Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка: Беларусь гатова да актыўнай работы з Таджыкістанам па ўсіх напрамках

Прэзідэнт 15.05.2018 | 14:44

15 мая, Душанбэ /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь гатова да актыўнай работы з Таджыкістанам па ўсіх напрамках. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы гатовы да самай актыўнай работы па ўсіх без выключэння напрамках, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, на карысць нашых працавітых і дружалюбных народаў Беларусі і Таджыкістана", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Гэта сустрэча яшчэ раз пацвердзіла даўно замацаваны дружалюбны статус нашых адносін, заснаваных на прынцыпах павагі і даверу. Мы маем намер і ў далейшым падтрымліваць дыялог на самым высокім узроўні", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, на перагаворах былі дэталёва разгледжаны пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адзначаны добрыя перспектывы для нарошчвання прамысловай кааперацыі і ўзаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што гандаль з Таджыкістанам дынамічна развіваецца. У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся больш як у два разы і прадаўжае расці. У спісе беларускага экспарту - трактары, спецыялізаваная аўтамабільная тэхніка, прадукты харчавання. "Нашы гіганты - БелАЗ, МАЗ, "Гомсельмаш" - прадстаўлены ў вашай краіне сеткай таваравытворчых філіялаў. З мінулага года тут працуе першая зборачная вытворчасць беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Мяркую, што гэты праект стане зыходнай кропкай для выбудоўвання доўгатэрміновых кааперацыйных сувязей у розных сферах - прамысловасці, АПК, фармацэўтыцы і іншых. Менавіта сумесная вытворчасць якасных канкурэнтаздольных тавараў зробіць эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана эфектыўным і ўзаемавыгадным", - упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Таджыкістан аб'ядноўвае імкненне знайсці надзейных дзелавых партнёраў і выбудаваць доўгатэрміновыя адносіны.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў таджыкскаму боку ў цэлым і асабіста Эмамалі Рахмону за арганізацыю другога Міжнароднага бізнес-форуму "Беларусь - Таджыкістан - Афганістан" і Нацыянальнай выстаўкі Беларусі. Ён таксама вітаў прадстаўнікоў бізнесу іншых краін рэгіёна, якія прыехалі на форум. "Вельмі хацелася б, каб гэты бізнес-форум паслужыў асновай стварэння трывалых гандлёва-эканамічных адносін не толькі з Таджыкістанам, але і з краінамі ўсяго рэгіёна", - адзначыў беларускі лідар.

Актыўна развіваецца двухбаковае ўзаемадзеянне і ў гуманітарнай сферы. Стартавалі Дні беларускай культуры і кіно ў Таджыкістане, а ў наступным годзе творчыя калектывы Таджыкістана наведаюць Беларусь.

Прэзідэнт адзначыў, што на працягу апошніх гадоў расце колькасць таджыкскіх грамадзян, якія навучаюцца ў Беларусі. Ужо створаны чатыры сумесныя факультэты на базе вядучых беларускіх ВНУ. Будзе таксама адкрыты цэнтр беларускай адукацыі, навукі і культуры на базе Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта. "Трактары, аўтамабілі і іншае жалеза - гэта добра. Гэта гандлёвы абарот, гэта грошы. Але ёсць рэчы больш важныя. Гэта людзі, кадры. Калі не будзе падрыхтаваных спецыялістаў, ніякае жалеза нам не дапаможа. І жалеза гэтага не будзе", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што ў Беларусі навучаюцца многія грамадзяне Таджыкістана, але неабходна выкарыстоўваць і іншую форму - навучаць спецыялістаў непасрэдна на месцы. "Калі мы заўтра адкрываем, напрыклад, сумесную вытворчасць трактароў, то там трэба і навучаць спецыялістаў. Хутка яны стануць інжынерамі і будуць вучыць іншых у Таджыкістане", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што далейшаму дынамічнаму развіццю адносін паслужыць падпісаная дарожная карта супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана на 2019-2020 гады, у якой закладзены шырокі спектр напрамкаў узаемадзеяння. "Эмамалі Шарыпавіч сёння ўнёс прапанову аб наданні нашым адносінам узроўню стратэгічнага партнёрства. Думаю, што гэта двухгадовая дарожная карта паслужыць добрым фундаментам для таго стратэгічнага партнёрства, якое намі будзе зацверджана. І ўрад у самы кароткі тэрмін падрыхтуе адпаведную прапанову", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Медыцына Беларусі ў лічбах У Беларусі функцыянуюць 1580 медыцынскіх арганізацый.