Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 кастрычніка 2018, 12:35

"Гэта не піяраўшчына" - Лукашэнка растлумачыў патрэбнасць Беларусі ў сучасным айчынным узбраенні

5 кастрычніка, Івацэвіцкі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць у краіне ўласныя новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама асвойваць глыбокую мадэрнізацыю ўжо існуючай. Адпаведныя заявы зроблены на палігоне ў Івацэвіцкім раёне ў ходзе агляду сучасных узораў такой зброі і тэхнікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы тут сабраліся не для таго, каб некаму пагражаць або разгарнуць нейкую піяраўшчыну. Гэта наша звычайнае жыццё", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за апошнія гады ў незалежнай Беларусі давялося некалькі разоў мадэрнізаваць і прыстасоўваць Узброеныя Сілы да сучасных умоў. Таксама быў улічаны вопыт войнаў і лакальных канфліктаў у свеце, развіццё тэхнічных сродкаў.

"Па-мойму, мы ўжо чацвёрты раз спрабуем мадэрнізаваць у цэлым свае Узброеныя Сілы - усе, не толькі армію", - сказаў Прэзідэнт.

На першым этапе трэба было вызначацца ў тым ліку з колькасцю арміі ў такой кампактнай краіне, як Беларусь. Тады было прынята рашэнне, што неабходна армія не 250-300 тыс. чалавек, а крыху менш як 100 тыс. "Мы былі вымушаны спакойна скарачаць Узброеныя Сілы. Тады не стаяла пытанне аб тым, што мы будзем нешта мадэрнізаваць, ствараць новае. Тады стаяла пытанне, як захаваць тое, што засталося ад СССР. І многія памятаюць, што нашы дамарослыя, якія цяпер нібыта хочуць быць на чале ўлады, пачалі рэзаць усё. Немцам прадавалі парэзаную, падрыхтаваную бранятэхніку для таго, каб там маглі пераплавіць і зрабіць у НАТА сваю зброю. Гэта было маё першае рашэнне - калі гэты разбой быў спынены, - дадаў Прэзідэнт. - Гэта быў першы крок незалежнай суверэннай арміі".

Паводле яго слоў, далей пачаліся войны, у тым ліку на Блізкім Усходзе. У Беларусі на гэтым фоне былі створаны навукова-даследчыя групы, якія вывучалі вопыт сучаснай вайны, каб зразумець яе асаблівасці. "І нам трэба было, рэфармуючы ўжо створаныя Узброеныя Сілы, на маршы перастройвацца. Але мы ж не будзем ваяваць у пустыні, у нас зусім іншыя ўмовы. Стаяла пытанне, як прыстасаваць армію і ўзбраенне да нашых умоў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Потым былі чарговыя войны. Гэта быў трэці этап. Мы вымушаны былі ствараць сілы спецыяльных аперацый. Мы зразумелі, што фронт на фронт нідзе ваяваць не будуць, патрэбна высокадакладная зброя, спецыяльна падрыхтаваныя сілы, каб абараніць краіну і нанесці праціўніку непапраўны ўрон".

"Цяпер мы бачым, што адбываецца недалёка ад нас, што адбываецца ў Сірыі. Вывучаючы сітуацыю, мы ўжо абсалютна разумеем, якая будзе, не дай бог, вайна, як мы павінны абараняцца, якая колькасць нашых Узброеных Сіл павінна быць. Усё вызначана ад жыцця. І мною была пастаўлена задача, каб мы пачалі распрацоўку новых узораў зброі, патрэбных для абароны Беларусі. І паколькі стварэнне новага вельмі затратна і дорага, нам трэба было са старога зрабіць самае сучаснае, - сказаў Прэзідэнт. - Для нашай Беларусі не танкі галоўнае, не самалёты, а спецыяльныя войскі. Мы павінны ў любой кропцы Беларусі (калі нешта раптам здарыцца) хутка з'явіцца, нанесці ўдар па бандытах і тых, хто адважыцца да нас сунуцца, і пайсці. Гэта значыць, скорасць, манеўранасць. І пад гэтыя войскі - сілы спецыяльных аперацый і іншыя - мы павінны былі ствараць у тым ліку і новую зброю. Але толькі тую, якая патрэбна".

"Нам не патрэбны авіяносцы, мы не будзем весці свае самалёты да чужых берагоў. Мы не збіраемся ваяваць за краем свету. Нам трэба абараніць Беларусь. І пад гэта трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць менавіта айчыннае ўзбраенне. "Не факт, што нам дапамогуць, калі раптам нешта здарыцца. Прыкладаў дастаткова. Мы бачым паводзіны некаторых тут саюзнікаў. Ну, акрамя Расіі, напэўна, нам разлічваць няма на каго. І нават на Расію мы не можам на 100 працэнтаў спадзявацца. Добра, сёння Пуцін і іншыя, ён разумее нас, я разумею яго. Мы разам неяк дзейнічаем (і тое не заўсёды). А што будзе заўтра? Таму трэба мець самую неабходную сваю зброю - стралковую, для мабільных войскаў тэхніку - тое, што мы можам ствараць. І мадэрнізаваць да сучаснага ўзроўню тую тэхніку, якая ў нас ёсць", - сказаў Прэзідэнт.

"Самалёт для нас ужо не зброя. Любы самалёт на ўзлёце бачаць натаўцы. Паразіць сёння самалёт, знішчыць ніякіх праблем няма. Яны могуць, і мы можам. Мы бачым за тысячу кіламетраў любы самалёт, які паднімаецца на аэрадроме. 50 мільёнаў (размова пра кошт. - Заўвага БЕЛТА) адзін самалёт. Ракета С-300, і яго няма", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш ён адзначыў, што авіяцыя патрэбна для кантролю паветранай прасторы, своечасовага рэагавання. "Патрэбны беспілотныя лятальныя апараты, высокадакладная зброя (мы яе стварылі - сваю ракету). Калі некаму захочацца з намі паваяваць, ён падумае, што ў акно атрымае гэту ракету. Ну і сілы спецыяльных аперацый трэба аснасціць так, каб яны маглі ваяваць на сваёй тэрыторыі. І калі хтосьці адважыцца, значыць (мы не ўтойваем гэта), дыверсійныя групы нанясуць удар і на той тэрыторыі, з якой пойдзе нападзенне на Беларусь", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго даручэнні па стварэнні новых узораў узбраення выконваюцца, і некалькі месяцаў таму было прынята рашэнне пасля мерапрыемстваў, звязаных з эканомікай краіны, завяршэння сельгасработ, азнаёміцца з сучаснымі айчыннымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ваенныя людзі нават у мірны час кожны дзень павінны быць гатовы да вайны. "А паколькі мы не ваюем і ваяваць недзе штучна не збіраемся, трэба вучыцца тут. Паколькі будзем ствараць узбраенні, усё ў нас будзе, а людзі ваяваць не навучацца. Вось сутнасць сённяшняга мерапрыемства, - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. - Таму давайце паглядзім, пачынаючы з мадэрнізацыі і заканчваючы маім даручэннем, што мы павінны стварыць не толькі беспілотныя лятальныя апараты-разведчыкі, а мы павінны стварыць ударныя БПЛА".

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб баявых магчымасцях і асноўных тактыка-тэхнічных характарыстыках прадстаўленых узораў. Адбыўся таксама практычны паказ баявых магчымасцей узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.-0-

Фота Максіма Гучака

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі