Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 жніўня 2018, 13:51

"Двойка з мінусам" - Лукашэнка строга раскрытыкаваў якасць работы па развіцці Аршанскага інструментальнага завода

13 жніўня, Орша /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка строга раскрытыкаваў якасць работы мясцовых органаў улады і кіраўніцтва прамысловай галіны па развіцці Аршанскага інструментальнага завода. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння, наведваючы гэта прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Тое, што пастаўленыя задачы не выконваюцца належным чынам, Прэзідэнт убачыў, яшчэ толькі пад'язджаючы да завода. Ён звярнуў увагу, што нават спробы навесці парадак на тэрыторыі не прынеслі належнага выніку. Усё было зроблена ў спешцы і няякасна. "Не любіце вы людзей, не любіце вы завод. Калі ўжо робіце тут нейкую паказуху, зрабіце бардзюр, навошта ў траву класці асфальт. Гэта што, культура? Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ - за вашыя бязладнасць і непарадак", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У гэтым жа ключы размова ішла і пасля наведвання прадпрыемства. Прэзідэнт застаўся вельмі незадаволены ўбачаным. "Хутчэй за ўсё, міністра (міністра прамысловасці Віталя Воўка. - Заўвага БЕЛТА) сюды накіруем да цябе працаваць. У яго выбар адзін: або турма, або сюды, - публічна аб гэтым кажу. Пакуль двойка з мінусам і да цябе прэтэнзій шмат. Ніколі не займайся ашуканствам. Ты - малады кіраўнік. Ты тут галоўны. Не дай бог, я перад новым годам прыеду, і маё вока зачэпіцца за што-небудзь. Ты ведаеш, што будзе", - папярэдзіў Прэзідэнт, звяртаючыся да дырэктара завода Уладзіслава Бардзюкова.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму так важна аднавіць эфектыўную работу прадпрыемства. Гэта звязана з тым, што ў эканоміцы краіны шмат прадпрыемстваў апрацоўчай і перапрацоўчай накіраванасці, і на кожным ёсць патрэбнасць у тых ці іншых інструментах, пачынаючы ад буйных вытворчасцей, накшталт "Гомсельмаша", і заканчваючы невялікімі сельгаспрадпрыемствамі. "Я за яго не чапляўся б, калі б нам гэты прадукт не быў патрэбны, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму інструментальны завод трэба аднавіць на самым высокім узроўні, каб "Гомсельмаш", МТЗ, МАЗ і ўсе іншыя прадпрыемствы, нават перапрацоўкі і сельскай гаспадаркі, атрымалі добры інструмент. Вось чаму я чапляюся за гэты завод".

"Пакуль гэта ідыёцкае стаўленне да майго даручэння. Але я ведаю, што рабіць. Улады ў мяне хопіць. А міністра прамысловасці з заўтрашняга дня сюды, і няхай пачынае працаваць. На якой пасадзе - вызначы", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання прадпрыемства далажылі аб фінансава-эканамічным стане завода, перспектывах развіцця і прымаемых мерах па вывядзенні на ўстойлівую работу. Пэўныя намаганні ў гэтым напрамку прыкладзены і ёсць пазітыўныя зрухі, аднак Аляксандр Лукашэнка выказаўся са строгай крытыкай наконт таго, што ўсё робіцца вельмі марудна, з парушэннем абазначаных тэрмінаў і без гаспадарчага падыходу пры выкарыстанні маёмасці прадпрыемства і вытворчых памяшканняў. Большая частка з іх утрымліваецца ў абсалютна непрыглядным выглядзе, месцамі працякае дах. "Хіба гэта рабочыя месцы?! Турма нейкая! Катаржныя людзі працуюць за 200 долараў у месяц!" - абурыўся кіраўнік дзяржавы ўмовамі працы рабочых.

Незадаволены Прэзідэнт і аператыўнасцю вырашэння пытанняў па закупцы новага абсталявання. Яно вельмі неабходна для выканання прадпрыемствам больш складаных, а адпаведна і больш прыбытковых заказаў, у той час як цяпер даводзіцца працаваць на станках, якім не адзін дзясятак гадоў. Кіраўніцтва прадпрыемства правяло шэраг працэдур па арганізацыі закупкі, аднак практычных вынікаў пакуль няма. У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тут жа ў Аршанскім раёне ёсць станказавод "Чырвоны барацьбіт", кіраўнік якога Аляксандр Шульгін таксама прысутнічаў на мерапрыемстве. Ён пацвердзіў здольнасць свайго прадпрыемства аператыўна паставіць большасць неабходнага абсталявання. "Вы ведалі строгае патрабаванне Прэзідэнта. Чаму не сказалі, што не патрэбны ніякі імпарт, ніякія конкурсы, у нас "Чырвоны барацьбіт" тут робіць", - адрасаваў Аляксандр Лукашэнка пытанне адказным чыноўнікам.

Ён даручыў арганізаваць прамыя закупкі неабходнага абсталявання як у названага прадпрыемства, так і іншых айчынных вытворцаў, а закупіць па імпарце толькі тое, што яны не змогуць паставіць. "З сённяшняга дня пачынай сюды пастаўку станкоў. Пад тую рэнтабельнасць, якая ў цябе ёсць. Забірайце гэтыя лоты і заказы і пачынайце па існуючых цэнах пастаўляць станкі", - распарадзіўся беларускі лідар, звяртаючыся да дырэктара "Чырвонага барацьбіта".

Прэзідэнт таксама запатрабаваў у сціслыя тэрміны навесці парадак як унутры невыкарыстоўваемых цэхаў, так і на тэрыторыі завода, адрамантаваць дах, падумаць, як эфектыўна выкарыстоўваць пакуль не задзейнічаныя ў вытворчасці памяшканні. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што ўсё гэта неабходна рабіць якасна і па-гаспадарску, арыентуючыся на перспектыву і не займаючыся паказухай.

Аршанскі інструментальны завод спецыялізуецца на выпуску рэжучага, дапаможнага і вымяральнага інструменту, арыентуючыся на аснашчэнне машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Цяпер тут рэалізуецца інвестыцыйны праект па арганізацыі вытворчасці сучаснага металарэжучага і дапаможнага інструменту з укараненнем інавацыйных тэхналагічных працэсаў. Першы этап мадэрнізацыі завода плануецца завяршыць да другога квартала 2019 года. Чакаецца, што выпуск прадукцыі будзе павялічаны да Br1 млн. Усяго пасля мадэрнізацыі будзе асвоена і пастаўлена на серыйную вытворчасць не менш як 200 найменняў новых відаў рэжучага і дапаможнага інструменту павышанай дакладнасці і прадукцыйнасці. У выніку плануецца штомесяц выпускаць прадукцыі на суму да Br3 млн да 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі