Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 чэрвеня 2017, 16:08

Лукашэнка - Адміністрацыі Прэзідэнта: у рабоце з грамадзянамі неабходна дайсці да кожнага

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час нарады з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта паставіў задачу ў рабоце з грамадзянамі дайсці да кожнага чалавека. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Акцэнт быў зроблены перш за ўсё на рабоце з грамадзянамі. Была дакладна пастаўлена задача дайсці да кожнага чалавека: гэта выязныя прыёмы па асабістых пытаннях, гэта справаздачы кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, мясцовых органаў улады перад насельніцтвам, працоўнымі калектывамі. Каб людзі чулі і ведалі, якія сёння стаяць задачы перад тым ці іншым працоўным калектывам, якія задачы пастаўлены на перспектыву і як будзе ў далейшым працаваць прадпрыемства, арганізацыя або развівацца той ці іншы рэгіён нашай краіны", - сказала Наталля Качанава.

Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што Адміністрацыя Прэзідэнта ўдзяляе сур'ёзную ўвагу гэтай тэме, рэгулярна праводзячы ў тым ліку выязныя прыёмы грамадзян. "Тут важна дайсці да кожнага чалавека і дапамагчы ў тых пытаннях, якія яго хвалююць. Але разам з тым мы для сябе яшчэ робім вывады аб тым, якія найбольш злабадзённыя пытанні сёння ёсць у жыхароў нашай краіны", - дадала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

У час сустрэчы таксама ўзнімалася тэма падрыхтоўкі і падбору кіраўніцкіх кадраў. Было адзначана, што ў гэтым пытанні сур'ёзная роля адведзена Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. "Тут дакладна абазначаны задачы па перафармаціраванні гэтай работы. Сапраўды, там павінны навучацца тыя людзі, якія ў перспектыве будуць займаць кіруючыя пасады, і гэта будуць моцныя кіраўнікі", - адзначыла Наталля Качанава.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка заслухаў не толькі кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, але і яе намеснікаў, памочнікаў Прэзідэнта, якія прадставілі сваё бачанне сітуацыі па пытаннях, што ўваходзяць у іх кампетэнцыю. У прыватнасці, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч далажыў аб рабоце ў заканадаўчай сферы, у тым ліку аб праекце дакумента па разняволенні прадпрымальніцкай ініцыятывы. Мікалай Снапкоў прадставіў эканамічны блок, а таксама рэалізацыю беларуска-кітайскіх праектаў.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу рэгулярна праводзіць такія нарады, каб аператыўна разглядаць актуальныя пытанні і прымаць па іх рашэнні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі