Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 верасня 2018, 09:27

Беларусь і Расія дамовіліся на працягу тыдня выпрацаваць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі

24 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Расія дамовіліся на працягу тыдня выпрацаваць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 верасня на нарадзе ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нямала ўвагі ўдзялілі (на перагаворах у Сочы 21 верасня. - Заўвага БЕЛТА) пытанню развіцця сельскай гаспадаркі і вядомых узаемных прэтэнзій па пастаўках беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расію. Тут ёсць поўнае разуменне. Мы прыйшлі да высновы, што літаральна на працягу тыдня будзе выпрацаваны індыкатыўны баланс, гэта значыць, план узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Гэта галоўнае", - заявіў Прэзідэнт.

Адпаведныя балансы будуць падпісаны або на ўзроўні міністэрстваў, або віцэ-прэм'ераў, якія курыруюць гэты напрамак. "Трэба сказаць, што нашы віцэ-прэм'еры ўжо дзве дарожныя карты распрацавалі па вырашэнні гэтых праблем. Але да ўчарашняга дня, ды і да сённяшняга, гэтыя праблемы ў поўным аб'ёме так і не былі вырашаны", - заўважыў беларускі лідар.

"Мною было пастаўлена пытанне, прытым жорстка, ужо на другім пасяджэнні ў шырокім складзе аб тым, што нам нядобра дзейнічаць такім чынам, як мы цяпер дзейнічаем. Асабліва з боку Расіі. Нешта не спадабалася - закрылі прадпрыемства. І сёння чатыры з паловай дзясяткі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў і, напэўна, два з паловай дзясяткі мясаперапрацоўчых не маюць магчымасці ў поўным аб'ёме пастаўляць сваю прадукцыю на расійскі рынак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Прэзідэнт Расіі мне яшчэ раз гаварыў, што гэта сітуацыя няправільная, непрымальная. І яе трэба выпраўляць. Я думаю, што да канца года гэта сітуацыя будзе кардынальным чынам зменена", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі