Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 красавіка 2018, 14:20

Беларусь і Сірыя абмеркавалі перспектывы сумеснай рэалізацыі інфраструктурных праектаў

5 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Перспектывы сумеснай рэалізацыі інфраструктурных праектаў абмяркоўваліся ў час сустрэчы 5 красавіка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам па справах палаца Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Мансурам Азамам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы з цеплынёй вітаў сірыйскага госця: "Добра, што вы прыехалі ў Беларусь, для нас гэта вельмі карысна, што называецца, з першых вуснаў даведацца, як жыве сёння паважаны намі сірыйскі народ, Прэзідэнт Сірыі і якая сітуацыя ў краіне".

У сваю чаргу Мансур Азам падкрэсліў, што для яго вялікі гонар сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. "І гэта сведчанне тых цёплых адносін, якія звязваюць прэзідэнтаў дзвюх краін. Я хацеў бы перадаць вам пісьмо ад Башара Асада", - адзначыў міністр. Ён таксама расказаў аб цяперашняй няпростай сітуацыі ў Сірыі і тых вялікіх стратах, у першую чаргу чалавечых, якія панёс сірыйскі народ. У краіне было разбурана каля 70 працэнтаў інфраструктуры, якую цяпер трэба будзе аднаўляць.

У ходзе перагавораў вялікая ўвага была ўдзелена перспектывам мірнага развіцця Сірыі, у тым ліку ўдзелу Беларусі ў эканамічных, інфраструктурных праектах на сірыйскай тэрыторыі. Беларускі вопыт, у тым ліку ўзвядзення сацыяльна значных аб'ектаў, школ, бальніц, дарог, можа спатрэбіцца сірыйскаму боку.

Прэзідэнт Беларусі выказаў гатоўнасць дапамагчы сірыйскаму народу ў мірным будаўніцтве і рэалізацыі сумесных эканамічных і інфраструктурных праектаў. Міністр падкрэсліў, што Сірыя запрашае Беларусь, якая заўсёды падтрымлівала сірыйскі народ, удзельнічаць у аднаўленні краіны.

На сустрэчы вялікая ўвага была ўдзелена гуманітарным праектам, у ліку якіх аздараўленне на працягу апошніх двух гадоў сірыйскіх дзяцей у Беларусі. Акрамя таго, размова ішла аб вучобе сірыйскай моладзі ў беларускіх адукацыйных установах.-0-

Лукашэнка сустрэўся з міністрам па справах палаца Прэзідэнта СірыіЛукашэнка сустрэўся з міністрам па справах палаца Прэзідэнта Сірыі
Аляксандр Лукашэнка і Мансур Азам'
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі