Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 кастрычніка 2018, 13:19

Лукашэнка: абарона правоў грамадзян у імя дэмакратыі часта падмяняецца адмаўленнем маральных асноў

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У імя дэмакратыі вольна або нявольна абарона правоў і свабод грамадзян падмяняецца ўсёдазволенасцю і адмаўленнем маральных асноў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з членамі Свяшчэннага сінода Рускай праваслаўнай царквы і Сінода Беларускай праваслаўнай царквы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"XXI стагоддзе - эпоха глабальных трансфармацый. Гэта час прагрэсіўных тэхналогій з іх бязмежнымі магчымасцямі. Але гэта бязмежнасць, на жаль, становіцца крыніцай многіх пагроз і ў палітычнай, і ў духоўнай сферах. Аб гэтым мы вельмі шмат, больш за прызначаны па пратаколе час, толькі што гаварылі з патрыярхам, абмяркоўваючы гэту важнейшую праблему, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы вельмі часта бачым, што ў імя нейкай уяўнай дэмакратыі вольна або нявольна такія дзяржаўныя каштоўнасці, як абарона правоў і свабод грамадзян, падмяняюцца ўсёдазволенасцю і адмаўленнем нашых маральных асноў".

Вынікам, паводле слоў Прэзідэнта, становіцца адчужэнне, абыякавасць і нецярпімасць, якія параджаюць непрыманне людзей іншых нацыянальнасцей і веравызнанняў. Спрэчкі і рознагалоссі выліваюцца ва ўзаемны недавер, інфармацыйнае процістаянне, гандлёвыя войны, узброеныя сутыкненні.

"Мноства канфліктаў - гарачых, тлеючых, замарожаных - бесперапынна забіраюць чалавечыя жыцці, сеюць боль і пакуты, параджаюць агрэсію ў розных рэгіёнах, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці да Беларусі, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Аднак на пытанне, як вярнуць мір людзям, якія не па сваёй волі апынуліся ў эпіцэнтры гэтых падзей, адказу часта не бывае. А пытанне актуальнае для ўсіх і не раз станавілася прадметам дыскусій на розных, у тым ліку самых аўтарытэтных, міжнародных пляцоўках і форумах".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь помніць трагічныя ўрокі сваёй гісторыі. "Таму мы цэнім мір, бяспеку, дружбу і ўзаемаразуменне, выступаем за адкрыты дыялог, супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне дзяржаў і народаў. Нашы ініцыятывы, накіраваныя на абарону і захаванне традыцыйных каштоўнасцей, вядомы. Частка з іх пакладзена ў аснову дакументаў ААН, рашэнняў міжнародных і рэгіянальных арганізацый", - сказаў ён.

Візітнай карткай Беларусі як пляцоўкі для перагавораў па сітуацыі ва Украіне сталі Мінскі працэс і мінскія дамоўленасці. "Мы бліжэйшыя суседзі, брацкія, славянскія народы. І далей мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб на ўкраінскую зямлю хутчэй вярнуліся мір і згода. Раскол - гэта не пра нас, гэта не для нас. І мы зробім усё, я ўпэўнены ў гэтым. Час - самы лепшы лекар і суддзя, мы абавязкова будзем разам", - заявіў Прэзідэнт.

Закранаючы правядзенне ў Мінску чарговага пасяджэння Свяшчэннага сінода Рускай праваслаўнай царквы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сведчыць аб высокай ацэнцы намаганняў дзяржавы па захаванні міру і згоды, развіцці міжканфесійнага дыялогу і падтрымцы канструктыўных ініцыятыў рэлігійных арганізацый.

"Беларусь за гады сваёй незалежнасці разам з праваслаўнай царквой прайшла доўгі і цярністы шлях умацавання духоўных асноў, набыцця грамадствам маральных, жыццёвых арыенціраў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў уклад патрыярха Кірыла ва ўмацаванне ўзаемадзеяння царквы і дзяржавы, падтрыманне і развіццё духоўных сувязей брацкіх народаў Беларусі і Расіі. "Мы вельмі высока цэнім вашу пастырскую апеку і ўвагу да нашай краіны", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі