Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 красавіка 2016, 12:05

Бяспека з'яўляецца галоўным прыярытэтам пры будаўніцтве Беларускай АЭС - Лукашэнка

19 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Бяспека з'яўляецца галоўным прыярытэтам пры будаўніцтве Беларускай АЭС. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амана, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў вялікае значэнне, якое ў Беларусі надаюць візіту гендырэктара МАГАТЭ, асабліва ў сувязі з развіццём у краіне сферы мірнага атама і будаўніцтва ўласнай АЭС. "Я быў бы вельмі зацікаўлены, каб вы асабіста пабывалі на будоўлі і пераканаліся ў тых прыярытэтах, якіх мы прытрымліваемся пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Гэта перш за ўсё бяспека АЭС. Усе краіны, якія маюць тэхналогіі па будаўніцтве атамных станцый, зрабілі адпаведныя вывады не толькі з вынікаў чарнобыльскай катастрофы, але і ў сувязі з катастрофай на АЭС "Фукусіма". Таму мы прытрымліваемся перш за ўсё гэтага прыярытэту (бяспекі. - Заўвага БЕЛТА) пры будаўніцтве", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што вялікую ўвагу Беларусь удзяляе падрыхтоўцы высокапрафесійнага персаналу для абслугоўвання АЭС. "Мы нямала зрабілі для гэтага. Мы іх навучалі, збіралі па ўсім свеце. Стварылі вельмі сучасны вучэбна-трэніровачны цэнтр. І мы гатовы і далей у самым цесным кантакце працаваць з вашай арганізацыяй, выконваючы ўсе вашы рэкамендацыі", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка гарантаваў і надзейнасць захавання ў Беларусі ядзерных матэрыялаў. "Мы будзем рабіць усё для таго, каб была іх поўная абароненасць, каб некаму нават у галаву не прыйшло, што можна завалодаць такімі ядзернымі матэрыяламі ў мэтах нейкай тэрарыстычнай дзейнасці", - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вы можаце быць абсалютна ўпэўнены ў нашай надзейнасці".

Прэзідэнт таксама ў цэлым выказаў задаволенасць беларускага боку ўзроўнем супрацоўніцтва з МАГАТЭ і асабіста з гендырэктарам агенцтва Юкія Амана. "Мы зробім усё для таго, каб ваша актыўная дзейнасць прадаўжалася на карысць усяго чалавецтва", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі