Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 красавіка 2018, 13:25

Лукашэнка даручыў ураду выпрацаваць дзейсны механізм рэалізацыі канцэпцыі "вёска будучага"

3 красавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны даручыў ураду выпрацаваць дзейсны механізм рэалізацыі канцэпцыі "вёска будучага", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што забяспечыць галіну кваліфікаванымі кадрамі, прыпыніць адток працаздольнага насельніцтва ў горад без павышэння якасці жыцця сельскага насельніцтва, прывабнасці аграрнай працы і сельскага ладу жыцця немагчыма. Таму яшчэ адной задачай з'яўляецца стварэнне "вёскі будучага". Жыццё ў ёй ні ў чым не павінна ўступаць гарадскому, падкрэсліў Прэзідэнт.

"Даручаю ўраду сумесна з рэгіёнамі выпрацаваць дзейсны механізм рэалізацыі канцэпцыі "вёска будучага" з улікам рэгіянальных асаблівасцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запатрабаваў прыняць усе меры для комплекснага развіцця тэрыторый, уключаючы эфектыўнае выкарыстанне пустуючага жылля ў малых вёсках і на хутарах. Таксама неабходна распрацаваць планы развіцця сельскіх населеных пунктаў і аграгарадкоў, вынікам выканання якіх стане поўная адпаведнасць гармоніі прыроды і дынамікі тэхналогій.

Прэзідэнт пацікавіўся, што робіцца для павышэння ўзроўню жыцця ў вёсцы. "Як нам падняць неперспектыўныя вёсачкі? Зрухі ў гэтым напрамку павінны быць ужо ў бліжэйшы час", - даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ва ўсіх сельскіх населеных пунктах і аграгарадках Беларусі распрацаваць і поўнасцю ўкараніць новыя сацыяльныя стандарты. "У кожным раённым цэнтры, аграгарадку, вёсцы павінны быць добрыя дарогі, якасная вада, сацыяльнае абслугоўванне, забяспечанасць неабходнымі таварамі і інтэрнэт, пажадана высакаскорасны", - сказаў ён.

Толькі пры вырашэнні існуючых праблем аграрная галіна зможа выйсці на якасна новы ўзровень, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Ён прадугледжвае прэстыж і камфорт сельскага быту, моду, калі хочаце, на ўласны дом і вакол яго кавалачак зямлі, гарманічнае спалучэнне прыгажосці беларускай прыроды і высокіх тэхналогій сучаснага жыцця", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі