Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 мая 2018, 12:36

Для Беларусі адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны - Лукашэнка

24 мая, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Для Беларусі адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на міжнароднай экспертнай канферэнцыі "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для Беларусі адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны. Гэты кампанент павінен быць пакладзены ў аснову ўсяго. Будзе развівацца эканоміка ў дзяржавах, будуць мець людзі рабочае месца, а значыць, і хоць нейкія даходы для таго, каб задаволіць свае патрэбнасці і сваёй сям'і, - будзе мір. Гэты падыход мы мэтанакіравана падтрымліваем на ўсіх узроўнях, уключаючы АБСЕ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што для забеспячэння неканфрантацыйнага і ўстойлівага развіцця рэгіёна на фоне ўзрастаючага геапалітычнага процістаяння многія дзяржавы недаацэньваюць рэалізацыю шматузроўневых інтэграцыйных праектаў.

"Знаходзячыся на стыку Еўразійскага і Еўрапейскага саюзаў, Беларусь асабліва зацікаўлена ў іх узаемным збліжэнні. Трэба пераходзіць ад абстрактных размоў да канкрэтнага ўзаемадзеяння. Агульных інтарэсаў вельмі шмат: у эканоміцы, энергетыцы, экалогіі, гуманітарным супрацоўніцтве, транспарце, лагістыцы, у барацьбе з нелегальнай міграцыяй, трансгранічнай злачыннасцю, наркаманіяй, гандлем людзьмі і гэтак далей", - прывёў прыклады кіраўнік дзяржавы.

Менавіта праз іх крок за крокам можа выбудоўвацца мадэль збліжэння двух буйнейшых інтэграцыйных утварэнняў і напрацоўвацца ўзаемны давер, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Лічым, што гэта нясе вялізныя выгады для ўсяго кантынента - ад Атлантыкі да Ціхага акіяна", - заўважыў ён.

"Не павінны з'яўляцца новыя раздзяляльныя лініі, а ўрэгуляванне зацяжных канфліктаў можа адбывацца пры дапамозе шматбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Такую логіку неабходна проціпастаўляць тым, хто распаўсюджвае меркаванне, што Захад і Усход не патрэбны адзін аднаму", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што краінам трэба зноў навучыцца слухаць і чуць аргументы адзін аднаго, быць гатовымі да разумных кампрамісаў. "Гавару і аб расійскіх, і аб еўрапейскіх, амерыканскіх, кітайскіх партнёрах. Аб вялікіх і малых краінах, блізкіх і далёкіх суседзях", - дадаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі