чатыры дзясяткі візітаў у Кітай беларускіх дэлегацый на чале з кіраўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, рэгіёнаў і вялікіх кампаній. У сваю чаргу Беларусь наведалі многія дэлегацыі дзяржаўных і партыйных органаў КНР як цэнтральнага, так і рэгіянальнага ўзроўню, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці Кітая.

Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у пашыраным фармаце кіраўнікі дзяржаў даволі працяглы час размаўлялі ў фармаце сам-насам. Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара, на перагаворах абодвума бакамі адзначаўся беспрэцэдэнтна высокі ўзровень адносін, дасягнутых паміж Беларуссю і Кітаем. Тым не менш адзначана, што шмат яшчэ трэба будзе зрабіць.

Сярод іншых тэм Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, патэнцыял якога неабходна найбольш актыўна выкарыстоўваць. Менавіта трывалыя рэгіянальныя сувязі садзейнічаюць умацаванню ўзаемаадносін паміж дзяржавамі.

Размова на перагаворах таксама ішла аб узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме.

Адзначана неабходнасць зрабіць Шаўковы шлях дарогай з больш інтэнсіўным рухам, узмацняць узаемную падтрымку.

Старшыня КНР прапанаваў захаваць дынаміку адносін і сустрэч на вышэйшым і высокім узроўнях.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі