Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 жніўня 2022, 20:00

"Яны ж не ядуць тэтрапак. Людзі ядуць тое, што ў тэтрапаку!" Лукашэнка даў недвухсэнсавае даручэнне кіраўніку Мінсельгасхарча

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе поўнасцю забяспечыць патрэбнасці ўнутранага рынку прадуктаў харчавання ўсімі відамі айчыннай прадукцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета Міністраў аб функцыянаванні эканомікі ва ўмовах санкцый і мерах па іх пераадоленні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік Мінсельгасхарча Ігар Брыло далажыў, што на сённяшні дзень на складах практычна няма ніякіх запасаў, расце экспарт. Што датычыцца ўнутранага рынку, да кожнай вобласці даведзены аб'ёмы, узгоднены пастаўкі, сітуацыя трымаецца на кантролі.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся інфармацыяй наконт таго, што на рынку дэфіцыт па некаторых відах тавару. Міністр прызнаў, што ёсць пэўная праблема з упакоўкай тэтрапак, і пакуль не ўдаецца замясціць гэты сегмент у поўным аб'ёме. "Гэта адзіная праблема", - сказаў ён.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым заўважыў, што людзі павінны атрымаць прадукт, да якога яны прывыклі, няхай і ў іншай упакоўцы: "Яны ж не ядуць тэтрапак. Людзі ж ядуць тое, што ў тэтрапаку. Дык вы выйдзіце і скажыце: "Людзі добрыя, так, пакуль у нас ёсць праблема з гэтым тэтрапакам, купляйце, калі ласка, той жа прадукт, толькі ў пакетах ён будзе". Ігар Брыло ў адказ растлумачыў, што вытворчыя лініі неабходна перабудаваць. "Дык вайна ідзе. Перабудуйце за суткі, за ноч!" - настойліва запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Міністр запэўніў, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб не страціць аб'ём малака ў гандлёвых сетках.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў сваю чаргу адзначыў, што акрамя пытання ўпакоўкі, ёсць яшчэ такі момант, што частка прадукцыі цяпер актыўна ідзе на экспарт, што выгадна прадпрыемствам. Таму цяпер адміністрацыйным шляхам кантралюецца сітуацыя па напаўненні ўнутранага рынку пад поўную патрэбнасць. Асабліва гэта характэрна для горада Мінска, які не мае сваіх сыравінных зон.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што ў АПК дзяржава ўкладвала немалыя сродкі, прадпрыемствы маюць вартасныя перавагі па шэрагу напрамкаў, а таму на фоне дзяржпадтрымкі пытанні забеспячэння ўнутранага рынку павінны быць у ліку прыярытэтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі