Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 лістапада 2019, 16:46

Лукашэнка аб намеры балаціравацца: я за гэта крэсла не трымаюся, але сваю кандыдатуру прапаную

17 лістапада, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў намер балаціравацца на маючых адбыцца выбарах кіраўніка дзяржавы ў 2020 і 2025 гадах. Аб гэтым ён расказаў, адказваючы на пытанні журналістаў пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трымаецца за гэту пасаду, але лічыць для сябе абавязковым прапанаваць сваю кандыдатуру, а людзі зробяць выбар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не раз адказваў на пытанні наконт свайго намеру балаціравацца на будучых прэзідэнцкіх выбарах. "Калі людзі мяне не падтрымаюць на якіх-небудзь выбарах, я на іх не пакрыўджуся. Я папрацаваў ужо вялікую колькасць гадоў, - сказаў ён. - Гэта вы думайце, вылучацца мне на гэтых выбарах ці не".

Калі грамадзяне цэняць стабільнасць, спакойнае, упэўненае развіццё дзяржавы, яе суверэнітэт - гэта значыць тую палітыку, якая праводзіцца цяперашнім Прэзідэнтам, то яны самі павінны ініцыяваць яго вылучэнне. "Так, мы не багатыя. Не таму, што Лукашэнка дрэнны. Таму што мы дрэнна часам працуем і ў нас няма таго, што ёсць у Расіі і іншых краінах (маюцца на ўвазе запасы прыродных энергарэсурсаў. - Заўвага БЕЛТА). Мы сваё багацце з мазаля, як у нас у народзе кажуць, самі, сваімі рукамі ствараем. Разумеючы гэта, вы павінны мяне прасіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Але калі буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, вядома, буду перажываць, але тым не менш вы павінны маю кандыдатуру адхіліць на выбарах. І я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду. Паверце, гэта не зусім мяккае крэсла", - запэўніў ён.

"Не думайце, што ў нас прэзідэнцкая ўлада - гэта цараванне, як некаторыя на вуліцах крычаць: "хопіць", пацараваў. Яны, відаць, так і разумеюць гэту пасаду", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца тэрмінаў правядзення выбараў Прэзідэнта, то, паводле закона, яны павінны прайсці не пазней за жнівень 2020 года. І пераносіць гэтыя тэрміны не плануецца. "Летам гэтыя выбары пройдуць. Тут нікуды не дзенешся. Зімой? Неразумна будзе, калі мы пасля гэтых выбараў (парламенцкіх. - Заўвага БЕЛТА) адразу назначым чарговыя выбары. І апазіцыя нас пачне дзяўбці, паколькі звычайна пасля выбараў ідзе спад, гэта заўсёды так. І апазіцыя будзе не гатова да гэтых выбараў. Скажа, што Лукашэнка вывеў нас са строю і праводзіць гэтыя выбары для сябе. Таму трэба спад гэты пераадолець", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, да вясны спад актыўнасці выбаршчыкаў пройдзе, у краіне людзі будуць задзейнічаны ў падрыхтоўцы да святкавання такіх значных дат, як 75-годдзе Перамогі 9 мая 2020 года, Дня Незалежнасці 3 ліпеня. Акрамя таго, неабходна арганізаваць і правесці пасяўную кампанію, каб забяспечыць харчовую бяспеку. "Вось гэта мы зробім па-гаспадарску, а потым у перыяд да ўборкі (я так думаю, калі шчыра, яшчэ не займаўся гэтым пытаннем, думаў пра гэтыя выбары) у якім-небудзь прамежку абазначым (дату прэзідэнцкіх выбараў. - Заўвага БЕЛТА)", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Журналісты таксама пацікавіліся, ці мае намер Аляксандр Лукашэнка прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах пасля 2020 года, напрыклад, у 2025-м. "Госпадзі, я, можа, да 2025 года не дажыву, не дай бог, - з гумарам адказаў Прэзідэнт. - Хочацца яшчэ пажыць, дзеці малыя, паглядзець, як у іх будзе".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі