Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 кастрычніка 2016, 16:00

Лукашэнка: без "інтэграцыі інтэграцый" сёння не абысціся

27 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба павышаць ролю і пашыраць напрамкі супрацоўніцтва Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Такі пункт гледжання кіраўнік дзяржавы выказаў 27 кастрычніка на сустрэчы з намеснікам Генеральнага сакратара ААН - выканаўчым сакратаром ЕЭК Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Крысціянам Фрыісам Бахам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Вітаючы госця, Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць таго, што Крысціян Фрыіс Бах трэці раз наведвае Беларусь. Што датычыцца дзейнасці Еўрапейскай эканамічнай камісіі, якая аб'ядноўвае 56 дзяржаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Вашы праекты і даследаванні ў многіх галінах і, перш за ўсё, у эканоміцы, экалогіі, інавацыях, сферах транспарту, будаўніцтва, сацыяльнай сферы, прыватна-дзяржаўным партнёрстве ўносяць вялікі ўклад у развіццё нацыянальных праграм па адпаведных напрамках".

Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу звярнуў на тэму прыродаахоўнай дзейнасці і падпісаных у Парыжы міжнародных дакументаў па гэтай тэматыцы. "Гэта вялікая перамога, у тым ліку вялікі ўклад Еўрапейскай эканамічнай камісіі, - лічыць Прэзідэнт. - Але ўсё ж такі мы, напэўна, яшчэ да канца не ўсведамляем, што можа адбыцца з планетай і чалавецтвам, калі па-варварску будзем ставіцца да гэтых пытанняў, калі мы не будзем сістэмна падыходзіць да вырашэння многіх праблем, у тым ліку па напрамках, па якіх працуе ЕЭК. Таму наперадзе ў нас вельмі вялікі шлях, які мы павінны прайсці".

Прэзідэнт перакананы, што неабходна самую пільную ўвагу ўдзяляць забеспячэнню бяспекі пражывання насельніцтва на планеце. Беларусь гатова падзяліцца сваім вопытам прыродаахоўнай дзейнасці, у тым ліку ў час намечанай на 2017 год у Мінску міжнароднай канферэнцыі краін - удзельніц Канвенцыі ЕЭК ААН аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што пытанні прыродаахоўнай дзейнасці вельмі важныя для ўсіх краін. "Без "інтэграцыі інтэграцый" сёння не абысціся, таму што ні адно пытанне прыродаахоўнай дзейнасці, пытанне эканомікі асобна ўзятая дзяржава не вырашыць. Патрэбны інтэграцыя, збліжэнне, таму мы і вылучылі ініцыятыву "інтэграцыя інтэграцый", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Крысціян Фрыіс Бах заявіў, што Мінск стаў сімвалам дыялогу ў самыя складаныя часы. Ён падкрэсліў важнасць правядзення ў Мінску гэтай канферэнцыі ЕЭК ААН: "Мы сёння тут спрабуем выбудаваць дыялог на ўзаемавыгадных умовах, гаворым аб "інтэграцыі інтэграцый". Вопыт ярка дэманструе, што цяпер не час будаваць межы, сцены, а трэба якраз наладжваць адкрыты, даверны дыялог".

Кіраўнік ЕЭК падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ініцыятыву Беларусі па пашырэнні ідэі дыялогу і камунікацый ва ўсім свеце, ён таксама адзначыў лідзіруючую ролю нашай краіны ў аб'яднальных працэсах, у дзейнасці ЕЭК, а таксама звярнуў увагу на развіццё, якое дэманструе Беларусь па многіх напрамках.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі