Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 красавіка 2018, 16:53

Лукашэнка аб зарплаце ў ХК "Дынама-Мінск": на большае, чым у мінулым сезоне, ніхто не мае маральнага права

13 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што зарплаты ў хакейным клубе "Дынама-Мінск" у наступным сезоне не могуць перавышаць узровень мінулага па прычыне нездавальняючага выступлення. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Большую зарплату, чым было ў мінулым сезоне, ніхто не мае маральнага права атрымаць. Яны праляцелі міма плэй-оф у КХЛ. Таму той, хто не хоча гуляць па мінулым годзе (што датычыцца ўзроўню зарплаты. - Заўвага БЕЛТА), адпраўце іх у Расію", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Улічваючы ўвагу да хакея ў Беларусі, балельшчыкі і кіраўніцтва віду спорту маюць права чакаць лепшых вынікаў. Старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Сямён Шапіра ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў беларускім хакеі асабісты і калектыўныя інтарэсы прэваліруюць над дзяржаўнымі. "Велізарнейшая зарплата - 4 моцныя клубы. Яны змагаюцца паміж сабой, і, на жаль, чатыры лепшыя клубы нікога сёння не пастаўляюць у зборную краіны, - сказаў Сямён Шапіра. - Мы часам у пагоні за нажывай, асабістымі заработкамі не бачым і знішчаем нашу моладзь".

"Ёсць чатыры клубы з добрым бюджэтам, а 8 клубаў проста ніякія. Я магу назваць клубы і ў Брэсце, і ў Віцебску, і ў Магілёве. Усе кажуць, якія высокія зарплаты... Там мізэрныя зарплаты ў 8 клубах. Гэта толькі да тых чатырох клубаў адносіцца. Прыязджаю ў клуб: Br4 тыс. - зарплата на 25 чалавек. Дзе вашы хлопцы, пытаюся. Хто ў сувязісты, хто ў таксісты разышліся. Таму што ў гэтыя гады ім трэба карміць сям'ю. За $80 яны не могуць", - дадаў Сямён Шапіра.

Ён падкрэсліў, што тым самым страчваюцца перспектыўныя кадры, на падрыхтоўку якіх з дзіцячага ўзросту на працягу дзясятка гадоў выдзяляліся значныя дзяржаўныя сродкі. Паводле слоў Сямёна Шапіры, цяпер гэта праблема ўжо вырашаецца. Аднак ёсць і іншыя прыклады, калі асабістыя і калектыўныя інтарэсы не сыходзяцца з дзяржаўнымі. Гэта ў тым ліку датычыцца больш актыўнага прыцягнення да гульні менавіта беларускіх ігракоў, а не легіянераў. Існуе шэраг праблемных пытанняў і пры заключэнні кантрактаў.

Кіраўнік федэрацыі таксама далажыў аб мерах па выкананні даручэння аб тым, каб у хакеі аплачваўся ў першую чаргу рэзультат і была высокая зацікаўленасць у выніку кожнай гульні.

Закраналіся і іншыя пытанні ў развіцці айчыннага хакея, у тым ліку падрыхтоўка на этапе дзіцяча-юнацкага спорту, забеспячэнне экіпіроўкай.

"Мы звярнулі сваю ўвагу на маладых ігракоў. Вядзём перагаворы з усімі патэнцыяльнымі ігракамі беларускімі. Як я і дакладваў, легіянерскі склад будзе зменшаны", - адзначыў старшыня наглядальнага савета хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Ігар Шуневіч.

"Нам трэба больш арыентавацца на сваіх. Тое, што я вам і казаў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб зарплатах ігракоў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не трэба баяцца, што ігракі масава паедуць гуляць у расійскія клубы. Па-першае, у шэрагу клубаў там таксама ёсць фінансавыя цяжкасці. А, з іншага боку, туды возьмуць толькі лепшых. "Дык лепшым мы і тут плацім", - заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што важна і далей павышаць зарплату трэнерскага складу ў хакеі. "Трэба зарплату трэнерам дацягнуць да ўзроўню сярэдняй па краіне. Тады і патрабаваць з іх можна. Лепшым - $700 даць. Ну а там (на самым высокім узроўні. - Заўвага БЕЛТА) вы ўстанаўліваеце. Трэба перацярпець гэта. Усім хочацца шмат і адразу", - сказаў ён.

Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы на важнасць ідэалагічнага выхавання хакеістаў. "Каб спартсмен цаніў тое, што ён гуляе за зборную. І, ведаеце, я ўпэўнены, што ў асноўным гэта так, за выключэннем нейкай балбатні. Гуляць за зборную, за сваю краіну - гэта пачэсна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб гульні зборнай каманды па хакеі, Прэзідэнт сказаў: "Адступаць няма куды. Наперад, наперад і наперад".

"Патрэбна стабільнасць. Гэтай стабільнасці няма. Хакей і футбол у нас - галоўныя віды спорту. Без іх немагчыма", - упэўнены ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама ў цэлым станоўча ацаніў гульню зборнай у праведзеных нядаўна таварыскіх матчах з камандай Фінляндыі. "Хоць гэта і не асноўны, можа, склад, і ў нас не зусім аптымальна. Але ўжо бегалі неяк, ужо нейкая ёсць гульня", - сказаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі