Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 сакавіка 2017, 11:36

Лукашэнка: Беларусь заўсёды будзе працаваць на аб'яднанне і стабільнасць у Еўропе

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заўсёды будзе працаваць на аб'яднанне і стабільнасць у Еўропе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі Дзідзье Рэйндэрсам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ваш візіт знакавы, і ад яго вельмі шмат залежыць. Не толькі ў нашых двухбаковых адносінах, але і ў нашых адносінах з вашай імперыяй (Еўрапейскім саюзам. - Заўвага БЕЛТА). Я магу вам гарантаваць: вы заўсёды ў нашай асобе будзеце бачыць краіну, якая будзе працаваць на аб'яднанне, на стабільнасць у Еўропе. Мы і ў цяжкія часы вам праблем не стваралі, і ў будучым ніколі гэтых праблем вам ствараць не будзем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выступае за шматполюсны свет і захаванне Еўрапейскага саюза. "Еўрасаюз - гэта магутнейшы полюс разам з Кітаем, Злучанымі Штатамі Амерыкі. Еўрапейскі саюз - гэта магутная апора для планеты, калі яна знікне - быць бядзе. Таму ўсе нашы "брэксіты" і нацыяналістычныя рухі я не ўспрымаю. Чаго б ні каштавала, Еўрапейскі саюз трэба захаваць. Гэта не мая асабістая пазіцыя (хаця і асабістая), гэта пазіцыя зыходзіць з міжнародных дзяржаўных інтарэсаў. Чым больш апор, тым устойлівей сістэма. Таму я прыхільнік Еўрапейскага саюза", - растлумачыў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з'яўляецца праціўнікам двайных стандартаў, якія часам можна заўважыць у дзейнасці ЕС. "Таму я хацеў бы, каб Еўрапейскі саюз адпавядаў тым дэкларацыям, якія ён прапануе ўсяму свету: сумленнасць, прыстойнасць, дэмакратычнасць, - заявіў беларускі лідар. - Калі б вы ўважліва паглядзелі на Беларусь, то ўбачылі б тут і правы чалавека, і дэмакратыю, і парадак, і бяспеку для людзей. Мы таксама не без недахопаў, як і вы. Але трэба размаўляць, трэба быць бліжэй адзін да аднаго. Трэба, калі ў вас ёсць вопыт, прапаноўваць і перадаваць яго. Мы гатовы вучыцца. Але прашу, майце на ўвазе адно: для нас святыя суверэнітэт і незалежнасць".-0-

Беларусь гатова развіваць узаемавыгаднае інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Бельгіяй - Лукашэнка
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь наладзіла ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з шэрагам бельгійскіх кампаній, аднак гэта далёка не канец.

Бельгія разлічвае на актывізацыю кантактаў з Беларуссю на міжнароднай арэне
"Мы віталі б актывізацыю двухбаковых кантактаў на міжнароднай арэне. У прыватнасці, былі б вельмі ўдзячныя беларускаму боку за падтрымку кандыдатуры Бельгіі на пасадзе непастаяннага члена Савета бяспекі ААН на перыяд 2019-2020 гадоў", - сказаў Дзідзье Рэйндэрс.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі