Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 кастрычніка 2017, 12:31

Лукашэнка адзначае праблемныя моманты з выканальніцкай дысцыплінай і работай са зваротамі грамадзян

24 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае наяўнасць праблемных момантаў з выканальніцкай дысцыплінай сярод дзяржслужачых і ў пытанні работы са зваротамі грамадзян. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Для абмеркавання на нарадзе былі ўнесены некалькі блокаў пытанняў, якія датычацца кадравай палітыкі, прэстыжу, статусу дзяржаўнай службы. "У вас ёсць прапановы і пытанні. Я гатовы да абмеркавання, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Традыцыйна мы будзем абмяркоўваць на такіх нарадах пытанні выканання даручэнняў Прэзідэнта. Я перш за ўсё папярэджваў кіраўніка Адміністрацыі - у нас праблемы ёсць (не ведаю - вялікія, малыя) - сёння зробім вывады па выканальніцкай і, на жаль, працоўнай дысцыпліне нашых дзяржслужачых. Я прасіў праверыць гэтыя пытанні і сёння далажыць".

Паводле слоў Прэзідэнта, яшчэ адна тэма нарады - якасць работы са зваротамі грамадзян, аб чым раней даваліся адпаведныя даручэнні. "Нам трэба нейкую нармальную форму выпрацаваць у рабоце са зваротамі грамадзян. Усё цягнецца з савецкіх часоў: нехта напісаў у Адміністрацыю Прэзідэнта або на імя Прэзідэнта, нехта скардзіцца на мясцовыя органы ўлады, а мы туды адпраўляем для разгляду гэтыя скаргі і заявы. Паток непатрэбны інфармацыі, плацім за гэта грошы, пошта нясе туды гэтыя пісьмы, потым яны вам прысылаюць назад. А яшчэ і фельд'егерскую сувязь выкарыстоўваем нятанную. Пара гэтаму палажыць канец. І я папрасіў, каб тут былі ўнесены канкрэтныя прапановы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такія нарады з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта будуць мець традыцыйны характар і праводзіцца прыкладна раз у два месяцы. На мерапрыемства таксама былі запрошаны дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась і кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на такіх нарадах хацеў бы чуць не самасправаздачы ад іх удзельнікаў, а ў першую чаргу абмяркоўваць актуальныя праблемы, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. "Я хацеў бы пабудаваць работу так, каб не было такога меркавання, што немагчыма непасрэдна да Прэзідэнта данесці рашэнне тых ці іншых пытанняў або непасрэдна перад ім паставіць пытанне. Калі ласка, вось форма работы. Прытым вы тут ініцыятары. Калі такіх пытанняў назбіралася мноства, мы можам часцей праводзіць гэтыя сустрэчы", - сказаў ён.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і па-за фарматам нарады любы яе ўдзельнік можа ў любы час далажыць Прэзідэнту тое ці іншае пытанне, што і адбываецца на самай справе. "Тым не менш такія нарады даюць магчымасць канкрэтызаваць нейкія напрамкі дзейнасці і прыняць адпаведныя меры", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"І папярэджваю ўсіх, што рашэнні, якія мы прымаем тут (няхай нават не фармалізаваныя, а вусныя мае рашэнні), павінны безагаворачна выконвацца. Цягнуць з пытаннямі або адкладаць іх на доўгі час, пад сукно палажыць не атрымаецца. Тым больш што сёння нам трэба вызначыцца па самых сур'ёзных напрамках нашай работы. Ну і, вядома, гучныя пытанні. Гэта таксама тыя праблемы, якія мы павінны сёння разглядаць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі