Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 лютага 2017, 14:23

"Хопіць захапляцца татальным кантролем". За кошт чаго Лукашэнка патрабуе аблягчыць умовы для бізнесу

14 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе перагледзець падыходы дзяржаўных органаў да выканання кантралюючых функцый і выключыць залішнія патрабаванні да бізнесу і суб'ектаў гаспадарання ў цэлым. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе з членамі рабочай групы па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэння залішніх патрабаванняў да бізнесу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Перагледзець падыходы да назначэння праверак

Кіраўнік дзяржавы патрабуе, каб асноўны акцэнт рабіўся на канчатковы вынік, а не на праверку дзеля яе самой. "Працуе прадпрыемства, плаціць падаткі, няма скаргаў - не трэба чапаць людзей, дайце ім магчымасць займацца справай", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка лічыць ненармальнай сітуацыю, калі, напрыклад, працэс вытворчасці харчовай прадукцыі кантралююць і ветэрынары, і санітары, і Дзяржстандарт, і іншыя органы. І пры такім усеагульным кантролі Прэзідэнту часта даводзілася асабіста выяўляць факты вельмі грубых парушэнняў.

Правільная арганізацыя сістэмы кантролю з'яўляецца важнейшым фактарам прыцягнення інвестараў, і сёння само жыццё патрабуе аптымізацыі колькасці правяраючых і перагляду прынцыпаў іх работы.

Прэзідэнт адзначыў, што трэба адзін раз праверыць прадпрыемства, напрыклад, перад адкрыццём, на падставе дакладнага пераліку нарматываў і больш не хадзіць туды з рэвізіямі і праверкамі. "Далей, па законе, адказнасць на кіраўніку, - сказаў ён. - І калі праз грамадства, СМІ паступіла інфармацыя (або аператыўная), але не "дутая", ідзіце і страсяніце так, каб тысячны пачуў, і яму стала дрэнна".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што план правядзення праверак фарміруецца Камітэтам дзяржкантролю на кожны каляндарны год, аднак толькі ў 2016 годзе доля праведзеных па-за планам мерапрыемстваў склала амаль 80 працэнтаў ад агульнай колькасці па краіне. "У сувязі з гэтым нагадаю кіраўнікам, якія давалі такія распараджэнні: калі законы сапраўды не выконваюцца, значыць, вы неэфектыўна займаецеся прафілактыкай іх парушэнняў", - заявіў Прэзідэнт.

Ён запатрабаваў, каб усе пазапланавыя праверкі перасталі быць "пралазам" для кантралюючых структур, здольных паралізаваць фактычна любую арганізацыю. Для гэтага трэба павысіць адказнасць кантралёраў.

Што датычыцца планавых праверак, то яны таксама падлягаюць скарачэнню. Толькі ў мінулым годзе іх праведзена каля пяцідзесяці тысяч. "Іншымі словамі, кожны восьмы суб'ект гаспадарання. Гэта вельмі шмат. Асабліва для нашай кампактнай дзяржавы", - лічыць беларускі лідар.

Рэарганізаваць ведамасны кантроль

У істотнай рэарганізацыі, упэўнены кіраўнік дзяржавы, мае патрэбу ведамасны кантроль, які ў асноўным займаецца праверкамі па даручэннях праваахоўных органаў. "Пры гэтым не зразумела, чым тады ў нас займаюцца самі сілавікі?" - задаў пытанне Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтны прыклад, калі па даручэнні МУС Міністэрства фінансаў занялося рэвізіяй "Белаграсэрвісу". Для гэтага давялося назначыць больш за восемсот сустрэчных праверак сельгаспрадпрыемстваў. На сённяшні дзень з іх праведзена ўжо больш за трыста, і яны не далі ніякага выніку.

"Атрымліваецца, Мінфін вывучае дакументы, а міліцыянеры і следчыя сядзяць і чакаюць, калі ім прынясуць гатовую інфармацыю, - заўважыў Прэзідэнт. - Калі каму-небудзь у сілавых ведамствах трэба праверыць арганізацыю - стварайце аператыўна-следчую групу і працуйце. Пры неабходнасці ўключыце ў яе склад супрацоўніка Мінфіна або іншага органа. Але аднаго-двух, а не ўвесь штат".

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што кантрольныя функцыі не павінны ажыццяўляцца камерцыйнымі арганізацыямі. "Гэта прэрагатыва дзяржавы. Але, відаць, не ўсе гэта разумеюць. Сёння тое ж Міністэрства аховы здароўя пры праверках вытворчасці лякарстваў прыцягвае РУП "Белфармацыя". Але ж гэта не проста камерцыйная арганізацыя. Размова ідзе аб канкурыруючым прадпрыемстве. Як такое разумець?!" - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цэнтральным звяном ва ўсёй сістэме кантрольна-наглядных органаў з'яўляецца КДК. "Яму трэба раз і назаўсёды навесці парадак у гэтай сферы. Пракуратура павінна яму дапамагчы. Але ключавая роля павінна быць за камітэтам. Менавіта на яго абавязаны раўняцца ўсе кантралюючыя органы", - заявіў Прэзідэнт.

Спрасціць патрабаванні да вядзення бізнесу

"Яшчэ адна вялікая і хвалюючая нас тэма - спрашчэнне патрабанняў да вядзення бізнесу. Размова ідзе аб ліцэнзаванні, але ў першую чаргу аб адміністрацыйных працэдурах, якіх у нас сёння занадта шмат - больш за дзевяцьсот", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што для адкрыцця нават невялікага кафэ іх патрабуецца каля дванаццаці. На гэта, па самых сціплых падліках, ідзе паўгода.

"Неабходна перагледзець увесь гэты масіў патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання, якія часам наогул нерэальна выканаць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Агульная колькасць прынятых у краіне тэхнічных актаў - звыш 6,5 тыс. З іх больш як 500 з'яўляюцца абавязковымі. "Некаторыя патрабаванні даходзяць да абсурду, калі затраты на іх выкананне перавышаюць даходы ад самой дзейнасці", - заявіў беларускі лідар.

Аб адсутнасці логікі, або "Не трэба ўскладняць"

Прэзідэнт не бачыць логікі ў некаторых дзеючых нормах. Ён прывёў у прыклад патрабаванне да вышыні памяшканняў аб'ектаў харчавання, дзе ад падлогі да столі яна павінна быць не меншая за тры метры.

"У сучасных гарадскіх збудаваннях гэта тэарэтычна можна выканаць. А як быць з будынкамі мінулых стагоддзяў, дзе менш як тры метры? Атрымліваецца, што ў некаторых з іх нельга будзе адкрыць кафэ і здзівіць іншаземцаў нацыянальнай кухняй у гістарычным антуражы, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы імкнёмся паказаць сваю адкрытасць, гасціннасць. Падпісаны адпаведны ўказ аб адмене віз для прыцягнення замежных гасцей. І ўсё гэта ўпіраецца ў трохметровыя столі".

Яшчэ адзін яркі прыклад: яйкі, мяса і малако нельга захоўваць у адным халадзільніку. "У пераважнай большасці людзей халадзільнік адзін. І нічога, ніхто не атруціўся. Малако сёння ўпакавана як трэба. Яно ніякага ўплыву не аказвае", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Не трэба нічога ўскладняць, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Можа, нехта не ведае, але, каб прыгатаваць простыя дранікі - нашу нацыянальную беларускую страву, рэстаранам трэба мець як мінімум некалькі памяшканняў. Таму яны сёння вымушаны гатаваць дранікі і некаторыя іншыя стравы з замарожаных паўфабрыкатаў замежнай вытворчасці".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт лічыць неабходным дакладна размяжоўваць патрабаванні для заводскай сталовай на сотню чалавек і маленькага кафэ на дзесяць столікаў.

Не абцяжарваць умоўнасцямі малы бізнес

"Давайце будзем не перашкаджаць, а дапамагаць развівацца малому бізнесу. Нельга абцяжарваць яго кучай умоўных, непатрэбных патрабаванняў, кожнае з якіх - гэта зачэпка для кантралёра і падстава пакараць прадпрыемства", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, не заўсёды абгрунтаваныя прэтэнзіі да аграсядзіб. "Навошта перакрываць ім кісларод? Добраўпарадкавалі людзі дамы ў нацыянальным стылі, працуюць, кормяць турыстаў экалагічнымі, натуральнымі прадуктамі - добра. Не трэба нічога тут выдумляць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што частка ўстаноўленых патрабаванняў павінна быць максімальна спрошчана або адменена. "Санітарныя нормы прызначаны ахоўваць здароўе людзей і прадухіляць узнікненне інфекцыйных захворванняў. І не больш таго, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Скажыце, якія адносіны да гэтага мае норма аб пэўнай колькасці кручкоў у гардэробнай у сталовых арганізацыях?"

"Усе тэхнічныя нарматыўныя акты павінны прымацца з выкананнем зразумелай, адкрытай працэдуры з далейшым афіцыйным апублікаваннем", - заявіў Прэзідэнт.

Ён прывёў яшчэ адзін прыклад. Так, у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва налічваецца амаль 350 тэхнічных кодэксаў. "Кодэксы ёсць, а будаўніцтва сёння няма. Ці патрэбны яны наогул? Ці актуальныя яны сёння? Аналагічная сітуацыя ў Міністэрства аховы здароўя, МНС, у іншых ведамствах", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Прэзідэнт: трэба дабіцца рэальнага паляпшэння ўмоў для дзелавой актыўнасці ў БеларусіПрэзідэнт: трэба дабіцца рэальнага паляпшэння ўмоў для дзелавой актыўнасці ў Беларусі
"Асноўным вынікам нашай агульнай работы павінна стаць не проста карэкціроўка прававых актаў. Нам неабходна дабіцца рэальнага паляпшэння ўмоў для дзелавой актыўнасці ў Беларусі, якое будзе пацвярджацца станоўчай ацэнкай з боку суб'ектаў гаспадарання", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка прадстаўнікам бізнесу: уносьце канструктыўныя прапановы і нічога не бойцесяЛукашэнка прадстаўнікам бізнесу: уносьце канструктыўныя прапановы і нічога не бойцеся
"Звяртаюся да прадстаўнікоў дзелавых колаў, асабліва тых, якія тут прысутнічаюць. У працэсе работы вам даводзіцца непасрэдна сутыкацца з мноствам абсурдных патрабаванняў і бясконцай чарадой праверак. Я вас заклікаю да максімальна сумленнага і адкрытага дыялогу ў групе", - сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка асабіста зацвердзіць мінімальны набор нарматываў для суб'ектаў гаспадаранняЛукашэнка асабіста зацвердзіць мінімальны набор нарматываў для суб
"Мінімальны набор нарматываў, які сапраўды неабходны для пачатку гаспадарчай дзейнасці і ідзе "ад жыцця", буду зацвярджаць асабіста. Суб'екты гаспадарання павінны дакладна ведаць свае абавязкі і іх аб'ём. І на гэтым кропка! Больш нічога ад іх патрабаваць не смейце!" - заявіў Прэзідэнт.

МАРГ працуе над лібералізацыяй умоў вядзення бізнесу ў грамадскім харчаванні - КалтовічМАРГ працуе над лібералізацыяй умоў вядзення бізнесу ў грамадскім харчаванні - Калтовіч
"Па сутнасці, сённяшняя нарада - адна з частак паслядоўнай работы кіраўніцтва краіны па развіцці рыначнай эканомікі", - заявіў міністр.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі