Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
31 студзеня 2019, 16:00

Інфармацыйная бяспека Беларусі і работа буйнейшых СМІ абмеркаваны на нарадзе ў Лукашэнкі

31 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Новыя падыходы ў забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі дзяржавы разгледжаны сёння на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хацеў бы абмеркаваць сёння шэраг пытанняў, якія датычацца перш за ўсё інфармацыйнай бяспекі нашай дзяржавы. Тут у нас добры кавалак работы. Не сказаў бы, што мы дасягнулі поспеху ў гэтым плане. Пытанне вельмі сур'ёзнае", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што адпаведнае пытанне закраналася і ў час праведзенай непасрэдна перад нарадай тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "У плане будучай сустрэчы вызначыліся, што мы сур'ёзна абмяркуем гэту праблему ў кантэксце нашых двухбаковых адносін, дзе мы можам папрацаваць разам", - расказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што інфармацыйная бяспека - гэта адзін з сур'ёзных напрамкаў бяспекі краіны ў цэлым. "Павінен сказаць, што яна сёння (вы гэта як ніхто ведаеце) выйшла на пярэдні план у функцыянаванні любой дзяржавы. Скажам адкрыта (не дай бог, вядома): любая халодная або тым больш гарачая вайна ніколі не пачынаецца без інфармацыйнага націску і проціборства. Таму ў больш маштабным, сур'ёзным ключы мы гэту праблему ўсебакова прааналізуем на бліжэйшым пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі. Гэта пытанне нумар адзін, якое мы разгледзім", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Прапагандаваць нам асабліва не трэба. А весці барацьбу за свае прынцыпы, узнімаць імідж нашай краіны - гэта трэба. І процістаяць, асабліва ў СМІ, тым атакам, якія робяцца на Беларусь (а яны часам з розных бакоў робяцца), мы павінны ўмець. І нам трэба ў гэтым плане вызначыцца. Менавіта інфармацыйная бяспека ў кантэксце СМІ, асабліва інтэрнэту, - гэта асноўнае пытанне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што пры гэтым галоўная тэма - эфектыўнасць. "Эфектыўнасць у нас пакуль слабая, асабліва ў проціборстве з рознымі каналамі, старонкамі і сайтамі ў інтэрнэце. Вы бачыце, што сёння робіцца. Мы слаба процідзейнічаем. Але спецыялістаў, прафесіяналаў у нас хоць адбаўляй. Проста не было адпаведнай арганізацыі. Гэта трэба ўмець рабіць", - растлумачыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, таксама наспела пытанне стварэння арганізацыі, якая будзе ацэньваць рэйтынгі СМІ. "Але яе трэба зрабіць такой, каб ёй давяралі людзі і, перш за ўсё, СМІ, якія будуць ацэньвацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін блок пытанняў на нарадзе датычыўся рэкламнага рынку Беларусі. "Трэба паглядзець, як яго можна абараніць, калі ў гэтым ёсць пэўная патрэба. Словам, у якім напрамку, у якім кантэксце мы будзем дзейнічаць у плане рэкламы ў СМІ, каб гэтыя грошы засталіся перш за ўсё ў нас у краіне, у вас - вядучых сродкаў масавай інфармацыі", - адзначыў беларускі лідар.

На нарадзе прысутнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнікі СМІ, эксперты.

Як расказаў па выніках нарады начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі доктар юрыдычных навук Алег Макараў, на нарадзе абмяркоўваліся пытанні павышэння якасці інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці, у тым ліку пытанні інфармацыйнай бяспекі.

Паводле слоў эксперта, інфармацыйная прастора ў сучасным свеце ўшчыльняецца, мае месца процістаянне на ўзроўні сэнсаў. "Вядома, у гэтых умовах неабходна выбудоўваць уласныя сістэмы бяспекі, якія засцерагалі б дзяржаву і грамадзян ад уздзеяння дэструктыўнай і лжывай інфармацыі на ўсіх узроўнях. Як на ўзроўні дзяржавы, так і асобы, розных узроставых груп. Зыходзячы з гэтага, важнейшым пытаннем з'яўляецца аналіз інфармацыйных патокаў, інфармацыйнага поля, для чаго неабходна стварэнне або структураванне інстытутаў, якія маглі б выяўляць і процістаяць такім пагрозам", - сказаў Алег Макараў.

У першую чаргу размова ідзе аб выяўленні і разуменні таго, наколькі небяспечныя тыя ці іншыя інфармацыйныя патокі і ўкіды. "Для гэтага трэба кансалідаваць спецыялістаў. Сёння на нарадзе кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне стварыць спецыяльную навуковую аналітычную структуру, якая магла б якраз такімі пытаннямі і займацца - выяўляць і маніторыць інфармацыйныя патокі, рызыкі, тыя кропкі напружання, на якія неабходна рэагаваць, якія неабходна ўлічваць пры фарміраванні дзяржаўнай палітыкі. І якія неабходна інтэрпрэтаваць для таго, каб разумець, што адбываецца ў знешняй і ўнутранай прасторы", - адзначыў эксперт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі