Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 мая 2017, 16:23

Лукашэнка даручыў да канца года істотна палепшыць сітуацыю ў Аршанскім раёне

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца года істотна палепшыць сітуацыю ў Аршанскім раёне. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў сёння ў час сустрэчы з кіраўніком спраў Прэзідэнта Віктарам Шэйманам і памочнікам Прэзідэнта па агульных пытаннях Мікалаем Корбутам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Прэзідэнта, Аршанскаму раёну да гэтага часу ўдзялялася недастаткова ўвагі, а праблемы ёсць і іх неабходна вырашаць. "Ураду даручана высветліць усе нюансы і прывесці гэты горад на працягу года-паўтара ў адпаведнасць з нармальным функцыянаваннем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Перш за ўсё, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, неабходна сканцэнтраваць намаганні на развіцці гарадскіх прадпрыемстваў, паколькі Орша - магутны прамысловы цэнтр. "Яны ўсе павінны быць адноўлены, і людзі павінны там працаваць. Яны ўсім нам патрэбны, яны ўсе выпускаюць прадукцыю, якая нам патрэбна. Урад павінен прыняць рашэнне і ажыццявіць гэтыя меры, на працягу года (максімум паўтара) іх завяршыць. Але ў гэтым годзе істотна палепшыць сітуацыю ў Оршы. Гэта прывядзе да вырашэння трох асноўных сацыяльных пытанняў: занятасці, заработнай платы, яшчэ паўплывае на цэнаўтварэнне", - адзначыў Прэзідэнт.

У аднаўленні маюць патрэбу і іншыя населеныя пункты раёна, у прыватнасці, Барань і Балбасава. Тут таксама неабходна прывесці ў парадак прадпрыемствы і даць людзям магчымасць працаваць, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў Віктару Шэйману ўзяць гэтыя пытанні на асабісты кантроль. "Гэта не значыць, што вы кагосьці павінны падмяняць - вырашаць пытанні павінен урад. Да канца года прадпрыемствы павінны мець чалавечы выгляд, і людзі павінны прыходзіць туды на работу з добрым настроем. Ужо не гавару пра зарплату, занятасць і гэтак далей - вы гэта ведаеце. З вашага боку павінен быць жорсткі, генеральскі кантроль. Не тое, што мы пашумім, пашумім і ўсё так і застанецца. Не застанецца. У канцы года вы мне асабіста даложыце па Оршы там, на месцы", - папярэдзіў Прэзідэнт.

На сустрэчы былі таксама абмеркаваны стварэнне на базе Аршанскага раёна сельскагаспадарчага холдынга і мадэрнізацыя ў сувязі з гэтым пасёлка Копысь. Гэтыя пытанні будуць зонай адказнасці Мікалая Корбута. "Усё павінна быць там рэалізавана згодна з задумай. Копысь трэба ператварыць у цэнтр, дзе будзе сканцэнтравана ўся перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта будучыня нашай вёскі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі