Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 верасня 2018, 16:25

Беларусь і Узбекістан маюць намер за тры-чатыры гады рэалізаваць назапашаны патэнцыял

13 верасня, Ташкент /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан маюць намер за тры-чатыры гады рэалізаваць назапашаны патэнцыял. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У апошнія гады беларуска-ўзбекскія адносіны выйшлі на якасна новы ўзровень", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што краіны вядуць адкрыты дыялог на аснове разумення, узаемнага даверу і шчырага жадання развіваць усебаковае супрацоўніцтва. Доўгія гады адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам развіваліся вельмі маруднымі тэмпамі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за тры-чатыры гады яны навярстаюць упушчанае.

"Сёння перагаворы прайшлі ў вельмі цёплай, дружалюбнай і брацкай атмасферы. Асноўная ўвага, вядома, была ўдзелена гандлёва-эканамічнаму ўзаемадзеянню, якое апошнім часам, на шчасце, паспяхова пашыраецца", - канстатаваў Прэзідэнт.

Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва павінна стаць пашырэнне вытворчай кааперацыі ў машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, транспартнай і фармацэўтычнай галінах, сферы інфармацыйных тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу кіраўнікам міністэрстваў і буйнейшых прадпрыемстваў знайсці ва Узбекістане для рэалізацыі канкрэтныя праекты. Ён даручыў віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму кантраляваць выкананне гэтага даручэння.

"Калі ўзбекам трэба збожжаўборачны камбайн, зрабіце той, які ім патрэбны. Калі ім патрэбны абаротны плуг, зрабіце яго - менавіта той, які патрэбны ва Узбекістане, а не ў Беларусі, Украіне або Расіі, - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. - Давайце знойдзем сабе работу, гэта ж нам на карысць. Гэта ж не дабрачыннасць: Узбекістан, багатая, а ў перспектыве яшчэ больш багатая краіна, за гэта плаціць грошы. І мы павінны зрабіць так, каб яны сталі яшчэ багацейшымі, каб потым яшчэ больш нам заплацілі".

На перагаворах прэзідэнты таксама абмяняліся меркаваннямі па міжнародным парадку дня, пацвердзілі гатоўнасць і імкненне ўмацоўваць прававую базу ў галіне процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму, разам процістаяць кантрабандзе наркотыкаў і іншым пагрозам. "І калі ў барацьбе з гэтым страшэнным сучасным злом (наркотыкі, тэрарызм, экстрэмізм) трэба будзе дапамагчы Узбекістану ў галіне бяспекі, абароны, ваенна-прамысловага комплексу, мы гатовы гэта зрабіць", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў таксама даручыў свайму ўраду стварыць усе неабходныя ўмовы для беларускіх прадпрыемстваў, каб яны змаглі рэалізаваць праекты на тэрыторыі краіны. "Вы павінны ўсе зразумець, што патрабаванні будуць вельмі жорсткімі. Воля двух прэзідэнтаў такая, што патрэбны канкрэтны вынік", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі