Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 сакавіка 2018, 10:57

"Каб своечасова скаардынаваць дзеянні" - Лукашэнка абмеркаваў з урадам эканамічнае развіццё Беларусі

2 сакавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння заслухоўвае справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту. Мерапрыемства праходзіць у Доме ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З моманту нашай мінулай сустрэчы ў такім фармаце прайшло пяць гадоў ужо. Як і мінулы раз, яна праходзіць у сярэдзіне пяцігодкі, каб своечасова скаардынаваць дзеянні, а магчыма, дзесьці і скарэкціраваць задачы", - сказаў кіраўнік дзяржавы, адкрываючы мерапрыемства.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што статыстыка вынікаў 2017 года вядома і кожны з удзельнікаў мерапрыемства, напэўна, гатовы бойка далажыць аб поспехах у сваёй сферы.

"Ва ўрадзе шмат размоў аб пазітыўных зрухах. Аднак галоўная мэта цяперашняга мерапрыемства не ў тым, каб задавольвацца дасягнутымі паказчыкамі. Сёння мы павінны разабрацца з тым, што хаваецца за сярэднімі лічбамі, і даць ацэнку якаснаму боку гэтых поспехаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па рэальным павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва, якія перспектывы і што ёсць у арсенале ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту Беларусі з тэмпамі абавязкова вышэйшымі за сярэднесусветныя.

"Хачу зразумець: з'яўляюцца дасягнутыя вынікі пачаткам станоўчых тэндэнцый або гэта часовы ўсплёск? Што стаіць за вынікамі - цыклічнае ажыўленне, спрыяльныя знешнія ўмовы або мы выйшлі на якасна новы рост?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што, на думку некаторых службовых асоб, цуда пакуль не адбылося - на паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне паўплывалі павялічаныя цэны на нафту і ажыўленне попыту ў Расіі.

"Сёння я менш за ўсё хацеў бы ўнікаць у розныя лічбы. Інфармацыя, якая мне паступае, сведчыць аб тым, што людзі паляпшэнняў пакуль не адчуваюць. Палавіна жыхароў краіны лічыць, што ў 2017 годзе сацыяльна-эканамічная сітуацыя прадоўжыла пагаршацца, каля 40 працэнтаў - змяненняў не заўважылі. Зразумела, што гэта сацыялагічнае апытанне, зразумела, што гэта залежыць ад настрояў, але сацыялагічныя апытанні супастаўныя, і мы параўноўваем іх. Пры гэтым члены ўрада, мясцовыя органы ўлады захапіліся іншым - паказчыкамі і іх дасягненнем. Лічба стала важнейшай за сутнасць. Такія падыходы - гэта рашэнні аднаго дня, і людзям ад гэтага лепш не стане", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што азнаёміўся са справаздачай урада аб выніках года і выкананні яго ключавых даручэнняў. Тэксту ў ім на некалькі пачак паперы, а ў канцы вывад - "прапануем зняць 85 даручэнняў з кантролю як выкананыя".

"Якое тут "зняць"? Андрэй Уладзіміравіч, вы вышэйшая службовая асоба, і праблемы хаваць не трэба, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прэм'ер-міністра. - Мы сабраліся ў гэтым асяроддзі, каб гэтыя праблемы раскрыць для таго, каб вырашаць задачы, якія пастаўлены перад краінай. Калі ўрад праблем не бачыць, то паспрабуем іх вычленіць і канкрэтызаваць".

Лукашэнка занепакоены нераўнамерным развіццём рэгіёнаў Беларусі

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за сем гадоў сусветны ВУП вырас на 25 працэнтаў, у той жа час рост ВУП Беларусі не дацягнуў нават да 6 працэнтаў. Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што прычыны, якімі ўрад тлумачыць такую сітуацыю - фінансавы крызіс, кан'юнктура, з'яўляюцца проста адгаворкамі.

"Калі мы расцём павольней, чым іншыя, значыць, мы адстаём. Адстаём ад свету ў развіцці, тэхналогіях і, вядома, узроўні жыцця людзей. Але як Прэзідэнта мяне хвалюе не толькі гэта. Нельга ігнараваць тыя працэсы ўнутры краіны, якія ўжо сталі ўстойлівымі. Я кажу пра міжрэгіянальнае расслаенне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы сацыяльна-эканамічная сітуацыя на месцах была дасканала вывучана. Вынікі, якія далажылі Прэзідэнту, упэўнілі яго ў неадкладным правядзенні сённяшняга мерапрыемства.

"Краіна, рэгіёны развіваюцца нераўнамерна. А дакладней, развіццё ёсць толькі ў Мінскай і з вялікай нацяжкай у Гродзенскай абласцей. Валавы рэгіянальны прадукт гэтых рэгіёнаў за мінулую пяцігодку і два гады бягучай вырас у Мінскай на 28 працэнтаў і ў Гродзенскай на 13 працэнтаў. Астатнія рэгіёны стагніруюць: за 7 гадоў Брэсцкая вобласць прыбавіла ўсяго каля 5 працэнтаў, Гомель - 3 працэнты, Віцебская - 2 працэнты, а валавы рэгіянальны прадукт Магілёўскай вобласці за 7 гадоў нават скараціўся", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што любая сур'ёзная дыферэнцыяцыя заўсёды прыводзіць да кропак расколу ў грамадстве і маштабных праблем у краіне. "Таму ўраду і аблвыканкамам пастаўлена задача: жыццё нашых людзей павінна быць аднолькава камфортным у любым горадзе і раёне. Жаданне нармальна жыць і гадаваць дзяцей, магчымасць працаваць, з цікавасцю і з карысцю патраціць заробленае павінны быць у любым кутку нашай краіны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аснова гэтага - перш за ўсё стварэнне новых прадпрыемстваў, - сказаў Прэзідэнт. "У гэтых мэтах наша небагатая дзяржава па крупінках збірае грошы і накіроўвае іх у інвестыцыйныя праекты. Таму прэм'ер-міністр сёння даложыць аб іх рэалізацыі, якія перспектывы і як яны паўплываюць на развіццё рэгіёнаў", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт крытыкуе ўрад за недастатковую работу па стварэнні высокапрадукцыйных рабочых месцаў

"Вельмі насцярожвае, што выкананне рашэнняў кіраўніка дзяржавы скажона. Маё патрабаванне заключаецца ў тым, каб ствараць высокапрадукцыйныя рабочыя месцы. Яны і ёсць аснова росту, на іх можна зарабляць добрыя грошы, а не проста выплачваць зарплату, як гэта было ў снежні, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я не ўнікаў, як урад арганізаваў выкананне майго даручэння, але вынікі нікуды не вартыя".

Прэзідэнт канстатаваў, што высокапрадукцыйных рабочых месцаў - прыкладна 5 працэнтаў ад створаных.

"А на ўзроўні райвыканкамаў, адміністрацый гарадоў, як мне далажылі, словы "высокапрадукцыйныя рабочыя месцы" нават і не чулі. Там бачаць задачу "галоўнае - трымаць і не звальняць". Не звальняць, гэта таксама важна, чалавек павінен мець месца работы", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў канцы мінулага года правялі вялікі форум па бізнесу, прыняты пакет рашэнняў, у тым ліку стымулюючых занятасць. "Але ўжо праз два месяцы нейкія разумнікі ва ўрадзе пачынаюць дадумваць. Яны самі вырашылі, што калі чалавек у сябе займаецца нейкай прасцейшай формай самазанятасці, то паслугі ЖКГ яму трэба прад'яўляць по поўным кошце. Як вы разумееце, пайшлі скаргі наконт гэтага, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта наўмысны сабатаж рашэнняў Прэзідэнта або недастатковае разуменне?"

На думку кіраўніка дзяржавы, усё гэта не лепшым чынам характарызуе эфектыўнасць работы ўрада па эканамічнай праблематыцы.

Аб недапушчальнасці перакладвання на бюджэт крэдытаў рэальнага сектара эканомікі

"На пэўныя станоўчыя вынікі, якія дасягнуты ў 2017 годзе, я гляджу, мякка кажучы, стрымана, таму што бачу іх рэальную цану, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - ВУП вырас, але не кампенсавана падзенне нават аднаго 2016 года. Яшчэ трэба карабкацца ўверх на 4 працэнты, каб выйсці хаця б на значэнні 2014 года".

Пры гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што дзяржаўны доўг расце хутчэй, чым эканоміка. "Пагасілі $2,3 млрд, а ўзялі амаль $3,5 млрд", - заўважыў ён.

"Закрэдытаванасць рэальнага сектара расце. Барані вас бог нават думаць аб тым, каб перакласці гэта на бюджэт. А то я часта стаў чуць размовы аб "фіскальных рызыках". Калі гэта вы мяне плаўна рыхтуеце да таго, каб за кошт урачоў і настаўнікаў аплаціць безгаспадарчасць прадпрыемстваў, то лепш цяпер адкрыта скажыце аб гэтым і ідзіце дамоў адпачываць. Прадпрыемствы самі павінны зарабляць грошы і плаціць падаткі ў бюджэт", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Трэба перасягнуць узровень сярэдняй зарплаты ў памеры Br1 тыс.

"Я ведаю, што стаіць за гістарычна нізкім узроўнем інфляцыі і амаль тысячай рублёў у снежні. Вы ж літаральна выціснулі з прадпрыемстваў гэту сярэднюю тысячу ў канцы года. Але дзве трэці насельніцтва практычна гэтай зарплаты не бачылі. У палавіны - ніжэйшая за шэсцьсот пяцьдзясят рублёў. А 10 працэнтаў насельніцтва краіны змаглі зарабіць не больш за трыста рублёў. Гэта жыхары ў раёнах, дзе альтэрнатывы ў плане працаўладкавання няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што пакуль не бачыў графіка росту зарплаты на 2018 год.

"Паводле маёй інфармацыі, дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе заработнай платы на ўзроўні тысячы рублёў не пацвярджае ніводная з абласцей. Гэта таксама сведчыць аб тым, што вы пакуль не здольны яе забяспечыць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў губернатарам і прэм'ер-міністру, што неабходна быць бліжэй да праблем людзей. Патрабаванне Прэзідэнта ў плане павышэння зарплаты застаецца нязменным. "Я папярэдзіў ужо. Разумею, што ў снежні выйшлі прыкладна на тысячу рублёў. У студзені зарплата ўпала, зразумела, прагулялі паўмесяца практычна, адпачывалі, Новы год святкавалі. Люты - кароткі месяц. Але да канца першага квартала ваша задача - аднавіць тысячу рублёў, а на працягу года - перасягнуць гэты паказчык", - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, павялічыць гэты паказчык трэба за кошт павышэння для катэгорыі работнікаў з нізкай зарплатай. Размова ідзе, у прыватнасці, аб настаўніках, урачах, работніках дзіцячых садоў, а таксама сацыяльнай сферы і галіне культуры.

Рост цэн - праблема нумар адзін для насельніцтва

"Людзям усё роўна, якая ў нас у краіне сярэдняя інфляцыя. Яны робяць вывады па цэнах на тавары, якія купляюць кожны дзень. А там рост як мінімум на 8-10 працэнтаў за год. А калі паслугі сюды дабавіць, то і большы, а не 4,5 працэнта або 6 працэнтаў. Таму рост цэн для насельніцтва па-ранейшаму з'яўляецца праблемай нумар адзін. Маё патрабаванне да кіраўніка Нацбанка, як і 4 месяцы таму, - скарачэнне інфляцыйных чаканняў", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб у ходзе сённяшняй справаздачы была дадзена аб'ектыўная ацэнка таму, як завершаны 2017 год, зыходзячы з сутнасці яго патрабаванняў. Паводле слоў Прэзідэнта, патрэбна не проста статыстыка, неабходны аналіз сітуацыі і вывады аб праблемах, якія перашкаджаюць рухацца наперад. Ён падкрэсліў, што хацеў бы пачуць выразную праграму далейшых дзеянняў урада і Нацыянальнага банка па вырашэнні пастаўленых задач і ўзнятых пытанняў.

Прэзідэнт чакае ад урада новага стылю работы і ўстаранення раз'яднанасці

"Вельмі насцярожвае стыль і метады работы дзеючага ўрада. Атрымалі ў спадчыну практычна ўсе недахопы мінулага, а лепшае не ўзялі. Ваша мадэль паводзін ніяк не адпавядае матрыцы задач вертыкалі ўлады і мэтам пяцігодкі. Усе даручэнні ключавым службовым асобам вертыкалі ўлады кожны з вас павінен няўхільна выконваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўсе органы ўлады павінны глыбока разумець важнасць узгодненых дзеянняў пры вырашэнні пастаўленых перад краінай задач. "Вышэйшыя службовыя асобы нясуць большую, чым члены ўрада, адказнасць за сітуацыю ў краіне, тое ж самае і знізу - губернатары. Таму давайце будзем дзейнічаць у адной увязцы для таго, каб краіна развівалася, а не глядзець скоса на ўрад, - заклікаў Прэзідэнт. - Раз'яднанасці пры выкананні задач, якія перад намі стаяць, быць не павінна".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў кардынальнага паляпшэння якасці дзяржаўнага кіравання. "Беларуская эканоміка заўсёды працавала і будзе працаваць у няпростых, цяжкіх умовах. Нам няма чым з вамі падстрахавацца. Абвастрэнне пратэкцыянізму, грубае парушэнне міжнародных правіл гандлю, барацьба за доступ да тэхналогій, рэсурсаў, рынкаў збыту - гэта новая рэальнасць і тыя ўмовы, у якіх нам трэба будзе жыць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што свет усё больш становіцца нацыяналістычным і кожная краіна хоча выжыць сама па сабе. "А значыць, ва ўсіх планах з гэтага і зыходзьце", - запатрабаваў ён.

Неабходна дасягнуць у наступнай пяцігодцы ВУП $100 млрд

"У наступнай пяцігодцы нам кроў з носа трэба дасягнуць планкі ВУП $100 млрд. Толькі гэта дасць магчымасць мець зарплату $1 тыс. і не скаціцца ў пастку беднасці. Таму сённяшнія настроі "хоць бы дажыць да 2025 года" - недапушчальныя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль з актываў ва ўрада - ВУП $54 млрд, хоць у мінулай пяцігодцы было $67 млрд, нагадаў Прэзідэнт. Экспарт - $36 млрд, а сярэднегадавы ў мінулай пяцігодцы - амаль $45 млрд.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што асновай росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2017 годзе былі не ўнутраныя фактары. "Гэта трэба прызнаць", - сказаў ён. У той жа час, дадаў Аляксандр Лукашэнка, добра, што ўрад змог скарыстацца і спрыяльнымі знешнімі ўмовамі.

Развітыя краіны ў 2017 годзе раслі на 2,3 працэнта, краіны, якія сталі на шлях развіцця, - на 4,5 працэнта. "Мы ж пакуль проста вяла паўзём услед. У іх што, не было крызісу? Быў. У нас хоць хто-небудзь укараніў дзе-небудзь інавацыйныя тэхналогіі? Сталі масава выпускаць прадукцыю з больш высокай дабаўленай вартасцю? Прадукцыйнасць працы наблізілася да еўрапейскай? Аб гэтым сёння нават ніхто не згадваў, таму што мы маем бледны выгляд у гэтым", - канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што рэальнага павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў пакуль не адбываецца. Аб прарыўных тэхналогіях, новых вытворчасцях, інавацыйным шляху развіцця гавораць трэцюю пяцігодку. "Але пры гэтым ідзём у Еўропу з таварамі, якія былі вынайдзены яшчэ ў Савецкім Саюзе. Ну, можа, крыху палепшылі іх па якасці, пафарбавалі іншай фарбай. Высокіх тэхналогій няма. Нават у сярэднетэхналагічным сектары працуюць толькі 15 працэнтаў занятых, і толькі 600 тыс. чалавек могуць зарабіць Br1 тыс. і больш", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прадпрыемствы павінны забяспечваць чысты продаж валюты, а не выцягваць яе з краіны

Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму інструментаў фінансавай і грашова-крэдытнай палітыкі. "Нацыянальны банк - гэта заканадаўца работы банкаўскай сістэмы. Больш таго, пры назначэнні кіраўніка Нацбанка Паўла Калаура былі дадзены надзвычайныя паўнамоцтвы. Дзейнічайце. Вы павінны ствараць такія ўмовы, якія спачатку вырашалі б праблемы эканамічнага росту і толькі потым рабілі банкаўскі бізнес прывабным. А пакуль у нас больш выгадна гандляваць грашыма, чым вырабляць прадукцыю. Гэта няправільна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Вы бачыце, што не націскаю на вас па стаўках. Як толькі адчуеце, што можна апусціцца ніжэй за яе, дзейнічайце. Але галоўнае - перад гэтым вы павінны пераканаць усіх у тым, што падтрыманне нізкай інфляцыі з'яўляецца прыярытэтам эканамічнай палітыкі ў бягучым перыядзе і такім застанецца і ў будучым", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Пры гэтым, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, важна дабіцца гэтага не толькі на паперы, але і ў жыцці:

"Ваша задача - каб рост цэн для насельніцтва перастаў быць праблемай нумар адзін. Пакуль інфляцыйныя чаканні насельніцтва высокія. Амаль 90 працэнтаў упэўнены, што тавары і паслугі будуць расці. Гэта ненармальна".

"Мне вельмі не падабаецца, што вы па-свойму інтэрпрэтавалі задачу па золатавалютных рэзервах, абмежаваўшыся шасцю мільярдамі долараў да канца 2018 года. Гэта не так. Магчыма, трэба і больш", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што рост золатавалютных рэзерваў - важная задача, забяспечыць вырашэнне якой трэба, але не толькі за кошт даўгавых грошай.

Выключыць валакіту і бюракратызм у рабоце з інвестарамі

На думку Прэзідэнта, зніжэнне прытоку замежных інвестыцый з 2013 года стала трывожнай тэндэнцыяй. Ён запатрабаваў разабрацца ў прычынах, галоўнай з якіх лічыць непаваротлівасць урада. "Толькі адзін інвестыцыйны дэкрэт нумар 10 вы карэкціруеце больш як год, і прапаноў у мяне да гэтага часу няма. Работа ідзе вельмі марудна. Казахстан, напрыклад, у аб'ёмах прыцягнення капіталу абганяе нас мінімум у пяць разоў", - звярнуў увагу ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што працэс інвесціравання павінен быць пастаянным, каб як мінімум захоўваць канкурэнтаздольнасць. "Уся краіна ў нейкіх ільготах. Вы хоць самі ў іх разбіраецеся? Можа, прычына не ў ільготах, а ў тым, як вы працуеце з інвестарам на практыцы, калі ён пачынае сваю дзейнасць?", - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён перакананы, што сёння трэба ў ручным рэжыме ўзаемадзейнічаць з кожным патэнцыяльным інвестарам. "Узровень дыялогу і хуткасць вырашэння пытанняў павінны быць такімі, якія патрэбны дзелавому чалавеку. Ніякай валакіты і бюракратызму", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што за 2017 год аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове скараціўся на $60 млн, або амаль на 5 працэнтаў, і склаў $1,2 млрд. З іх 44 працэнты - рэінвесціраванне. Але і яно зменшылася на $110 млн, або на 17 працэнтаў. "Гэта сведчыць аб тым, што інвестары выводзяць атрыманыя даходы, не бачаць перспектыў або проста нам не давяраюць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Падатковыя работнікі, пажарныя, санстанцыя, энергетыкі, кантралёры і іншыя - яны і не чулі аб тым, што інвестыцыі - адзін з пяці прыярытэтаў у пяцігодцы, - сказаў Прэзідэнт. - Вынікам такой раз'яднанасці сталі накопленыя за тры пяцігоддзі даўгі. Вы лічыце, што на мэты развіцця эканомікі больш выгадна пазычаць? Каму мы даём у такім выпадку зарабіць?"

Паводле яго слоў, ёсць рабочыя групы, планы, нейкія нарады, а рашэнняў і інвестараў - няма. "Я думаю, Васіль Станіслававіч, вашы кампетэнцыі ў гэтай сферы павінны праявіцца, яны вельмі запатрабаваны", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага. Негатыўная тэндэнцыя сведчыць аб сістэмных недапрацоўках у гэтай галіне, рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі