Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 сакавіка 2018, 13:09

Лукашэнка арыентуе мясцовую ўладу на развіццё эканомікі рэгіёнаў

5 сакавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Мясцовыя органы ўлады павінны асаблівую ўвагу звяртаць на развіццё эканомікі рэгіёнаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, узгадняючы на пасады новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не будзе вытворчасці, не будзе занятасці людзей, не будзе ніякай зарплаты. А нам патрэбны нармальныя зарплаты, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы думайце, як не проста захаваць вытворчасць, а каб яна была рэнтабельнай, каб пазбегнуць гэтых страт. Таму пастарайцеся аб'яднаць усё ў адзін кулак і атрымаць вынік. Эканоміка і яшчэ раз эканоміка - гэта важнейшае пытанне".

У прыклад Прэзідэнт прывёў сітуацыю на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Паводле яго слоў, многія з іх да гэтага часу не развіваюцца так, як хацелася б. З іншага боку, у Беларусі ёсць вялікая колькасць паспяховых вытворчасцей. "Гэты год вызначальны, таму давайце арганізуем работу так, пачынаючы ад пасяўной кампаніі, каб кожны дзень прыбаўляць", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на работу з кадрамі, у тым ліку і на прыватных прадпрыемствах. "Так, няхай яны займаюцца вытворчасцю. Вы толькі кантралюйце заработную плату, каб яна была там адпаведнай, і правы чалавека павінны быць забяспечаны: перш за ўсё работа, зарплата, школа, сацыяльная сфера. Кадравае пытанне на тэрыторыі раёна - гэта ваша пытанне, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Ніякага паслаблення за кантролем кіраўнікоў прадпрыемстваў, якой бы ўласнасці яны не належалі - прыватнай ці дзяржаўнай".

Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў новых кіраўнікоў мясцовых органаў улады аб адказнасці за карупцыйныя злачынствы. "Беларусь - асаблівая краіна, тут прывыклі да сумленнасці, прыстойнасці і справядлівасці. І мы гэта заўсёды падтрымлівалі з моманту развалу Савецкага Саюза. Нашы людзі непрывычныя да таго, што нехта на іх вачах будзе абкрадаць іх і паводзіць сябе несумленна толькі таму, што ён на чале ўлады. Гэта недапушчальна, і я ад гэтай палітыкі ніколі не адыду", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна пацікавіўся, як развіваюцца раёны, у якіх з'явяцца новыя кіраўнікі, якія праблемы існуюць у гэтых рэгіёнах і ці знойдзены шляхі іх вырашэння. Прэзідэнт даручыў разабрацца з праблемнымі прадпрыемствамі, пракантраляваць запуск новых аб'ектаў і навесці парадак у тых сферах, у якіх ёсць упушчэнні. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што на працягу года наведае шэраг раёнаў і пракантралюе, як выконваюцца яго даручэнні.

"Помніце адно: уладу растапыранымі пальцамі ніхто не трымае. Улада павінна быць у адным кулаку. Як толькі мы недзе ўпусцім працэсы з-пад кантролю, мы атрымаем варыянт, як у нашых суседзяў. Таму ўлада ёсць улада, але ніякага самадурства. Глядзіце, каб на вас не крыўдзіліся людзі, і не рабіце таго, з-за чаго потым будзе сорамна не толькі вам, але і вашым дзецям", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі